НОВАЯ ГАЗАВАЯ ВАЙНА?

160 даляраў за тысячу “кубоў” – не мяжа

Гаспадарка

Не пасьпела прыйсьці восеньская халадэча, а газавая тэма зноў – тут як тут. Яна ўжо заняла сваё звыклае месца сярод іншых папулярных тэм. Гэтая тэма абяцае неўзабаве яшчэ больш сапсаваць без таго халаднаватыя, мякка кажучы, адносіны паміж Беларусяй і Расеяй.

Пачатак новай “дыскусіі”, як заўсёды, паклаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Выступаючы ў Рэчыцы, падчас сьвята ўраджаю “Дажынкі-2007”, Лукашэнка заявіў, што “Газпром” хоча зноў падвысіць цану на газ для Беларусі. “Я ня ведаю, чым мы так правініліся перад кіраўніцтвам Расеі”, – паскардзіўся ён. І абяцаў зноў заняць жорсткую пазыцыю на перамовах з расейскім канцэрнам.

Між тым, у самім факце павелічэньня цэнаў нічога новага й нечаканага для беларускага боку не было. Нагадаем, што 31 сьнежня 2006 году Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне пра паэтапнае падвышэньне цаны на расейскі газ. Паводле гэтага пагадненьня, у 2008 годзе цана яго для РБ складзе 67% цаны прыроднай сыравіны на эўрапейскім рынку мінус выдаткі на транспартаваньне. У 2009-м — 80%, у 2010-м — 90%, у 2011-м — 100%.

То бок, кожны год кошт “блакітнага паліва” будзе павялічвацца для нас прыблізна на 10%. Пытаньне толькі ў тым, чым канкрэтна абернуцца гэтыя працэнты для Беларусі ў наступным годзе.

“У будучым годзе яны хочуць узьняць цану яшчэ на 15%”, — заявіў Лукашэнка ў Рэчыцы.

Адкуль узялася менавіта гэтая лічба — не зусім зразумела. Літаральна за некалькі дзён да выступленьня кіраўніка дзяржавы на “Дажынках” намесьнік міністра эканомікі РБ Андрэй Тур, адказваючы на пытаньні карэспандэнта газэты “Московские новости”, гаварыў пра павелічэньне цаны на 20%: “У наступным годзе нам давядзецца плаціць каля 120-123 даляраў за тысячу кубамэтраў, гэта значыць на 20% болей, чым сёлета. Так разьмеркавана да 2010 году ўлучна, і ніхто пакуль новых прапановаў ня ўносіў”.

Як бачым, 123 даляры – гэта не 15% прыбаўкі ў параўнаньні са 100 далярамі, якія Беларусь плаціла ў 2007-м годзе.

А паводле інфармацыі Міністэрства эканомікі РБ, урад даручыў Міністэрству энэргетыкі ўзгадніць з “Газпромам” цану паставак газу ў 2008 годзе ў памеры ня больш за… 130 даляраў за тысячу кубамэтраў. А гэта ўжо 30% — то бок, удвая больш за лічбу, агучаную Лукашэнкам.

Аднак усе пералічаныя варыянты – яшчэ не галоўная бяда. Праблема ў тым, што сама формула разьліку сярэднеэўрапейскай цаны, паводле якой вылічваецца кошт газу для нашай краіны, пакуль няясная.

Таму некаторыя экспэрты прагназуюць, што ў 2008-м годзе цана гэтая можа дасягнуць 160 і нават 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Бо ні для кога не сакрэт, што энэрганосьбіты ва ўсім сьвеце даражэюць штодня. Лукашэнка ў Рэчыцы абяцаў змагацца з расейскай манаполіяй да канца – то бок, да бою крамлёўскіх курантаў на Новы год, як гэта было летась. На перамовах, казаў ён, Беларусь будзе жорстка адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Хоць пры гэтым кіраўнік дзяржавы прызнаў, што “гэта іх тавар, і мы ня можам іх гвалтам прымусіць зьнізіць цану. Але мы будзем спрабаваць прыводзіць пераканаўчыя аргумэнты, хоць наўрад ці атрымаецца іх цалкам пераканаць”.

Атрымліваецца, як у старой савецкай гумарэсцы: “Аргумэнтуйце! – Чым? – Аргумэнтам!”

Пераканаць “Газпром” сапраўды будзе нялёгка, тым больш, што і аргумэнты ў беларускага боку трохі дзіўныя. Ужо згаданы вышэй намесьнік міністра эканомікі Тур у інтэрвію “Московским новостям” прывёў забаўны прыклад: “Ёсьць два цэмэнтныя заводы — пад Смаленскам і пад Віцебскам. Адлегласьць паміж гэтымі гарадамі крыху больш за 100 км, але калі цана газу для гэтых двух прадпрыемстваў будзе адрозьнівацца ў два разы, дык беларускаму цэмэнту да самага Ўралу ня будзе чаго рабіць. Віцебскі завод страціць сваю канкурэнтаздольнасьць. То бок, расейскія прадпрыемствы знаходзяцца ў значна больш выгадным становішчы”.

Усё так. Але якая справа “Газпрому” да цэмэнтнага заводу ў Віцебску і да ўсіх астатніх беларускіх вытворцаў? Калі б сапраўды існавала саюзная дзяржава, як гэта абяцаў расейцам Лукашэнка, тады гэты аргумэнт суседзі маглі б і ўлічваць. А так – ну, ня будзе Беларусь гандляваць сваім цэмэнтам на расейскім рынку. А расейскай газавай кампаніі што за бяда з гэтага? Кіраўніцтва РБ усё ніяк ня можа зразумець, дзе сканчаецца дружба і дзе пачынаецца рынак. Яно разважае так: дзе яму выгадна, там хай будзе рынак, дзе не – будзем дружыць.

Вось і ў Рэчыцы Лукашэнка зноў спаслаўся на дружбу народаў, спрабуючы давесьці, што народ у Расеі не падтрымлівае цэнавую палітыку “Газпрома” ў адносінах да Беларусі. Гэта вельмі карысная заява. Праўда, цана на газ будзе вызначацца ў Крамлі, а не на ўсерасейскім рэфэрэндуме.

Так што газ будзе даражэйшы для беларускіх спажыўцоў – гэта відавочна. А вось наколькі – адказ на гэтае пытаньне мы зможам атрымаць, хутчэй за ўсё, толькі пад канец году. Пасьля цяжкіх баталіяў, пачатак якім (як потым мы будзем успамінаць) пакладзены быў у Рэчыцы.

Ня трэба быць прарокам, каб прадказаць – трэцяя газавая вайна будзе ня менш, а можа, і больш жорсткай, чым дзьве папярэднія.

Ва ўжо згаданым інтэрвію намесьніка міністра эканомікі Тура ёсьць сапраўдная бомба, якую мала хто заўважыў. Паводле ранейшых дамоўленасьцяў, “Газпром” мусіць праз тры гады атрымаць 50% беларускай газатранспартнай кампаніі “Белтрансгаз”. Першы транш у памеры 625 мільёнаў даляраў расейцы ўжо пералічылі Беларусі.

Аднак Тур раптам паведаміў: “Падзяліць акцыі 50 на 50 наўрад ці атрымаецца, таму што яшчэ ёсьць невялікая частка індывідуальных уласьнікаў, а ЯНЫ ЗЬНІКЛІ, ІХ НЯМА. Таму можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой хтосьці абавязкова будзе кантраляваць на адну сотую або тысячную больш, а гэта ўжо не парытэт. Так што тут ня ўсё так проста”.

Такім чынам, адказны чыноўнік гаворыць пра тое, што “зьніклыя” акцыянэры могуць быць скарыстаныя ў якасьці падставы для перагляду дамоўленасьцяў па “Белтрансгазе”, ці нават наогул адмовы ад іх.

Сытуацыя насамрэч небясьпечная, прычым для абодвух бакоў. Бо 50,001% акцыяў — гэта значна больш, чым проста 50%. Гэта амаль поўны кантроль над стратэгічным прадпрыемствам, які можа апынуцца ў тых ці іншых руках. І, здаецца, што гэтая “нечаканая” перашкода вельмі дарэчы беларускім уладам.

Але ці атрымаюць з гэтага выгаду спажыўцы?

Алег Ман, Валеры Філін

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.