007

Фэльетон

Не, я зусім не пра Джэймса Бонда, фільмы пра якога Літоўскае тэлебачаньне круціць кожную нядзелю. Не найгоршае кіно, скажу я вам. Асабліва пад піва зь фісташкамі.

Але сямёрка з двума нулямі нагадала мне пра юбілей, якога, здаецца, ніхто не заўважыў. Роўна сто гадоў таму, у 1907 годзе, былі намаляваныя дзьве славутыя, “культавыя” карціны: “Авіньёнскія дзяўчаты” Пабла Пікасо і “Пацалунак” Густава Клімта.

Сёньня, у 2007 годзе, “Пацалунак” – ці ня самая папулярная карціна – дзе толькі ні ўбачыш яе рэпрадукцыю – ад глямурных часопісаў да трыкатажных кашулек.

Пра “Авіньёнскіх дзяўчат” памятаюць цяпер хіба толькі мастацтвазнаўцы. Між тым, адразу пасьля свайго зьяўленьня на сьвет твор гэты выклікаў цэлую буру ў мастацкім асяродзьдзі. Гэта была “знакавая” рэч для Пікасо, зь якой і пачаўся той пазнавальны “пікасоўскі” стыль, які стаў вядомы ўсяму сьвету. “Ружовы” й “блакітны” пэрыяды засталіся ззаду. “Якая страта для францускага мастацтва!” – вырвалася ў калекцыянэра Шчукіна, калі ён убачыў гэты твор. А мастак Андрэ Дэрэн прарочыў, што Пікасо пасьля гэтага неўзабаве павесіцца…

Аднак жа – не павесіўся. А стаў бадай што самым славутым мастаком за ўсю гісторыю культуры. Вядома, былі шанаваныя пры жыцьці й іншыя – Леанарда ды Рубэнс, — але ці ж такія тады былі магчымасьці, такія крылы ў славы? Ані рэпрадукцыяў, ані газэт або TV! Нават Далі быў менш вядомы, бо яго не прапускалі праз “жалезную заслону”. А вось геній Пікасо і гэтую заслону праламаў. Праўда, ня так сваёй геніяльнасьцю, як членствам у камуністычнай партыі Рэспублікі Францыя. І стаў член КПРФ сябрам КПСС.

Дужа цікавая рэч, гэтая “камуністычнасьць” Пікасо. Ну не магу сабе ўявіць тэмпэрамэнтнага гішпанца Пабла, які цярпліва канспэктуе “Капітал” Маркса, або горача абмяркоўвае зь сябрамі ў кавярні “Ратонда” артыкул У.І.Леніна “Як нам рэарганізаваць Рабкрын”!

Хутчэй за ўсё, ён быў такім жа камуністам, як і антыфашыстам. Чыста намінальным. Бо ўся яго “антыфашысцкая” дзейнасьць месьціцца ў адзіным апокрыфе, калі на пытаньне нямецкага афіцэра пра “Герніку” “Гэта зрабілі вы?” Пікасо адказаў – “Не, вы!”. Аднак, відаць, немцы ведалі цану ягонага “змагарства”, калі за ўсю вайну ў акупаваным Парыжы ў Пікасо калі і ўпаў з галавы волас, дык толькі з прычыны аблысеньня.

І ўсё ж не было ў гісторыі іншага мастака, надзеленага такой магутнай, татальнай энэргетыкай, якая зьнішчала ўсе крытэрыі, усе табу – жыцьцёвыя, маральныя, эстэтычныя. Гэткі “агент 007” ад мастацтва.

Усё жыцьцё ён паводзіў сябе як капрызнае, разбэшчанае і злое дзіця. Сёньня, гуляючы, гладзіць коціка, заўтра можа прыбіць яго цьвіком да плоту. Так ён паводзіў сябе з калегамі, зь сябрамі, з жанчынамі. Але ж дзецям усё дазволена, іх учынкі й творы трэба хваліць, выказваць замілаваньне. І хвалілі – хто шчыра, хто праз зубы, баючыся паказаць сваю “адсталасьць”.

“Пікасо – сапраўдны геній мастацтва, у гэтым нельга сумнявацца”, — далучаўся да ўсеагульнага хору Міхаіл Алпатаў, тонкі знаўца творчасьці “старых майстроў”.

І вось праз трыццаць зь нечым гадоў пасьля сьмерці Пікасо застаўся пераможаны. І кім? Густавам Клімтам, імя якога яшчэ гадоў дваццаць таму можна было знайсьці хіба што ў спэцыяльных энцыкляпэдыях.

Цяпер жа – сапраўдная “клімтаманія”. І сіратліва стаіць у кнігарні даўнавата ўжо выдадзеная грунтоўная манаграфія пра Пікасо. А пра Клімта штогод выходзяць усё новыя й новыя кнігі.

Пра што гэта сьведчыць? “Авіньёнскія дзяўчаты” – спараджэньне, хутчэй, агрэсіі, чым эстэтыкі, пісаў Джон Бэргер. “Пацалунак” – чыстая эстэтыка. Як і ўся творчасьць Клімта – эстэтыка, часам рафінаваная, часам замяшаная на эротыцы. Якія б страшныя, аж да паталёгіі, тэмы ні выбіраў Клімт, эстэтыка ў яго на першым месцы. Якія б мажорныя тэмы ні распрацоўваў Пікасо (напрыклад, пано “Мір” з капэлы ў Валарысе) – наперад лезе дэструкцыя й дэфармацыя.

“Авіньёнскія дзяўчаты” – бунт, рэвалюцыя. А наша цывілізацыя залішне змучана за мінулае стагодзьдзе рэвалюцыямі й агрэсіямі. Пік папулярнасьці Пікасо быў у 1968 годзе, калі бушавалі студэнцкія мяцяжы. Пік папулярнасьці Клімта – цяпер, калі людзей немагчыма вывесьці на вуліцы. Зьмянілася энэргетыка, імпэт грамадзтва. Наш час аддае перавагу рынку, а не барыкадам. Навошта ваяваць за тое, што можна купіць? Зрэшты, і Пікасо ці не таму падтрымліваў вобраз “бунтара”, што тады гэта добра прадавалася?

Я ня надта люблю бываць на рынку. Але ня надта палюбіў і барыкады, на якіх быў у 1991 годзе ў Вільні. Бо тваімі заваёвамі, здабытымі на барыкадах, пасьля гандлююць на рынку іншыя людзі. З выгадай для сябе. І таму мяне цешыць, што эстэтыка перамагае агрэсію. Невядома, ці краса ўратуе сьвет, як думаў бедны князь Мышкін. Але толькі краса прыносіць у жыцьцё сапраўдную радасьць.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.