ПРА БЕЛАРУСКУЮ СЬЦІПЛАСЬЦЬ
АЛЬБО НЕ ДАЗВОЛЬЦЕ, КАБ НЕХТА НА ВАС ЛЁГ
Агляд радыё
Радыё Свабода спрабуе надаць новае дыханьне перадачы “Званкі слухачоў”. Цяпер штотыдзень будуць выбіраць самы цікавы званок і даваць узнагароду самадзейнаму карэспандэнту. Такім чынам спадзяюцца, відаць, прывабіць больш слухачоў. А я з гэтай нагоды хацеў бы паразважаць пра беларускую сьціпласьць. Чаму нашы людзі мала пішуць, звоняць у рэдакцыю? Вось і я сам да нядаўняга часу толькі слухаў радыё, бурчэў сам сабе пад нос, а ў рэдакцыю ніколі не пісаў. Аж пакуль мяне не ўзялі за рукі й не сказалі – пішы. І вось цяпер пішу, і кажуць, што гэтая пісаніна нялішняя.
Ведаю, многія слухаюць радыё, але чаму мала адгукаюцца на заклікі напісаць? Можа, думаюць так – я ж не спэцыяліст, а яны паставяць мяне, такога разумнага, побач з тымі графаманамі, ёсьць там зь дзясятак такіх, што кожны дзень у этэр шчэмяцца… І вось як змагацца з той сьціпласьцю альбо нясьціпласьцю некаторых? Можа быць, паспрабаваць наладзіць навучаньне самадзейных карэспандэнтаў? Хай бы прафэсійныя журналісты прачынілі сакрэты свайго рамяства. Атрымаўшы ўцямную інструкцыю, на што зьвяртаць увагу, як казаць, глядзіш, асьмеліцца каторы ды пазвоніць.
Маю ня толькі моўныя заўвагі. На мінулым тыдні Паўлюк Быкоўскі з Радыё Рацыі ў праграме “Кантэкст” рабіў рэпартаж з “панэляў” беларускай канфэрэнцыі ў Кіеве. Ён пераказваў словы якогась важнага эўрапейскага госьця (імя я не запомніў, але тут гэта ня важна). Госьць той, відавочна, гаварыў па-расейску і ўжыў такую фразу: “Оппозиция должна быть вместе, чтобы на нее можно было положиться”. А Быкоўскі пераклаў гэта так: «Апазіцыя павінна быць разам, каб на яе можна было пакласьціся». Эх, не было мяне там… Я б сказаў нашай апазыцыі: «Хлопцы, не папусьціцеся, не дазвольце, каб нехта на вас лёг, стойце цьвёрда, абапірайцеся на сваю зямлю, свой народ, толькі гэтак пераможам!»