КВАДРАТУРА КОЛА

АЛЬБО НАВОШТА RTVI ЎЗЯЛОСЯ ЗА “ЯЙКАКВАДРАТЫ”?

Пра гісторыю зь “яйкаквадратамі” за апошні час паведамілі, бадай, усе СМІ, якія маюць дачыненьне да Беларусі – залежныя й незалежныя. Але для нашых чытачоў нагадаю ў скароце сутнасьць справы. У 1992-м годзе ў Менску адбылася мастацкая выстава, на якой упершыню быў прадстаўлены праект пад назвай “Яйкаквадраты”. Аўтары ідэі – вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў (многія калі не чыталі, дык чулі пра ягоныя вершы-квантэмы) і мастак Віктар Маркавец. Як тады тлумачыў Разанаў, папярэднікамі графічных работ у рамках праекту можна лічыць “супрэматычныя квадраты” Казіміра Малевіча, знакамітага мастака-авангардыста, які доўгі час жыў у Віцебску. Але разам з тым, на думку паэта, гэты вобраз – белае яйка на чырвоным фоне альбо наадварот, чырвонае на белым – адпавядае нацыянальным традыцыям беларусаў, іх “духоўнаму космасу”.

Наўрад ці аб гэтым ведалі у рэклямным аддзеле расейскай тэлефоннай кампаніі МТС, калі яна ўзялася за так званы “рэбрэндынг”. Тым ня менш, у выніку зьявіўся новы рэклямны лягатып кампаніі, які вельмі нагадвае тыя самыя яйкаквадраты. Толькі “яйка” ў рэкляме МТС пастаўленае вэртыкальна, у адрозьненьне ад работ Разанава-Маркаўца. Яны вырашылі падаць у суд на кампанію, дзе факт плягіяту (незаконнага капіяваньня) катэгарычна адмаўляюць. Скаржнікі цьвердзяць, што грошай яны не патрабуюць, але хочуць, найперш, абараніць свае аўтарскія правы. Паколькі перамовы ў судзе першай інстанцыі з прадстаўнікамі кампаніі нічога не далі, справа перададзеная ў калегію Вярхоўнага суду Беларусі ў пытаньнях інтэлектуальнай уласнасьці. Пасяджэньне прызначанае на 1 кастрычніка.

Справа хоць і неардынарная, але наўрад ці яе можна назваць самай важнай падзеяй з усіх, што адбываліся апошнім часам у Беларусі. Тым ня менш, у мінулую нядзелю пра яйкаквадраты вырашыла паведаміць і тэлекампанія RTVI ў сваёй праграме “Акно ў Эўропу”. Сюжэт, праўда, заняў каля хвіліны…А больш пра Беларусь у праграме не было ні слова. Зразумела, тэлекампанія мае поўнае права вызначаць сваю этэрную палітыку, а аўтары праграмы – шукаць тэмы для яе. Але тут варта зрабіць яшчэ адно адступленьне.

Калі я не памыляюся, пару гадоў таму згаданая тэлекампанія, разам з Эўрапейскім радыё для Беларусі й загадкавай нямецкай фірмай МэдыяКансалта, выйграла тэндэр Эўразьвязу на праект вяшчаньня на Беларусь. Неўзабаве пачала выходзіць у этэр і тэлепраграма “Акно ў Эўропу”. Наколькі можна было зразумець, прызначалася яна найперш для беларускага тэлегледача й павінна была інфармаваць, сярод іншага, пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Аднак тое, што яна прызначаная для беларускай аўдыторыі, можна здагадвацца цяпер толькі дзякуючы бягучаму радку на беларускай мове, у якім распавядаецца пра зьмест тэлесюжэтаў. А сюжэты ў асноўным прысьвечаныя падзеям у розных краінах Эўропы. І часам – у Беларусі.

Нельга сказаць, каб усе сюжэты там нагадвалі “рэпартаж” пра яйкаквадраты. Нядаўна, напрыклад, “Акно ў Эўропу” закранула важную тэму спадарожнікавага вяшчаньня. Гарадзкія ўлады Менску, як вядома, прынялі пастанову, якая патрабуе ад жыхароў прыбраць з дамоў нелегальна (то бок, без дазволу архітэктараў) усталяваныя антэны-талеркі, а заадно й кандыцыянэры. Высьвятляецца, што пастанова існуе, але ж прававога мэханізму яе выкананьня няма. І вось некаторыя грамадзяне пачалі ўжо падаваць у суд на парушэньне іх грамадзянскіх правоў…

Зразумела, самі ўлады ня надта заклапочаныя “прававымі мэханізмамі” – будзе загад зьверху, выканаюць. Але самае крыўднае будзе, калі ўлады абвесьцяць сапраўдную вайну талеркам, а глядзець на спадарожнікавых каналах, што вяшчацьмуць на Беларусь, можна будзе адно сюжэты пра “яйкаквадраты”. Яны хоць і маюць дачыненьне да “беларускага космасу”, але ўсё ж задаволіць патрэбу беларускіх грамадзянаў у пашырэньні інфармацыйнай прасторы наўрад ці змогуць.

Максім Пешка

Водгукаў на публікацыю “КВАДРАТУРА КОЛА”: 57

  1. квадратура кола кажа:

    пра талеркі і пра яйкаквадраты сюжэты рабіў адзін чалавек ))

  2. квадратура кола кажа:

    а пра што ваш артыкул?
    пра тое, што сюжэты пра талеркі важнейшыя і больш патрэбныя за сюжэты пра яйкаквадрат? пра этэрную палітыку RTVI? Ці пра квадратуру кола?

  3. Redaktar кажа:

    Перачытайце артыкул

  4. wlad кажа:

    Перачытаў артыкул i я. А пра што Ваш артыкул? Калi ёсьць прэтэнзыi да RTVI -выкажыце, i гэта будзе цiкава ды актуальна. Але навошта адным захадам, прычым павярхоўна ды няўцямна, закранаць тэму, якая, як па мне, патрабуе больш глыбокага асьвятленьня i асэнсаваньня? I пры чым тут О’Генры да RTVI? Артыкул, як мне падалося, меркаваўся пра гэта (пра RTVI). Атрымалася даволi сумбурна.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.