ВЕРАСЬНЁЎСКІЯ БІТВЫ

Суседзі адварочваюцца ад Беларусі

Такое ўражаньне, што суды ў РБ заваленыя справамі аб адміністрацыйных парушэньнях. Найперш – у зьвязку зь незарэгістраванай арганізацыяй “Малады фронт”. Не пасьпелі аціхнуць жарсьці пасьля судоў у Нясьвіжы й Салігорску, якія скончыліся спагнаньнем вялікіх штрафаў, як пачаўся суд у Баранавічах. Там судзілі маладафронтаўца Яраслава Грышчэню. У аўторак яму далі 930 тысяч рублёў штрафу. Але галоўныя падзеі разгарнуліся напярэдадні, калі спэцназ затрымаў каля будынку суда некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку двух журналістаў. На большасьць затрыманых склалі пратаколы ды выпусьцілі, а вось Павал Севярынец, адзін зь лідэраў маладафронтаўцаў, атрымаў штраф 620 тысяч рублёў ды яшчэ 17 сутак арышту. Яго зьвінавацілі ў арганізацыі мітынгу ў падтрымку Яраслава Грышчэні каля будынку суда. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі згодна з новым Адміністрацыйным кодэксам выносіцца нагэтулькі жорсткі прысуд (раней давалі максымум 15 сутак). Але гэта ня першы адміністрацыйны прысуд, вынесены за апошні час Севярынцу – маладому палітыку, які толькі нядаўна вярнуўся зь “хіміі”. 

Тым часам, 12 верасьня пачаўся закрыты суд над мастаком Алесем Пушкіным і актывістам Аляксеем Янушэўскім. Абодвум далі па сем сутак. Яны былі затрыманыя пры спробе патрапіць на Крапівенскае поле пад Воршай, дзе праходзіў фэст аўтарскай песьні. Гэты фэст традыцыйна праводзіцца тут у гонар Аршанскай бітвы, што адбылася 8 верасьня 1514 году. Неафіцыйна гэтая дата адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы. (У бітве пад Воршай войскі ВКЛ ушчэнт разьбілі маскоўскае войска).

Падыходы да Крапівенскага поля былі ачэпленыя міліцыяй на той падставе, што ў полі, нібыта, знайшлі снарады часоў другой сусьветнай вайны. Пушкіна й Янушэўскага зьвінавацілі ў тым, што выцягнулі чырвона-зялёны сьцяг з вакна аддзяленьня міліцыі. Сваю віну Пушкін не адмаўляў, заявіўшы, што такім чынам адказаў уладам “спэктаклем на спэктакль”.

Калі ўспомніць, што на пачатку верасьня спэцназ разагнаў у Менску гледачоў пастаноўкі “Вольнага тэатру” ў адным з прыватных дамоў, і што падставай быў, нібыта, ананімны званок аб тым, што памяшканьне замінаванае, дык трэба прызнаць, што “спэктаклі” ўладаў робяцца ўсё больш аднастайнымі. Новае ў гэтым тэатры абсурду, бадай, тое, што гледачоў хатняга спэктаклю зь ліку школьнікаў пачалі выклікаць на размовы ў КДБ.

Тым часам, за гэтымі бітвамі ды бойкамі, так бы мовіць, мясцовага значэньня незалежная прэса неяк амаль не заўважыла прысуд у крымінальнай справе Андрэя Клімава. Яго асудзілі на закрытым працэсе ў Цэнтральным судзе Менску да двух гадоў строгага рэжыму за распаўсюджваньне праз інтэрнэт заклікаў супраць дзейнай улады. Прысуд быў вынесены яшчэ 1 жніўня, але дзіўным чынам вядома аб гэтым стала толькі 7-га верасьня!

Былому дэпутату Вярхоўнага савету Беларусі Клімаву, які выступіў некалі з ініцыятывай імпічмэнту прэзыдэнта, давядзецца адседзець ужо другі турэмны тэрмін. Першым разам ён быў фармальна асуджаны як прадпрымальнік, нібыта за парушэньні пры будаўніцтве шматкватэрнага жылога дому. Новы прысуд мае адкрыта палітычны характар. Праўда, на адным з расейскіх сайтаў напісалі, што Клімаў сядзіць, нібыта, не за палітыку, а праз уласнае глупства. Маўляў, напісаў нешта ня тое пра Казуліна ды Беразоўскага і менавіта гэтым прыцягнуў увагу пракуратуры й КДБ… Лёс чалавека, як бачым, абыякавы ня толькі ўладам, але й некаторым незалежным журналістам.

Прысуд Клімаву, прысуды маладафронтаўцам асудзілі Эўразьвяз і ЗША. Там далі зразумець, што пакуль Беларусь не павернецца да дэмакратыі, зь яе кіраўніцтвам няма аб чым размаўляць. А тым часам новыя члены ЭЗ – Польшча, Латвія, Літва ў зьвязку з уступленьнем у Шэнгенскую зону (дзе можна вандраваць без памежнага кантролю) увялі новыя, больш жорсткія правілы атрыманьня візаў на ўезд у гэтыя краіны для грамадзянаў Беларусі. Каштаваць шэнгенская віза будзе 60 эўра для ўсіх без выключэньня і, каб атрымаць яе, трэба будзе ўладкаваць шмат фармальнасьцяў. Пакуль жа сотні, калі ня тысячы простых людзей вымушаныя цэлымі днямі стаяць у чэргах у пасольствы па аднаразовыя візы. Карціны, якія можна назіраць у тых чэргах, нагадваюць часам бойкі. І клянуць пры гэтым беларускія грамадзяне зусім не кіраўніцтва РБ, як, мабыць, спадзяваліся ў ЭЗ, а ўсіх эўрачыноўнікаў разам з эўрапейскай дэмакратыяй.

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.