НЕ ПАСЬПЕЛІ ЎЗЯЦЦА ЗА МАЛАКО…
Ці пагражае беларусам дэфіцыт малочных прадуктаў?
Гаспадарка
Звыклая беларуская эканамічная мадэль час ад часу дае збоі. Падобна, што ў краіне насьпявае малочны крызыс. Ужо цяпер, калі вы прыходзіце ў краму, можаце не знайсьці там некаторых малочных прадуктаў. Прычына ў тым, што беларускія малочныя заводы засталіся практычна без сыравіны.
Недахват у пастаўках малака прадпрыемствы пачалі адчуваць яшчэ ад пачатку верасьня. Аднак пры канцы месяца сытуацыя пагоршылася. А 1-га кастрычніка два з трох сталічных малаказаводаў не паставілі малака ў гандлёвую сетку. Малочныя прадукты – такія, як тварог, сьмятана, сыры пакуль ёсьць, але іх запасаў можа хапіць ненадоўга. Няма з чаго гэтыя прадукты вырабляць. На заводах абяцаюць, што перабояў ня будзе толькі з так званай “сацыялкай” – малаком для бальніц, дзіцячых садкоў і заводзкіх сталовак. А вось для продажу ўраздроб, магчыма, нічога не застанецца.
Пакуль што дэфіцыт малака ў Менску перакрываецца за кошт паставак з рэгіянальных заводаў. Аднак, калі адтуль малако вязуць у сталіцу, гэта значыць, што яго хутка ня хопіць для абласных і раённых цэнтраў.
Праблема ня ў тым, што ў Беларусі, нібыта, пачаўся падзёж буйной рагатай жывёлы ці рэзка зьнізіліся надоі. Малако ў Беларусі ёсьць. Паводле статыстычных зьвестак, сёлета яго атрымана нават больш у параўнаньні зь мінулым годам.
Праблема ў іншым. Як выявілася, закупачныя цэны ў суседняй Расеі амаль удвая большыя, чымся ў Беларусі. Вось і стала калгасьнікам больш выгадна прадаваць малако расейцам. Айчынныя прадпрыемствы ня могуць самі падвысіць закупачныя цэны – у нас у гэтай галіне, як вядома, усё рэгулюецца дзяржавай. У выніку малако ідзе за кардон, а беларускія малочныя прадпрыемствы стаяць без сыравіны.
Абвінаваціць сялян у адсутнасьці патрыятызму ці ў прагнасьці язык не павернецца. Бедная беларуская вёска радая кожнай лішняй капейцы. Акрамя таго, ніхто іншы, як кіраўнік дзяржавы апошнім часам не аднойчы заяўляў, што на сяле трэба падтрымліваць толькі эфэктыўныя гаспадаркі, якія здольныя самі зарабляць. Вось яны й выходзяць са становішча, як могуць.
І яшчэ. А чаму вытворца ўвогуле павінен аддаваць прадукт сваім айчынным прадпрыемствам практычна задарма, а не прадаваць яго з прыбыткам для сябе? У чым тады сэнс гаспадараньня?
У цяперашняй сытуацыі магчымыя два рашэньні. Першае – падвысіць закупачную цану. У гэтым выпадку беларускім сельгаспрадпрыемствам будзе выгадна прадаваць малако ўнутры краіны, а не вывозіць яго за мяжу. Але тады малако ў беларускіх крамах падаражэе.
Другое – узяць і чарговай дырэктывай забараніць калгасам вывозіць малако на продаж у Расею. Гэта вырашыць праблему з пастаўкамі сыравіны на беларускія малаказаводы, аднак пагоршыць фінансавае становішча гаспадарак, якія не атрымаюць прыбытку, а значыць, ня змогуць павялічыць сваім работнікам заробак, закупіць новую сельгастэхніку і г.д.
Апошнім часам усё часцей абмяркоўваецца праблема разьнявольваньня беларускай эканомікі. І рашэньне малочнага пытаньня ясна пакажа – ці гатовае кіраўніцтва краіны да такога павароту падзеяў. Відавочна, што гэтая задача будзе вырашацца на самым высокім узроўні. Памятаеце:“Не успели взяться за яйца, как пропало масло”?..
Прыйшоў час брацца за малако.
Ад рэдакцыі: Пакуль ажыятажу вакол малочных прадуктаў у Менску ды і ў іншых гарадах Беларусі не назіраецца. Хутчэй за ўсё, праблема мае часовы, сэзонны характар.
Трэба ўлічыць і тое, што цэльнае натуральнае малако займае ўсё меншы сэгмэнт сярод малочных прадуктаў. Яно дарагое і яго выцясьняюць апошнім часам (і ня толькі, трэба заўважыць, у Беларусі) так званае “парашковае” малако або прадукты з адмысловымі хімічнымі дабаўкамі. Думаецца, што запасаў малака зь якой-небудзь лактулозай , напрыклад, хопіць яшчэ надоўга.
З другога боку, што тычыцца вывазу таннай малочнай прадукцыі ў Расею, дык наўрад ці тамтэйшыя сельскія вытворцы радуюцца такой канкурэнцыі. Рана ці позна “лафе” для беларускіх калгасаў прыйдзе канец. Нездарма расейскі дзяржсельгаснагляд выдаў сэртыфікат якасьці толькі аднаму ці двум беларускім малаказаводам. Дойдзе і да сельгаспрадукцыі.
Відавочна, трэба рыхтавацца да чарговага падвышэньня цэнаў на прадукты. Пытаньне толькі ў тым, якое менавіта падвышэньне вытрымае беларускі спажывец.