Ці верагодна, што Беларусь будзе ўцягнута ў ядзерны канфлікт?

Уладзімер Мацкевіч, палітоляг:
“ЗАСТАЕЦЦА МАГЧЫМАСЬЦЬ ПРАВАКАЦЫЯЎ”
Я думаю, што за апошнія дваццаць гадоў верагоднасьць ядзернага канфлікту ў сьвеце значна зьменшылася. Асабліва з распадам Саюзу. Затое павялічылася магчымасьць лякальных ядзерных… ня войнаў, а правакацыяў, выбухаў. На жаль, вытворчасьць ядзернай бомбы ў ХХІ-м стагодзьдзі не падаецца такой складанай, якой яна была ў сярэдзіне ХХ-га, калі гэта было навуковым подзьвігам. Зараз гэта ўжо праца, якая патрабуе толькі наяўнасьці пэўных рэсурсаў. І таму шмат краінаў займелі ўжо ядзерную зброю. І гэта павялічвае небясьпеку лякальных ваенных дзеяньняў, у якіх можа быць выкарыстаная ядзерная зброя.

Канстанцін, мэнэджэр:
“ЧЫМ БОЛЬШ ГЛЯБАЛЬНЫ СЬВЕТ,
 ТЫМ МЕНШ ВЕРАГОДНЫ ТАКІ КАНФЛІКТ”
Калі ядзерны канфлікт адбудзецца, дык у яго будуць уцягнутыя нават пінгвіны ў Антарктыдзе. А калі браць варыянт ядзернага тэрарызму… За 60 гадоў сыстэма кантролю ніводнага збою не дала, дзякуй Богу! Канфлікт малаверагодны, але ўсё ж верагодны. Па вялікім рахунку, магчымыя тры сцэнары. Першы – глябальны некіраваны канфлікт. Запусьцілі ўсё, што ёсьць, і гары яно ўсё гарам. Але гэта малаверагодна. І чым больш глябальны сьвет, тым менш верагодны такі варыянт. Ёсьць верагоднасьць абмену кіраванымі ўдарамі. Такая маленькая ядзерная вайна магчымая ў выпадку моцнай дэстабілізацыі ў Расеі. Галівуд напрыдумляў шмат такіх сцэнароў. Мяцежныя генэралы, звар’яцелыя прэзыдэнты… Гэта таксама малаверагодна. І трэці варыянт – гэта абмен ударамі ў выніку тэхнічнай памылкі. Які-небудзь маёр з глузду зьехаў альбо якая жалязяка зламалася. Гэта найбольш верагодна.

Мікола Статкевіч, палітык:
“НІЯКАЙ ВАЙНЫ НЯ БУДЗЕ”
Я лічу маларэальным, каб Беларусь была ўцягнутая ў ядзерны канфлікт паміж Расеяй і Амэрыкай. Уся расейская антыамэрыканская рыторыка, якая так падабаецца расейскаму электарату, разьлічаная на публіку. А насамрэч кантора, якая кантралюе зараз Расею, зарабляе грошы, прадаючы нафту і газ Захаду. Яны там жа свае асабістыя грошы, скрадзеныя, і захоўваюць. Ім хочацца адпачываць на Захадзе, вучыць там сваіх дзяцей. Няма такой супярэчнасьці, каб пачаць вайну. Адзінае, што беларусы могуць быць уцягнутыя ў лякальную вайну. Нашы новыя мусульманскія сябры імкнуцца набыць ядзерную зброю, і калі беларускі ўрад ім будзе спрыяць у гэтым, калі беларускія спэцыялісты ў гэтых краінах апынуцца… Калі дойдзе да раззбраеньня гэтых краінаў Амэрыкай, тады там можа дастацца і беларусам.

Ільля, афіцэр беларускай арміі:
“У БЕЛАРУСІ ЁСЬЦЬ АБ’ЕКТЫ ДЛЯ ЯДЗЕРНЫХ УДАРАЎ”
У Беларусі ёсьць такія рэчы, якія цалкам могуць быць мэтамі для ядзерных удараў. Як, напрыклад, Цэнтар дальняй сувязі з падводнымі лодкамі. Гэта значыць, на тэрыторыі Беларусі разьмешчаныя элемэнты кіраваньня расейскай ядзернай зброяй. І дзе-небудзь у далёкай Аклахоме на ракетнай боегалоўцы напісана: “Беларусь”. І тое, што гэтая ракета не паламаецца калі-небудзь, ніхто ня дасьць гарантыі. А афіцыйнаму Менску хочацца быць далучаным да чагосьці высокага і глябальнага. Дарэчы, станцыя РЛС пад Баранавічамі – гэта таксама элемэнт кіраваньня ядзернай зброяй. Гэта тое месца, адкуль будзе дадзены загад: “запуск!”. Гэта значыць, што ўжо 16 гадоў ігнаруецца пастанова Вярхоўнага Савету аб безьядзерным статусе нашай краіны. І Беларусь сама хоча быць адным з бакоў канфлікту.

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі:
“НЯ ДУМАЮ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ НЕХТА ХОЧА МЕЦЬ ЯДЗЕРНУЮ ЗБРОЮ”
Я выключаю такую магчымасьць. Абсалютна. Таму што гэтыя нядаўнія выбрыкі расейскага пасла… Яны ж не прадыктаваныя жаданьнем уцягнуць нас у ядзерны канфлікт. Гэта жаданьне паказаць, што Расея можа рабіць у Беларусі ўсё, што хоча. Вы ўявіце сабе, каб ў нейкаю краіну амэрыканцам заманулася паставіць ядзерныя ракеты, і каб гэтая краіна прамаўчала. Вы можаце сабе такое ўявіць? А ў нас маўчаць. Маўчыць краіна. Міністэрства замежных справаў як вады ў рот набрала. Яно павінна імгненна рэагаваць. Бо ёсьць падпісаны Беларусьсю Лісабонскі пратакол. Згодна зь ім Беларусь ня мае права пайсьці на такі крок. Я лічу, што гэта ўсё шантаж з боку моцных дзяржаваў. Я ня думаю, што ў Беларусі нехта хоча мець ядзерную зброю. Гэта пагібель для Беларусі.

Яніна, студэнтка:
“НАША ХАТА З КРАЮ”
А што вы там такое курыце, якую траву? Які ядзерны канфлікт? Гэта з той жа опэры, што і Алімпійскія гульні ў Менску. Ня той у нас маштаб. Гэта па-першае. А па-другое, галоўны дэвіз беларускага народу — “наша хата з краю”.

Алесь Міхалевіч, партыя БНФ:
“БЕЛАРУСЬ НЯ МОЖА БЫЦЬ НЭЎТРАЛЬНАЙ”
Калі будзе ядзерны канфлікт, то Беларусь непазьбежна будзе ў яго ўцягнутая. Як любая невялікая дзяржава, мы будзем у адной з групаў канфлікту. Я ня веру ў нэўтралітэт Беларусі. Я лічу, што Беларусь можа быць альбо з Расеяй, альбо ў НАТО. Нэўтралітэт – гэта прыгожыя словы, гэта крывадушнасьць. Мы так гаворым для Расеі, каб патлумачыць, чаму мы не зьбіраемся ў НАТО ісьці. На самой справе мы зьбіраемся туды ісьці. Нэўтральнай дзяржавы, якая ўсім тэрытарыяльна патрэбна, быць ня можа. Для Беларусі, на жаль, роля Швэйцарыі не падыходзіць.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“ЁСЬЦЬ ВЕРАГОДНАСЬЦЬ ПАЛІТЫЧНАЙ ГУЛЬНІ НА ГЭТЫМ”
Такая верагоднасьць ёсьць, але яна вельмі гіпатэтычная. Бо ядзерны канфлікт сёньня, да якога, як быццам, Расея гатовая, ёсьць толькі сродкам палітычнай гульні. Калі ядзерны канфлікт мець на ўвазе як палітычную гульню, дык тут я б не выключаў такой магчымасьці. Калі гэта нашай уладзе будзе патрэбна дзеля ўмацаваньня свайго ўнутранага і зьнешняга статусу, і калі Расея ёй добра праплоціць за тое, каб Беларусь пусьціла ядзерную зброю на сваю тэрыторыю, то цалкам магчыма, што ўрад Беларусі пойдзе на гэта. Аляксандар Лукашэнка яшчэ раней публічна выказваў шкадаваньне, што, маўляў, няправільна ў свой час зрабілі (Шушкевіч найперш вінаваты), што так лёгка адмовіліся ад ядзернай зброі на сваёй тэрыторыі. Там быў такі падтэкст – задарма. Мы маглі за гэта ўзяць значна больш. І ён меў рацыю. Напалоханыя распаўсюджаньнем ядзернай зброі амэрыканцы і эўрапейцы маглі тады раскашэліцца. Трэба было толькі паўпарціцца. Так што, усё залежыць ад сытуацыі, ад канкрэтных умоваў і прапановаў. Калі яны будуць адпавядаць нашым патрэбам, яны будуць зробленыя.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.