АЛЕСЬ АДАМОВІЧ З НАМІ
16 верасьня ў Глушы, дзе пахаваны выдатны беларускі пісьменьнік і дзяяч Алесь Адамовіч, прайшла імпрэза яго памяці. 80-я ўгодкі з дня нараджэньня Адамовіча, якое адзначалася 3 верасьня, засталося амаль незаўважаным афіцыйнымі СМІ і дзяржаўнымі чыноўнікамі ў сталіцы.
Але пасялковы савет Глушы (Бабруйскі раён) вырашыў запрасіць да сябе сваякоў Адамовіча, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі зь Менску. Мясцовая адміністрацыя ўзяла ўсе выдаткі на сябе – праезд аўтобусам, сустрэчу з чытачамі (у тым ліку, тамтэйшымі школьнікамі), сьціплую вячэру.
Каля магілы клясыка выступалі сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў: Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Уладзімер Някляеў, Валянцін Тарас, іншыя вядомыя літаратары, якія пры жыцьці блізка ведалі Алеся Адамовіча. Тут, у Глушы, жылі бацькі пісьменьніка, доўгі час жыў і ён сам. Тут запавядаў пахаваць сябе. У хаце, дзе жыў Адамовіч, цяпер жывуць яго далёкія сваякі. Адзін пакойчык адведзены пад музэй.
На імпрэзе былі некаторыя вядомыя палітыкі, журналісты. Ад Саюзу пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом ніхто не прыехаў.
Ул.інф