ЦІ СЁНЬНЯШНЯЯ ЎЛАДА АКУПАЦЫЙНАЯ, ЦІ — СВАЯ?
Апытаньне тыдня
Генадзь Лойка, мастак:
“ГЭТАЯ ЎЛАДА АДСТОЙВАЕ ІНТАРЭСЫ ІНШАЙ ДЗЯРЖАВЫ”
Акупацыйная. Бо яна адстойвае інтарэсы іншай дзяржавы. Сёньняшнія ўладары – пераемнікі Савецкага Саюзу. СССР даўно няма, але, тым ня менш, вельмі шмат зважаецца на інтарэсы расейскай дзяржавы. Беларуская мова ў заняпадзе, расейская квітнее. Для мяне мова на першым месцы. Яна ўсё вызначае. Калі ня будзе мовы, будзе іншая дзяржава й іншая нацыя. І гэта ўжо назіраецца – і ў гэтай уладзе, і ў гэтым электараце. Гэта не беларускі народ. Яшчэ крыху, і ён адамрэ зусім. Але мы пераможам, і з гэтага народу зробім беларускую нацыю.
Васіль, настаўнік:
“ЯНЫ ШТО, У БЕЛАРУСЬ НА ТАНКУ ПРЫЕХАЛІ?”
Якая акупацыя? Яны што, у Беларусь на танку прыехалі? Лукашэнка, Ціцянкоў і Шэйман? Калі б яны былі абсалютна чужыя людзі, усім, каму баліць за Беларусь, было б лягчэй. Мы б выглядалі белымі арыйцамі, заваяванымі, але годнымі балтамі. Але ж яны плоць ад плоці нашай. Я ўспрымаю гэтую ўладу, як прышчэпку беларускай нацыі ад “саўковасьці”. Каб яна больш не хварэла ніколі. Мы іх перажывем. Яны могуць утрымліваць уладу з дапамогай хлусьні й дубінак. Але прапанаваць нейкую пэрспэктыву, нейкі ідэал… У іх няма ні душы, ні мазгоў. Што яны прапануюць? Заробак у трыста баксаў? І ўсё? На сёньняшні дзень ёсьць тыя, хто гэтым задаволіцца. А заўтра? А ці варта за гэта кідацца на дот? Наша сіла ў нашых ідэалах і марах. І гістарычна мы іх пераможам.
Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца:
“ПАЗНАЮ ЛЮДЗЕЙ, МНЕ ЗНАЁМЫХ ЗЬ ДЗЯЦІНСТВА”
Вядома, што не акупацыйная. Таму што я пазнаю ў рысах гэтай улады, у яе мэнталітэце, у яе паводзінах, у яе моўных асаблівасьцях людзей, мне родных, знаёмых зь дзяцінства. Гэта, безумоўна, не мая ўлада. Гэта ня тыя людзі, якіх я выбіраў. Гэтая ўлада – гэта наша хвароба. Гэта вынік не апошніх гадоў, гэта вынік нашай шматвекавой гісторыі. Гэта тыя сілы, якія абудзілі “Цётак” з прысягай над крывавымі разорамі. Прачнуліся пракаветныя інстынкты. Тое, да чаго гукалі некаторыя з нашых абуджальнікаў. Упершыню гэтая кляса байструкаватых паўвяскоўцаў, камбедаўцаў, старшыноў-сверхсрочнікаў, зампалітаў і рэктараў таварыства “Знание” выйшаў на гістарычную арэну. Нарэшце іх голас пачуты. Я гляджу на іх, як на сваіх, але хворых. Як на паршывых авечак у агульным статку. Адпаведна, і рэцэпты ня мусяць быць прынесены звонку. Ніхто нам тут не дапаможа. Ніхто нам тут ня дасьць рады. Справа не ў канкрэтнай пэрсоне, а ў тым, што ў ёй увасобілася. “Мой адрас не дом і не уліца” – мы гэта мусім вытруціць зь сябе самі.
Кастусь, прадпрымальнік:
“УСПРЫМАЦЬ ЯЕ ЯК СВАЮ – НЕ МАГУ”
Калі вандалы ў свой час прыйшлі ў Рым і павалілі ўсе статуі, падпалілі ўсе бібліятэкі, жыхарам Рыму гэта ня вельмі падабалася. А калі б іх уласныя рабы зрабілі тое ж самае, я ня думаю, што грамадзянам Рыму ад гэтага было больш прыемна. Я не прыхільнік такога ўспрыняцьця, як “свой” –“чужы”. Нягледзячы на тое, што сёньняшняя ўлада гуляе на чужым полі чужымі шашкамі і па чужых правілах, яна ўсё ж свая, родная, уласнага гатунку. Але разглядаць яе, як сваю асабіста, я не магу. Улада павінна, перш за ўсё, спрыяць адукацыі і зьмякчэньню нораваў. Гэтаму наша ўлада не спрыяе зусім. Яна спрыяе зусім іншаму. Шмат людзей сябе атаясамліваюць з гэтай уладай. Яны весяляцца на Дажынках, размалёўваюць сабе пысы ў чырвона-зялёныя фарбы на футбольных матчах і балдзеюць ад “Крыжачка” ў аграгарадку. Гэта ўсё не маё. І мяне не абыходзіць, колькі такіх, як я.
Вячаслаў Сіўчык, палітык:
“ГЭТЫ РЭЖЫМ АКУПАЦЫЙНЫ”
У 1997-м годзе на зьезьдзе БНФ была прынятая праграмная заява, дзе сёньняшні рэжым быў вызначаны, як рэжым унутранай акупацыі. Нават у тыя часы я ня быў згодзен са словам “унутраны”. Таму што я не да канца яго разумеў. І тое, што робіцца сёньняшнімі дзеячамі ў галіне культуры і адукацыі, цалкам дазваляе любому аналітыку лічыць гэты рэжым акупацыйным.
Алесь, лекар:
“ЯНА ГАВОРЫЦЬ З НАРОДАМ НА АДНОЙ МОВЕ”
Гэтая ўлада народная. Яна гаворыць з намі на адной мове. Яна выдатна адчувае, што народу трэба для шчасьця. Трэба, як бачым, ня шмат. Чарка крыху пабольшала, скварка стала больш тлустай. Але ўсё роўна, далей за гэты джэнтльмэнскі набор фантазія нашага народу не сягае. Нацыянальныя каштоўнасьці нашаму народу наўрад ці калі спатрэбяцца. А вось тыя нешматлікія, каму гэтая ўлада не падабаецца, да народу могуць сябе не залічваць. Яны чужыя на гэтым “празьніке жызьні”. У тым ліку й я. Нам трэба альбо звальваць, альбо зрабіцца “пікейнымі камізэлькамі”, зьбяднелымі нашчадкамі старажытных шляхецкіх радоў. Апошнімі захавальнікамі апаганеных сьвятыняў. Ня самая горшая роля, дарэчы, у нашым балагане.
Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:
“МЫ МАЕМ НАШУ ЎЛАДУ, АЛЕ НЕ СВАЮ”
Я яе ўспрымаю як нашу, а не як “сваю” ці “акупацыйную”. Як нашу з вамі разам. Наша яна таму, што яна намі кіруе. І мы дазваляем ёй намі кіраваць. Не свая таму, што мы яе не выбіралі. Не акупацыйная таму, што яна сваёй гадоўлі, мясцовай. І цяпер наша задача — памяняць нашу на сваю. Упершыню за 200 гадоў мы маем нашу ўладу. Але пакуль не сваю. І з нашай уладай трэба, перш за ўсё, уступаць у кантакт. ТБМ уступіла ў кантакт з 1999 году. І чым шчыльнейшы кантакт, тым больш мы яе прымушаем на беларускай мове размаўляць. Старшыня Канстытуцыйнага суду Васілевіч зразумеў, што ён вельмі выйграе, калі будзе хоць у дробных пытаньнях бараніць беларускую мову. Дзякуючы яму, на мытнях цяпер зьявіліся беларускамоўныя блянкі. І калі ўлада абрынецца, ён скажа: “Я ж бараніў”. Такіх фактаў я магу назваць шмат. Самае галоўнае, каб мы з гэтай уладай нідзе, ніколі, ні пры якіх абставінах па-расейску не размаўлялі. Ня трэба пераходзіць на яе мову. Трэба заўжды размаўляць сваёй мовай, і тады ўлада губляе апірышча. Зараз я змагаюся, каб па-беларуску былі Правілы дарожнага руху. Скурай адчуваю, што хутка выйграем і гэтую справу. Галоўнае – прымусіць, каб улада нас паважала. А для гэтага трэба самім сябе паважаць. Уявіце сабе, каб заўтра ўсе сябры апазыцыі ўсё сталі па-беларуску рабіць. Блянкі запаўняць, размаўляць, і пры гэтым усьміхацца. Уяўляеце, якая б паніка была ў гэтай улады?
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ВА ЎЛАДЫ ЗАРАЗ ЧАС ВЫБАРУ”
Акупацыйнай яна ня можа быць ні ў якім выпадку. Усе сацыялягічныя зьвесткі сьведчаць за тое, што большасьць электарату аддала галасы Лукашэнку. Калі бальшыня насельніцтва з году ў год аддае свае галасы гэтаму чалавеку, пра якую акупацыйную ўладу можна казаць? Але я гэтую ўладу не лічу і сваёй. Бо гэта рэпрэсіўная ўлада. Большасьць таго, што зьяўляецца для мяне каштоўнасьцю, гэтая ўлада не прымае. Гэтая ўлада для мяне – гэта вялікая паўза, якая была неабходная беларусам і Беларусі. Каб агледзецца вакол пасьля распаду імпэрыі, пасьля стварэньня сваёй дзяржавы. Разабрацца самім з сабой. З майго гледзішча, паўза была дастаткова карыснай. Праблема ў тым, што гэтая паўза зацягнулася. Відавочна, што сёньня час патрабуе альбо радыкальнай трансфармацыі гэтай улады альбо яе зьмены. І зараз праблема не ў апазыцыі, а ва ўлады: што рабіць? Трансфармавацца яна можа, хочаш ня хочаш, толькі ў бок маіх перакананьняў. Не трансфармавацца – гэта значыць, утрымліваць уладу ранейшымі сродкамі. Малаверагодна, каб гэта ў яе атрымалася. Ва ўлады зараз час выбару.