“ВАШЫВЫЯ БЛОХІ” ЦІ СЯРЭДНІ КЛАС?
УЛАДА ХОЧА ЗЬНІШЧЫЦЬ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА
Прадпрымальнікі выйшлі на плошчу. Пакуль гэта ня бунт, а ўсяго толькі мітынг. Улады Менску дазволілі правесьці мерапрыемства на “пляцоўцы для сабак” – плошчы Бангалор. Мерапрыемства адбылося ў панядзелак, паколькі большасьць рэчавых рынкаў у гэты дзень зачынена. Мэта арганізатараў: “зьвярнуць увагу ўладаў на праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў і асобаў, якія працуюць у найму”.
Здавалася б, сама па сабе падзея – ніякая не навіна. Не ўпершыню беларускія прадпрымальнікі мітынгуюць. І ўсё ж такі, цяперашняя акцыя адрозьнівалася ад папярэдніх. Таму што прадпрымальнікаў загналі ў кут, і цяпер ім трэба альбо стаяць да апошняга, альбо зьнікнуць як клас.
Справа ў тым, што становішча прадпрымальнікаў значна пагоршылася пасьля прыняцьця прэзыдэнцкіх указаў № 302 і № 760. Згодна з указам № 302, індывідуальныя прадпрымальнікі павінны стварыць унітарныя прадпрыемствы. Гэта значыць, яны павінны стаць юрыдычнымі асобамі, мець юрыдычныя адрасы, праводзіць усе фінансавыя апэрацыі празь безнаяўны разьлік, весьці складаны бугальтарскі ўлік, запаўняць накладныя на ўсе тавары і г.д.
Яшчэ да падпісаньня гэтага ўказу многія экспэрты адзначалі, што ў выпадку яго прыняцьця работа дробных прадпрымальнікаў перастане быць рэнтабэльнай – страты, якія яны панясуць, дзейнічаючы ў якасьці камэрцыйных фірмаў, імгненна прывядуць іх да банкруцтва. Паводле словаў лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі, пра нежыцьцяздольнасьць указу сьведчыць наступны факт: у сталіцы на сёньняшні дзень прайшлі перарэгістрацыю ў якасьці юрыдычнай асобы толькі 14 прадпрымальнікаў. Нагадаем, што ў Беларусі сёньня працуе каля 200 тысяч дробных прадпрымальнікаў. І наймаюць яны яшчэ прыкладна 300 тысяч работнікаў.
Гэтую лічбу мы прыводзім таксама не выпадкова. Паводле другога “праблемнага” ўказу пад нумарам 760, ад 1 студзеня 2008 году індывідуальныя прадпрымальнікі ня змогуць прыцягваць да працы найманых работнікаў, за выключэньнем блізкіх сваякоў. То бок, пераважная колькасьць найманых работнікаў, якія сёньня працуюць на індывідуальных прадпрымальнікаў, проста страцяць працу.
Навошта ўладам павялічваць армію беспрацоўных? Навошта губляць падатковыя набыткі? Індывідуальныя прадпрымальнікі плацяць дзяржаве падаткаў больш за мільярд даляраў штогод.
Відаць, справа тут у ідэалягічнай нянавісьці. Улада, найперш у асобе кіраўніка дзяржавы, ненавідзіць прыватную ўласнасьць і згодная мірыцца зь ёй толькі ў выпадку скрайняй неабходнасьці. Прадпрымальнікі для гэтай улады – спэкулянты, фарцоўшчыкі, “вашывыя блохі”.
Цяперашняй уладзе ў Беларусі не патрэбная вялікая маса людзей, у якіх ёсьць хоць нешта сваё – свой капітал, напрыклад, хай невялічкі. Чаму? Ды таму, што з такіх людзей зь цягам часу вырастае той самы сярэдні клас, які патрабуе ўсялякіх там рэформаў і лібэралізацыі грамадзтва. Камандаваць рабочымі ці настаўнікамі з дапамогай працоўных кантрактаў куды прасьцей, чым незалежнымі, ініцыятыўнымі прыватнымі прадпрымальнікамі. А таму трэба іх загнаць назад – на заводы і ў канторы, пагалоўна пасадзіўшы на кантракты. Вось лёгіка ўлады.
І яна ўпарта праводзіць гэтую палітыку. Пра драконаўскія законы й падзаконныя акты, скіраваныя супраць разьвіцьця ў Беларусі малога й сярэдняга бізнэсу, можна напісаць асобную кнігу. Шчыра кажучы, часам зьдзіўляесься – як у нашай краіне ўвогуле існуюць прадпрымальніцтва і прадпрымальнікі? Як у старым анэкдоце – хіба што дустам не спрабавалі труціць!
І вось цяпер прадпрымальнікі выйшлі на вуліцу. Дакладней, пакуль што на плошчу Бангалор. Калі ім ня ўдасца дамагчыся скасаваньня ці хоць бы зьмякчэньня ўказаў №№ 302 і 760, дзяржава канчаткова загоніць іх у пастку. Прадпрымальнікі гэта разумеюць, і гатовыя ісьці далей, баронячы свае інтарэсы.
Яны маюць намер правесьці 2 кастрычніка аднадзённую папераджальную забастоўку па ўсёй Беларусі. Такое рашэньне прынятае на ўстаноўчай канфэрэнцыі грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, якая адбылася 10 верасьня ў Мінску.
Калі ўлады зноў не прыслухаюцца да меркаваньня прадпрымальнікаў, 1 лістапада яны намераныя пачаць бестэрміновую забастоўку, з адмовай ад выплаты падаткаў. Ці ўдасца ім дасягнуць посьпеху? Гэта залежыць ад таго, наколькі яны будуць актыўнымі.
Бо калі ўявіць, што на вуліцы выйдуць усе 200 тысяч прадпрымальнікаў і яшчэ 300 тысяч найманых імі работнікаў, гэта будзе сіла, зь якой улада змушаная будзе лічыцца.
Пакуль, праўда, падобнай актыўнасьці не назіраецца – той самы мітынг на Бангалоры сабраў усяго каля тысячы чалавек. Так што, калі большасьць зьбіраецца, як і раней, адседжвацца за сьпінамі сваіх таварышаў-актывістаў, дык любыя акцыі пратэсту асуджаныя на правал. Гэтак не аднойчы здаралася раней. Але ніколі пагроза самому існаваньню прадпрымальнікаў яшчэ не была нагэтулькі рэальнай. Таму, магчыма, гэта дадасьць ім зараз рашучасьці. Прадпрымальнікам ёсьць што губляць, акрамя сваіх ланцугоў.
У самым блізкім часе мы даведаемся, да чаго прывядуць згаданыя ўказы: да ліквідацыі прадпрымальніцтва ці да нараджэньня актыўнага сярэдняга класу.