НАШЫЕМ МОРА СЬЦЯГОЎ

АЛЬБО ПАСЬВЕДЧАНЬНЕ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ

11-га верасьня ў перадачы “Ранішняя Свабода” журналістка Алена Радкевіч абмяркоўвала з Тацянай Процькай, старшынёй Хельсінскага камітэту, апошнія шматлікія суды над удзельнікамі маладзёвых дэмакратычных арганізацыяў. Спадарыня Процька стомленым голасам адзначыла, што ў дзеяньнях улады няма нічога новага, але дасталося й маладым змагарам. Праваабаронца ўсумнілася, што тыя маладзёны маюць якуюсь акрэсьленую мэту сваіх дзеяньняў. Навошта правакаваць улады, калі рэакцыя іх загадзя вядомая? Алена Радкевіч завершыла гутарку запрашэньнем да слухачоў радыё, каб тыя адказалі на гэтае пытаньне. І я, як слухач, таксама хачу ўключыцца ў дыскусію. На мой погляд, найлепшай праявай салідарнасьці з тымі змагарамі, хто ўжо сядзіць у турмах, было б правесьці хоць адну талковую пасьпяховую акцыю, якая б не закончылася затрыманьнямі ды пакараньнямі.

Калі забіраюць за бел-чырвона-белыя сьцягі, давайце прыхаваем іх да лепшых часоў, а нашыем мора сьцягоў са старажытнымі гербамі гарадоў і ўздымем іх каля помніка Ўсяславу Чарадзею ці на юбілеі Менску. А можна яшчэ напісаць лёзунгі “Прывітаньне, Эўропа”, “Мы хочам у Эўропу” і прыйсьці на адкрыцьцё гасьцініцы ў Менску. А можна яшчэ падаць заяўкі й дзе-небудзь у Серабранцы ці Курасоўшчыне ці ў Маладэчне ці ў Стоўбцах правесьці сьвята з нагоды юбілею Коласа й Купалы. Забараніць такое нават гэтым уладам было б складана.

Я, вядома, слухаю ня толькі наша беларускае радыё. Хочацца ж ведаць, што робіцца ў сьвеце. Ды й каб было з чым параўнаць. І вось якія цікавосткі я пачуў на мінулым тыдні. У польскай перадачы на Літоўскім радыё распавялі пра “карту паляка” (пасьведчаньне), якую Польшча будзе выдаваць грамадзянам іншых дзяржаваў, што назавуць сябе палякамі. Нашы радыёстанцыі гэты факт абмінулі. А дарэмна. Тут ёсьць пра што паразважаць. Альбо гэта праява рэваншызму (маўляў, яны ж нашых грамадзянаў пакрадуць), альбо якраз цывілізаванае вырашэньне праблемы, калі бацькаўшчына клапоціцца пра ўсіх сваіх дзетак. І, як спэцыяльна, прагучала на расейскай “Свабодзе” перадача Сяргея Жарковіча “Колдовская сила”. Аўтар паехаў у ваколіцы Невеля (а гэта беларуска-расейскае памежжа) і запісаў там бабулек-шаптух. Як гаварылі тыя бабулькі! Заслухаесься. І галоўнае, чыста па-нашаму. Калі ж і Беларусь увядзе хаця б ня “карты”, а якія карцялюшкі для сваіх землякоў за мяжой?

Сяржук Вітушка

Водгукаў на публікацыю “НАШЫЕМ МОРА СЬЦЯГОЎ”: 54

  1. vasil кажа:

    pra kartu palaka czasta havarylasia na polskim radyjo, bielaruskaj sluzbie

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.