СТВАРАЕЦЦА ЖМУДЗКАЯ ПАРТЫЯ

Суседзі

У Літве пашыраецца рух “жэмайтаў” або “жмудзі”. На гэтым тыдні ініцыятыўная група заявіла пра стварэньне Жмудзкай палітычнай партыі.

Беларускаму чытачу слова “жмудзь” вядомае з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага – сярэднявечнай балта-славянскай дзяржавы, куды ўваходзіла Беларусь і дзе беларуская мова была дзяржаўнай. Паводле гісторыкаў, народнасьць, якая тады называлася “жмудзь”, стала ў далейшым асновай сучаснай літоўскай нацыі.

Як паведамляецца ў заяве ініцыятыўнай групы, будучая жмудзкая партыя будзе імкнуцца праз абраных прадстаўнікоў ураду і самаўрадаў праводзіць такую палітыку кіраваньня краінай, якая б гарантавала эканамічнае й сацыяльнае разьвіцьцё Жмудзі, узмацняла веру жмудзінаў у сябе, а таксама захоўвала жмудзкую гістарычную й культурную спадчыну.

Трэба сказаць, што ня ўсе ў Літве й нават сярод жэмайтаў падтрымліваюць гэтую ідэю. Напрыклад, галоўная рэдактарка часопіса “Žemaičių žemė” (“Жмудзкая зямля”) Данута Мукене заявіла журналістам: “Я лічу, што палітычныя партыі нельга ствараць на этнічнай падставе. Я не прыхільніца такой партыі й не хачу мець зь ёй нічога супольнага”.

Устаноўчы сход новай партыі мае адбыцца ў лістападзе.

Каб ацаніць маштаб і характар гэтай падзеі для Літвы, дастаткова ўявіць сабе, што ў Беларусі загаварылі б пра вылучэньне ў асобную нацыянальнасьць крывічоў, якія пасьля дамагаліся б стварэньня Крывіцкай партыі. Зразумела кожнаму, што ў сёньняшняй Беларусі такія “экзатычныя” ініцыятывы пэрспэктывы ня маюць, бо нават самыя звычайныя грамадзкія арганізацыі ліквідуюцца, а стварэньне новых замарожана на неакрэсьлены час.

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.