Ці сьведчыць зьмякчэньне тону афіцыйных тэлеканалаў пра зьмякчэньне рэжыму?

Аляксандр Класкоўскі, аналітык:
“ЯШЧЭ НЯ ВЕЧАР”
Я думаю, што пра асаблівую лагоднасьць пакуль што казаць дачасна. Разам з тым, сапраўды, на пабытовым узроўні адчуваецца нейкае зьмякчэньне. Дзяржаўныя мэдыі, асабліва электронныя, навучыліся працаваць больш тонка. Яны ствараюць крытычную масу піяру падчас нейкіх важных палітычных кампаніяў, а ў астатні час трошкі саслабляюць гэтае напружаньне й даюць гледачу больш бяздумнай жвачкі, каб сьвядомасьць шараговага выбарца драмала. То бок, робяцца кропкавыя ўпырскваньні патрэбных ударных дозаў падчас выбарчых кампаніяў. У гэтым сэнсе яшчэ ня вечар, так бы мовіць. Яшчэ будуць запатрабаваныя й старыя прыёмы, і старыя “асы”. Разам з тым, пэўная эвалюцыя ў асэнсаваньні рэальнасьці назіраецца і ў кіроўных вярхах. Ня тое, што яны блізка да сэрца прынялі ідэалы дэмакратыі, плюралізму й гэтак далей. Аднак, Расея націскае. І ў гэтых умовах трэба думаць, хаця б, як імітаваць пэўныя зрухі, хаця б мікраскапічныя. Дарэчы, раней таксама былі выпадкі, калі каго-кольвек запрашалі на БТ – з палітолягаў, эканамістаў, палітыкаў нават. Калі падводзіць рысу, дык, па-першае, сталі працаваць танчэй. Ударныя дозы даюць толькі ў адказныя пэрыяды. Другі момант – гэта гульня з Захадам ды імітацыя адлігі.

Алена, выкладчыца:
“УСЕ СТОГНУЦЬ АД ГЭТАГА ІДЫЯТЫЗМУ”
Памякчэньне? Якое памякчэньне?! Усе стогнуць ад гэтага ідыятызму. Мяне, акрамя спэцыяльных дысцыплінаў, днямі абавязалі падрыхтаваць і прачытаць на палітінфармацыі лекцыю. Ведаеце, як называецца тэма? “Савет Рэспублікі ў сьвятле дзяржаўнай ідэалёгіі Рэспублікі Беларусь”. Вы ведаеце, што гэта такое? І я ня ведаю. Але падрыхтую і прачытаю. Бо кантракт. Памякчэньне!..

Алесь Пушкін, мастак:
“ЯНЫ НАС НЕ ЗАЎВАЖАЮЦЬ”
Ніякага памякчэньня няма. Бо, па сутнасьці сваёй, усё застаецца каляніяльным. Няма беларусізацыі БТ. Самая галоўная наша праблема – гэта нацыянальная культура. Сёньня палітыка дзяржавы – гэта затыканьне дзюркі ў плаціне. Каб не прарвала. Ну паказалі незалежны літаратурны часопіс “Дзеяслоў” на ОНТ. Але там жа дэкан пэдунівэрсытэту Казлоўская кажа, што “мы іх не заўважаем”. А на астатніх каналах культуры ўвогуле няма.

Валянцін, настаўнік:
“МОЖА, ДА ІХ ДАЙШЛО?”
Я заўсёды зьдзіўляўся – навошта Лукашэнку лішні скандал там, дзе ён і не апраўданы, і ня выгадны? Навошта ваяваць з культурай, мовай ці гісторыяй, калі людзей, неабыякавых да культуры, можна пераманіць на свой бок? Можа, нарэшце, дайшло?

Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў:
“СУР’ЁЗЫХ ЗЬМЕНАЎ ЧАКАЦЬ НЕ ДАВОДЗІЦЦА”
Па-першае, ёсьць такая прымаўка: “Ня слухай, што твой апанэнт гаворыць, а глядзі, што ён робіць”. Можа, мы ад вялікага жаданьня перамен хочам бачыць на тэлеэкранах нейкае паляпшэньне? Але самыя прынцыповыя нашы праблемы застаюцца ранейшымі. І з поўнай адказнасьцю магу сьведчыць, што сёньня адмовіцца ад татальнага кантролю за інфармацыйнай прасторай улада ўжо проста ня ў стане. Яна ня ў стане адрэгуляваць узаемаадносіны з прэсай. Пацьверджаньне гэтаму – рашэньне, якое вынес суд супраць газэты “Народная воля” й журналісткі Марыны Коктыш. Задаволеная скарга спадара Праляскоўскага, галоўнага ідэоляга ў адміністрацыі аб выплаце шматмільённага штрафу. А факты паляваньня на журналістаў, якія робяць матэрыялы для замежных СМІ? А законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”? Зараз дзейнічае група па дапрацоўцы гэтага законапраекту, але на сёньняшні дзень абсалютна зразумела, што нічога добрага чакаць не выпадае. Такім чынам, пакуль у нашай краіне ня будзе разблякаваньня СМІ, пакуль у нас ня будзе пашыраная сфэра публічнасьці, і пакуль, урэшце, ня будзе вырашана звышзадача для нашага грамадзтва – аддзяленьне прэсы ад улады, нейкіх сур’ёзных зьменаў чакаць проста не даводзіцца.

Марына Коктыш, журналістка:
“НА БТ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫЎНАЙ ДУМКІ”
На мой погляд, не. Бо на БТ дагэтуль не прадстаўлена ніводнага альтэрнатыўнага меркаваньня. На БТ не запрашаюцца прадстаўнікі апазыцыі, незалежныя журналісты, прадстаўнікі грамадзкасьці. І Беларускае тэлебачаньне хоць і робіць выгляд, што яно павярнулася да грамадзкасьці крыху іншым бокам, у нас няма тэлебачаньня, якое робіць іншыя сюжэты, акрамя тых, што замаўляе ўлада.

Алесь Бяляцкі, праваабаронца:
“ЧАС ЯШЧЭ НЕ САСЬПЕЎ ДЛЯ СУР’ЁЗНЫХ ЗРУХАЎ”
Адчуваецца нейкая неразьбярыха, што пачалася ў іхных галовах. Мы ня першы раз заўважаем падобныя хістаньні. Вясною, падчас перамоваў наконт прэфэрэнцыяў Эўразьвязу для Беларусі, былі выпушчаны некаторыя палітзьняволеныя, былі вынесеныя дастаткова мяккія, як для нашай улады, прысуды маладафронтаўцам. А потым гэта хутка скончылася, калі іхныя спадзяваньні на ЭЗ не апраўдаліся. Цяпер, наколькі мы ведаем, ужо неаднаразова Лукашэнка даваў каманду сваім чыноўнікам наладжваць кантакты з Захадам. І ў той жа час, я ўпэўнены, дадзена каманда не выпускаць лейцы са сваіх рук. Таму, адной рукой яны лашчаць па галоўцы, а другой працягваюць тыя справы, якія рабілі раней. Дастаткова ўзгадаць узбуджэньне новых крымінальных справаў супраць “маладафронтаўцаў” у Гомельскай вобласьці, нядаўняе затрыманьне Івашкевіча й Ухналёва, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” ў Менску, прызначанага на 14-га кастрычніка. Так што, усе гэтыя паслабленьні паказваюць пэўную разгубленасьць. Палітычную, геапалітычную, культурную разгубленасьць, страту пэўнай арыентацыі сёньняшніх уладаў. Але я, тым ня менш, ня веру ў нейкія сур’ёзныя зрухі ў гэтым накірунку, бо час яшчэ не сасьпеў для кардынальных зьменаў у нашай сытуацыі. Але хутка сасьпее.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ПРЫМАЮЧЫ ЗАПРАШЭНЬНІ НА БТ, МЫ ЎМАЦОЎВАЕМ РЭЖЫМ”
Я ня бачу тут ніякага змякчэньня рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў. І гэтаму ёсьць два тлумачэньні. Першае – лякальнае. Магчыма, праз такія працэдуры ўлада дае больш выразна зразумець расейскім уладам, што, калі яны ў нафта-газавых перамовах будуць надалей сябе дрэнна паводзіць, дык мы на поўную катушку вызвалім тыя сілы, якія імкнуцца да інтэграцыі ў Эўропу. І пакрысе ці радыкальна зьменім прарасейскі вэктар на празаходні. Рэальна пра гэта ўлада наўрад ці думае, але ў якасьці шантажу яна гэта выкарыстоўвае. Другі момант, які мне бачыцца, больш істотны. Магчыма, улада мяняе сам прынцып стасункаў з тымі слаямі грамадзтва, якія схільныя да дэмакратычных каштоўнасьцяў. І вось, калі гэта сапраўды пачатак іншага падыходу, дык само па сабе гэта, можа, і няблага. Таму што раней тэндэнцыя была зусім іншая: зьнішчыць усё. Цалкам зачысьціць поле ад тых, хто хоча свабоды й дэмакратыі. Пакінуўшы толькі пару-тройку палітычных структураў дзеля вітрыны. Пакінуць некалькі няшчасных выданьняў, стварыўшы ім умовы поўнага разрыву з шырокім колам чытачоў. Усё да гэтага йшло, і пытаньне стаяла толькі пра тое, ці будзе зроблены апошні крок, каб увогуле зачысьціць усё, а незадаволеных засунуць у чыстае дысыдэнцтва, якое пазбаўлена хоць якіх структур і сродкаў. Зараз пачынае вызначацца трохі іншая тэндэнцыя. Ці стане яна галоўнай у падыходзе ўлады да апанэнтаў, пакажа час. Пакуль гэта першыя прыкметы. Але гэта абсалютна не азначае зьмякчэньня рэпрэсіўных акцыяў рэжыму. Больш за тое, рэжым, робячы гэтыя паслабленьні, сваю рэпрэсіўную сілу толькі нарошчвае. Але ўжо не татальна на ўсё поле, а на тыя кропкі, якія ўяўляюць для яго рэальную небясьпеку. Мы зараз заўважаем другі бок гэтага працэсу – шалёныя рэпрэсіі супраць маладзёвых ініцыятываў. Таму што ўлада не выключае, што маладзёвы супраціў можа паўтарыць нешта кшталту Плошчы. Улада ня спыніць рэпрэсіяў супраць таго ж Казуліна, пакуль той ня дасьць знаку, што ён ня будзе ні на што прэтэндаваць. Улада ніколі не зарэгіструе рух “За Свабоду” Мілінкевіча. Паўсюль, дзе будзе патыхаць хоць якой ініцыятывай, што накіраваная на зьмену ўлады, рэпрэсіі будуць імгненныя. І разам з тым, улада будзе прыкладаць намаганьні, каб заваяваць сымпатыі ня толькі сярод свайго традыцыйнага электарату. Варта памятаць, што, прымаючы запрашэньне на БТ, мы гэтым самым умацоўваем рэжым.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.