АДЛІЧВАЮЦЬ ЛЕПШЫХ
“Справа” студэнта Жалезьнічэнкі
Нам пішуць
Загадам рэктара Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту сп. Рагачова “за сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку” быў адлічаны студэнт трэцяга курсу матэматычнага факультэту Зьміцер Жалезьнічэнка. Падставай для адлічэньня паслужыла дакладная запіска дэкана матэматычнага факультэта сп. Жогаля. У ёй дэкан пісаў, што Жалезьнічэнка адмовіўся даць пісьмовае тлумачэньне адсутнасьці на занятках бяз важнай прычыны, а па-другое, рашэньнем Гаспадарчага суда Гомельскай вобласьці ён быў прызнаны вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні.
Фактычна адбылося вось што. Зьміцер Жалезьнічэнка быў адным з арганізатараў канцэрта бардаў, які адбыўся ў Гомелі 23 чэрвеня. Празь некаторы час у падатковую інспэкцыю паступіла заява ад трох студэнтаў гістарычнага факультэта Гомельскага дзяржунівэрсытэту. Яны заявілі, што пры ўваходзе ў прыватны дом, дзе ладзіўся канцэрт, была выстаўлена скрыня для грошай, і яны, нібыта, кінулі ў яе па 5 тысяч рублёў, а квіткоў ім ніхто ня даў. У выніку разгляду справы Жалезьнічэнка быў прызнаны вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і аштрафаваны на 310 тысяч беларускіх рублёў. Прысуд Зьміцер палічыў незаконным, бо сам ён ніякіх грошай не зьбіраў і ніякага прыбытку ад канцэрту бардаў ня меў. Таму ён зьвярнуўся са скаргай у Вышэйшы гаспадарчы суд, але прайграў.
Зьміцер – выдатнік, атрымлівае павышаную стыпэндыю. Сярэдні бал яго адзнак за два папярэднія гады вучобы вельмі высокі – 9,3. Такіх, як ён, студэнтаў на факультэце адзінкі. Ён пропусьціў 20 гадзін заняткаў. Але шмат у каго са студэнтаў пропускаў непараўнальна больш, ды й вучацца яны горш, але нікога гэта не хвалюе.
Працэс адлічэньня студэнта-выдатніка адбываўся вельмі дзіўна. На пасяджэньне прафкаму студэнтаў, дзе разглядалася пытаньне аб яго адлічэньні, Зьміцер запрошаны ня быў, загад аб адлічэньні яму неспадзявана ўручыў дэкан, які ў размове са Зьмітром сказаў толькі, што “адлічэньне – гэта не яго ініцыятыва”.
Далейшыя падзеі разьвіваліся імкліва. Увечары 17 верасьня Зьміцер Жалезьнічэнка быў затрыманы на адным з прыпынкаў як “асоба, якая па прыкметах падобная на гвалтаўніка”. Потым абвінавачваньне ў згвалтаваньні са Зьмітра было зьнятае, але яму прыпісалі, што падчас затрыманьня ён “лаяўся матам”. 18 верасьня адбыўся суд, на якім у якасьці сьведкі выступіў студэнт эканамічнага факультэту ГДУ Андрэй Судакоў, які пацьвердзіў, што Зьміцер, нібыта, брыдкасловіў. Судзьдзя Марына Дамненка прысудзіла Зьмітру Жалезьнічэнку 8 сутак арышту і штраф 20 базавых велічынь.
Гэта ня першы падобны выпадак за апошні час. Перад тым адлічылі Тацяну Хому зь Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту, Юрыя Алейніка з Акадэміі кіраваньня. Паказальна, што і гэтыя студэнты былі выдатнікамі. Сам я выкладчык. І хачу сказаць, што добрыя студэнты – гэта дапамога для выкладчыка. Калі ў аўдыторыі ёсьць некалькі ўважлівых твараў, лягчэй чытаць лекцыю – да іх і зьвяртаесься. Бо вельмі часта такіх твараў няма, і такое ўражаньне, што размаўляеш са сьцяной. Калі адлічваюць лепшых студэнтаў, застаюцца горшыя. У студэнта павінны быць нейкія духоўныя каштоўнасьці, інакш ён будзе імкнуцца проста адсядзець ва ўнівэрсытэце пяць год у чаканьні дыплёму, што ў большасьці выпадкаў і адбываецца. Зьміцер Жалезьнічэнка зрабіў свой выбар. Безумоўна, у яго ёсьць свае маральныя каштоўнасьці, ён размаўляе па-беларуску.
Але я кажу зараз ня столькі пра яго лёс, колькі пра свае ўласныя інтарэсы як выкладчыка. Дарэчы, усе мае калегі, зь якімі я размаўляў, лічаць, што Зьмітра выключылі з унівэрсытэту нясправядліва. Сыстэма вышэйшай адукацыі павінна рыхтаваць высокакваліфікаваных спэцыялістаў з вызначанай маральнай матывацыяй, якая прадугледжвае любоў да радзімы й жаданьне працаваць на яе карысьць. Гэта тое, што называецца патрыятызмам. Калі ў вышэйшай школе будуць выключаць сьвядомых студэнтаў – гэта тое самае, калі б нейкі вар’ят зьнішчаў на сваім полі збожжа і расьціў пустазельле.
Віктар Адзіночанка, дацэнт катэдры філязофіі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны, сябра праваабарончай арганізацыі Беларускі Хельсынскі камітэт