ТАКІЯ РОЗНЫЯ ВЫБАРЫ

Тры сьветы – тры лады жыцьця

На гэтым тыдні з розных прычынаў у цэнтры ўвагі СМІ апынуліся найвышэйшыя заканадаўчыя органы трох краінаў – Украіны, Расеі й Беларусі. Перафразуючы савецкіх палітычных аглядальнікаў, можна сказаць: тры сьветы – тры лады жыцьця.

Найцікавейшая інтрыга разгарнулася ва Ўкраіне, дзе праходзілі датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Барацьба там была жорсткай, а вынік застаецца непрадказальным. Насуперак шматлікім прагнозам (у тым ліку, вынікам шэрагу сацыялягічных апытаньняў) найбольшага посьпеху на выбарах у Вярхоўную Раду дамагліся “аранжавыя” – найперш Блёк Юліі Цімашэнкі, які здолеў дасягнуць значна лепшага выніку, чым у папярэдняй кампаніі.

Хаця Партыя рэгіёнаў і заняла першае месца, аднак Віктар Януковіч фактычна прайграў і можа страціць пасаду прэм’ера. Бо нават аб’яднаўшыся з камуністамі й блёкам Літвіна, блакітна-белыя “рэгіяналы” будуць мець менш мандатаў у Вярхоўнай Радзе, чым прыхільнікі Юліі Цімашэнкі і прапрэзыдэнцкі блёк “Наша Украіна — Народная самаабарона”.

Што цікава: Януковіч і кампанія мелі большасьць у Цэнтарвыбаркаме, наогул былі ва ўладзе, аднак нават не спрабавалі наладзіць маштабную фальсыфікацыю выбараў. Так, на Ўсходзе, канечне, дробна махлявалі, але ж і там нават уявіць сабе не маглі “элегантную перамогу” з 100% фармаваньнем Вярхоўнай Рады са сваіх прыхільнікаў.

Варта адзначыць яшчэ адзін істотны вынік: за палітычную здраду быў жорстка пакараны лідэр Сацыялістычнай партыі Ўкраіны Аляксандар Мароз. Колісь ён уваходзіў у склад “аранжавай” кааліцыі, але потым зь меркаваньняў палітычнай кан’юнктуры перабег да Януковіча. Выгаду ад гэтага Мароз займеў ненадоўга. Мінуў год, і выбарцы сказалі СПУ: “Гэць зь Вярхоўнай Рады!”

У той час, калі ва Ўкраіне падводзілі вынікі галасаваньня, стала вядома, чым скончацца выбары ў Дзярждуму Расеі. Сумневаў у тым, што найбольшую колькасьць мандатаў атрымае пуцінская “Адзіная Расея”, не было й раней. Аднак пасля таго, як сам Уладзімер Пуцін пагадзіўся ўзначаліць выбарчы сьпіс гэтай партыі, ёй, лічы, гарантаваная канстытуцыйная большасьць. Тым больш, што ў Расеі перанялі досьвед беларускіх калегаў у справе падліку галасоў.

Дадамо, што паступова робіцца зразумелай амяркацыя Крамля: Пуцін з “Адзінай Расеяй” перамагае на выбарах у Дзярждуму й займае пасаду прэм’ер-міністра. А прэзыдэнтам зробяць надзейнага чалавека кшталту Зубкова або таго, у каго тыцне пальцам цяперашні кіраўнік.

Гэта таксама гульня, прынамсі, на мяжы фолу, аднак у ёй існуюць хоць нейкія правілы. Пуціну неаднаразова прапаноўвалі ўжыць сцэнар Лукашэнкі і празь змены ў Канстытуцыі пайсьці на трэці тэрмін і фактычна зрабіцца пажыцьцёвым прэзыдэнтам. З улікам сёньняшняга стану расейскага грамадзтва яно, пэўна, з энтузіязмам падтрымала б такі крок.

Аднак Пуцін заявіў, што мяняць Канстытуцыю пад канкрэтнага чалавека лічыць немэтазгодным. Каб застацца ва ўладзе, ён абраў больш працяглы й складаны шлях, у якім захоўваюцца хаця б нейкія прыкметы дэмакратыі.

А тым часам палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сабралася на чарговую сэсію. Адным зь першых пытаньняў сталі выбары старшыні палаты замест Уладзімера Канаплёва, які нечакана “захварэў”. Захварэў так моцна, што можа гуляць у футбол, але не выконваць абавязкі кіраўніка палаты.

Новы старшыня абраны. Але інтрыга ў палаце прадстаўнікоў нават не начавала. Хай сабе заяўляў пра намер пазмагацца за гэтую пасаду прафэсійны статыст на выбарах Сяргей Гайдукевіч, але адразу было добра вядома, што прэзыдэнцкая адміністрацыя спыніла свой выбар на Вадзіму Папову.

Выкажу меркаваньне, што гэтае імя ўзгадае мала хто з выбарцаў. Хаця Папоў ужо быў старшынём палаты прадстаўнікоў (фармальна чацвёртай асобай у дзяржаве) у 2000-2004 гадах. Але паводзіў ён сябе настолькі непрыкметна, што наўрад ці яго вядомасьць сягае далёка за межы Авальнай залі, дзе праходзяць сэсіі. Ціхі выканаўца Папоў – ідэальны кадр з пункту гледжаньня Лушэнкі. А калі так, то думкі дэпутатаў на гэты конт ніякай вагі ня маюць: “абраньнікі народа” галасуюць так, як ім загадаюць.

Вось так моцна розьняцца выбары ў трох суседніх краінах, нягледзячы на агульнае савецкае мінулае і “славянскі мэнталітэт”. Афіцыйныя расейскія й беларускія СМІ зьедліва кпяць з Украіны: што гэта за дзяржава, дзе ўлада мяняецца кожны год. Аднак, не зважаючы на ўсе палітычныя катаклізмы, жыцьцё простых украінцаў паступова паляпшаецца, і многія зь іх ужо зараз бачаць святло ў канцы тунэлю. Расею ж і Беларусь расплата за нявывучаныя ўрокі гісторыі, відаць, яшчэ чакае наперадзе…

Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.