СВАБОДНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭТА

Шаноўны чытач!

Калі Вы завяршаеце працу і ў Вас ёсьць крыху часу, пра што Вы любіце размаўляць са сваімі сябрамі ці суседзямі – у электрычцы, на лецішчы, у сябе дома? Хутчэй за ўсё, гэта тры тэмы.

Па-першае, Вас цікавіць тое, што тычыцца Вас і Вашага жыцьця непасрэдна. Якой будзе Ваша зарплата, якімі будуць квартплата й цэны на прадукты, як пабудаваць дом, якую купіць машыну, куды адправіць вучыцца дзяцей?..

Па-другое, Вас цікавіць палітыка і спорт (што вельмі блізка, па-сутнасьці) і што пішуць газэты.

Па-трэцяе, Вас вельмі цікавіць (але Вы пра гэта гаворыце толькі з самымі блізкімі) будучыня Вашай Бацькаўшчыны.

Газэта “Свабода” хоча Вам (і ўсім нам) дапамагчы. У рубрыцы “Гаспадарка” мы спрабуем разабрацца ў тым, што стаіць за рашэньнямі ўраду і прэзыдэнта – за падвышэньнем цэнаў на газ, напрыклад, ці за продажам кампаніі “Велком” замежным інвэстарам. І як гэта ўсё можа адбіцца непасрэдна на нашым з Вамі жыцьці?

У рубрыцы “Палітыка” і “Беларусь–Расея” мы пішам на актуальныя тэмы.

У рубрыцы “Чаго не паказвае БТ” распавядаем пра тое, пра што нельга ўведаць праз тэлеэкран або прачытаўшы “Советскую Белоруссию”.

Усе астатнія нашы рубрыкі так ці йнакш прысьвечаныя адказу на апошняе, самае цяжкое і самае галоўнае для нас усіх пытаньне.

Мы ня можам знайсьці адказ на яго толькі сіламі (вельмі абмежаванымі) журналістаў рэдакцыі. Але мы можам знайсьці яго разам з Вамі, чытач!

Усіх, каму патрэбнае наша выданьне, хто разам з намі шукае адказ, хто хоча бачыць Беларусь вольнай эўрапейскай краінай, мы прапануем увайсьці ў супольнасьць прыхільнікаў газэты “Свабода”.

Гэта можа зрабіць кожны, без усялякіх фармальнасьцяў, незалежна ад таго, дзе жыве. У супольнасьць можна ўступіць індывідуальна ці разам зь сябрамі. У яе можна ўступіць цэлай грамадзкай арганізацыяй. Для ўсіх знойдзецца справа па сілах.

Нехта можа проста даць пачытаць газэту свайму суседу, альбо падпісаць на яе сваіх знаёмых. Нехта можа раздрукаваць яе з інтэрнэту й распаўсюдзіць у сваёй мясцовасьці. Нехта можа знайсьці ці падказаць магчымасьць павялічыць наклад “Свабоды”, не выходзячы за рамкі закона.

Калі ў Вас ёсьць жаданьне і магчымасьці стаць распаўсюднікам “Свабоды” ў Вашым рэгіёне, альбо стаць карэспандэнтам “Свабоды” ў Вашым рэгіёне, — напішыце нам пра гэта e-mail альбо sms.

Разам зробім “Свабоду” сапраўды нацыянальным выданьнем.

“СВАБОДА” – БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭТА

Водгукаў на публікацыю “СВАБОДНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ГАЗЭТА”: 65

  1. KKK кажа:

    Усе астатнія нашы рубрыкі так ці йнакш прысьвечаныя адказу на апошняе, самае цяжкое і самае галоўнае для нас усіх пытаньне.
    ================
    У гэтым і праблема: газета, якая хоча быць папулярнай, павінна адказваць не на галоўнае ‘’для нас(выдаўцоў і аўтараў Свабоды?)'’ пытанне, а на шматлікія, на 90% не звязаныя з палітыкай пытанні простых беларусаў: як прасцей атрымаць тую ці іншую візу, дзе танней купіць хату, дзе лепей адпачыць, у якой школе лепшая беларуская класа, у якую можна аддаць вучыцца сваё дзіця, якія новыя цікавыя кнігі, кампакты на беларускай мове, дзе добры рэстаран, кабак, як склаліся лёсы ‘’былых'’ кіраўнікоў ды іх дзяцей, як жывуць ‘’каліноўцы'’(НЕ Франак Вячорка, калі ласка), лепшыя тарыфы на мабілы -у якой кампані, дзе таннейшыя крэдыты, як згулялі ў футбол… А вы ўсё ўрад, нафтаправод, допыт 15гадовага маладафронтаўца, які маляваў нешта на сцяне, пра гэта таксама трэба пісаць, аднак 10-15% плошчы газеты-не больш, купіце калі-небудзь Таймс ці Гвардзіан. А то шмат разважаем пра каля-сектанцкі маргінальны стан беларушчыны, а самі такую ж секту ствараем, заганяючы туды людзей, нічым не цікавяшчыхся акрамя рубрык ‘’Беларусь-Расея'’ ды ‘’цяжкасці мовы'’. А што цікавае, сучаснае на мове можна пачытаць, акрамя стогнаў пра заняпады ды рэпрэсіі? Вось і прабівайце гэтую дубовую сценку гетта, часта зробленую ўласнымі рукамі…

  2. Redaktar кажа:

    Шаноўны ККК!

    Вы ўпэўнены, што большасьць нашых чытачоў, асабліва ў “правінцыі”, цікавіць, дзе добры рэстаран?

  3. KKK кажа:

    Шаноўны сп. Рэдактар, А якім па Вашаму з’яўляецца сярэднестатыстычны чытач Свабоды? Пенсіянер-БНФавец, які на апошнія грошы падключыў інтэрнэт і ўвесь свой вольны час праводзіць на пікетах, сутках за пікеты ды ўвечары слухае радыё Свабода? Ці маладафронтавец, які вырашыў не жаніцца, не працаваць, не адпачываць да поўнай перамогі ‘’нашых'’? Амаль што ‘’У СССР сэксу няма'’- беларускамоўныя ні сэксам, ні крамамі, ні кабакамі, ні спортам не цікавяцца, а задавальняюцца выключна чытанкай пра рэпрэсіі, пра адносіны Беларусь-Расея, пра статыстыку зніжэння адукацыі на роднай мове ды сочаць за лёсам маладафронтаўцаў, ну і ў данёсак прачытаюць які верш пра прыроду на матчынай мове ‘’для душы'’ пад кампакт Даньчыка…
    P.S.Пункт погляду Свабоды на многія рэчы вельмі імпануе, аднак нельга зачыняцца выключна ў беларускамоўным свеце, які на сёння абмяжоўваецца парай-тройкай партыяў ды НГО, дзесяткам сайтаў-газет ды тузінам энтузіястаў. Трэба беларушчыну прыносіць і ў сэкс, і у крамы, і на футбол, а то так і застанемся батанікамі, якім нічога акрамя немэйнстрымавай палітыкі націкава.

  4. Redaktar кажа:

    Дарагі ККК!
    Насамрэч, нашыя погляды на газэту амаль не разыходзяцца. Мы радыя атрымліваць лісты, падобны да Вашага. Паверце, мы ўжо атрымліваем іх нямала — толькі не празь інтэрнэт, а праз СМС (гл.газэту). Бо нацэленыя мы галоўным чынам на аўдыторыю, якая пакуль не засвоіла сеціва. Што тычыцца аўдыторыі байнэту, дык беларуская яе частка (якая ўвесь час расьце) на вялікі жаль, надта часта занятая бясплённымі дыскусіямі, пляткарствам ды высьвятленьнем адносінаў паміж рознымі групамі й групоўкамі. Ну, і таксама — ў жывых дзёньніках — высьвятленьнем, дзе лепшыя крамы, сэкс-шопы, рэстараны і да т.п. У гэтым сэктары інэту гэта дарэчы.
    Мы хацелі б бачыць ня толькі крытыку ці пажаданьні наконт зьместу газэты (што толькі вітаецца), але ж і канкрэтныя прапановы па абсалютна канкрэтных рэчах. Чытайце нашую абвестку і ўступайце ў супольнасьць газэты Свабода! :)

  5. kkk кажа:

    Гэта як? Можна надрукаваць артыкул? А ганарар?:-)

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.