ЧЫМ СПРАВА СКОНЧЫЛАСЯ?

АЛЬБО ДЫЯЛЁГ З “НАЧНОЙ СВАБОДАЙ”

На пачатку хачу павіншаваць “Начную Свабоду” з удалай знаходкай – конкурсам “Выйграй кнігу “Свабоды”. Людзі шлюць СМСкі, журналіст тэлефануе пераможцу, і ў этэр ідзе гутарка са слухачом. Напэўна, і журналістам прыемна ведаць, што іх слухаюць, і для слухачоў важна, што, маўляў, не адзін я такі, дзівак, слухаю гэтае радыё.

А ўсьлед за пахвалой – крытычная зачэпка да той жа перадачы. Нядаўна адбыліся гутаркі з салігорскім маладзёнам Іванам Шылам і глыбоцкім краязнаўцам Уладзімерам Скрабатуном. І адзін, і другі – асобы актыўныя, гутаркі зь імі цікава было б слухаць доўга. Але я ўсё слухаў, слухаў, ды пары пытаньняў так і не дачакаўся. Рэч у тым, што некалькі месяцаў назад гэтыя людзі ўжо прамаўлялі на радыё. Іван распавядаў, як КДБісты пацягнулі на допыт у якасьці перакладчыцы ягоную школьную настаўніцу. Мяне, памятаю, гэты факт моцна ўразіў – якія шэксьпіраўскія страсьці, напэўна, разгарэліся ў душы настаўніцы, якая з савецкіх часоў не забылася, што такое КДБ. І вось я чакаў пытаньня, як далей склаліся адносіны настаўніцы й вучня… А спадар Скрабатун даўней быў распавядаў, як у глыбоцкай царкве знайшлі фрэскі з каталіцкага колішняга касьцёла. Я ўсё чакаў, што прагучыць пытаньне, чым жа справа скончылася, але так і не дачакаўся.

На жаль, на нашым радыё так бывае. Раскажуць пра варнянскіх трактарыстаў, якіх звольнілі за забастоўку, а дзе яны цяпер уладкаваліся?.. А ці дабіліся праўды тыя рабочыя, што паехалі ў Польшчу па праграме Каліноўскага, ды іх там падманулі з заробкам?.. Сказаўшы А, хацелася б, каб ужо гаварылі і Б.

Моўная заўвага. Надта ж не шанцуе слову “шахцёр”. Я чуў такія яго варыянты – шахтар, шахтэр. А на мінулым тыдні ад спадара Будкіна з Радыё Рацыя пачуў яшчэ адзін варыянт – шахтор. Засталося яшчэ выпрабаваць формы “шахтур” і “шахтыр”. А калі сур’ёзна, дык як лепей? Мусіць, пара вылезьці з кабінэцікаў, дзе такія варыянты прыдумляюцца, паехаць у Салігорск і спытацца ў тых рабацягаў, як яны сябе называюць.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.