Што зьвязвае беларуса са сваім народам?
Уладзімер Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі:
“ЗЬВЯЗВАЕ КОД ПАВОДЗІНАЎ”
Зьвязваюць традыцыі, код паводзінаў, які закладзены выхаваньнем. На падсьвядомым узроўні. Прычым, гэтая падсьвядомасьць, яна на працягу некалькіх пакаленьняў захоўваецца. Такое неасэнсаванае навучаньне дзяцей пэўным нормам — эстэтычным, маральным. Ну і таксама агульныя нашы цяперашнія праблемы, зьвязаныя з геапалітыкай, а таксама зьвязаныя з нацыянальным нігілізмам, з адсутнасьцю гістарычнай памяці.
Васіль, прадпрымальнік:
“ЛЯГЧЭЙ ПЕРАЛІЧЫЦЬ ТОЕ, ШТО НЯ ЗЬВЯЗВАЕ”
Лягчэй пералічыць тое, што ня зьвязвае беларуса зь яго народам. Яго ня зьвязвае пачуцьцё краіны, пачуцьцё агульнай мовы, пачуцьцё агульнай гісторыі, нават пачуцьцё агульнай культуры. У каго ў галаве Пушкін, у каго Брытні Сьпірс. У расейца ўсё проста: садавіна – яблык, паэт – Пушкін, палкаводзец – Сувораў. Зь беларусамі складаней. У іх ёсьць беларускасьць, але яна складаецца з такіх шматлікіх і розных кампанэнтаў, і яны настолькі ў кожным па-рознаму ўтрымліваюцца, што недастаткова іх гэта зьвязвае, бракуе ім гэтай сувязі. Каму ВКЛ, каму Хатынь, каму Мулявін, каму Шалкевіч. Габрэяў зьвязвае агульная рэлігія. Чачэнцаў – агульны род. А беларусаў зьвязвае ўсяго патроху. І ўсяго гэтага недастаткова.
Уладзімер Крукоўскі, мастак:
“УСЁ, ШТО НАС АКАЛЯЕ”
Месца пражываньня, клімат, прырода, расьліны, жывёлы – усё, што беларуса акаляе. Усё, да чаго ён зь дзяцінства прывык. У нас кампактная краіна, клімат палескі мала чым адрозьніваецца ад паўночнага, дзьвінскага. Так што, перш наперш, кожнага беларуса зьвязвае з усімі беларусамі месца нараджэньня і месца пражываньня. А таксама аднолькавая ежа, аднолькава брудная вада. Усё зьвязанае зь зямлёю.
Пятро, таксіст:
“Я АДЧУВАЮ СЯБЕ ЧАСЬЦІНКАЙ СВАЙГО НАРОДУ”
Адным словам гэтага ня выказаць. Гэта нешта мэтафізычнае, якое выразна праяўляецца, калі я прыяжджаю ў вёску, дзе правёў сваё дзяцінства. Я гэтую сувязь адчуваю ўсёй істотаю. Калі гляджу на тыя краявіды, калі размаўляю са старымі, калі дыхаю тым паветрам. Я адчуваю сябе часьцінай не насельніцтва сёньняшняй РБ, а менавіта свайго народу, які тут жыў да мяне. Трэба дома бываць часьцей.
Уладзімер Някляеў, паэт:
“СУВЯЗІ ПАРВАЛІСЯ”
З народам, як пчолы зь мёдам, зьвязаныя беларусы прастытуцкіх заняткаў. Палітыкі ды іхная чэлядзь – ідэолягі, журналісты. Той зь беларусаў, хто насамрэч беларус, з народам аніяк не зьвязаны, бо, як ён яму, так і народ яму без патрэбы. Ну, хіба што, зьвязаны праз раздражненьне тымі недарэкамі, якія вакол яго. Але пасьля ён раптам адкрывае для сябе, што ён таксама беларус і гэткі самы недарэка. І затым і гэтая сувязь праз раздражненьне сканчаецца. На сёньняшні дзень, я думаю, сувязі, якія ўмоўна ствараліся паміж асобай і народам, яны парваліся і рэальна іх не існуе.
Зьміцер, беспрацоўны:
“ЛЮДЗІ ЗЬВЯЗАНЫЯ АГУЛЬНАЙ ХВАРОБАЮ”
Чым могуць быць зьвязаныя людзі, якія жывуць у лепразорыі, у які ператварылася краіна? Агульнай хваробаю. Яе можна назваць сталінізмам, можна савецкасьцю. Але як яе ні называй, да беларускасьці яна ня мае ніякіх адносінаў. Хвароба гэтая, на жаль, невылечная й заразная. Бо новае пакаленьне, па ўсім відаць, гатовае жыць у хлусьні ды страху. І пры гэтым не адчуваць аніякага дыскамфорту. Тым жа нешматлікім, здаровым беларусам, якія яшчэ не пакінулі межы лепразорыя, можна толькі паспачуваць і пазайздросьціць. Паспачуваць за дзяцей, якіх яны нараджаюць тут. А пазайздросьціць у тым, што іх жыцьцё заўжды будзе мець высокі сэнс. Змаганьня за нармальнасьць у лепразорыі хопіць не на адно пакаленьне.
Адам Глёбус, пісьменьнік:
“ПАШПАРТ РОБІЦЬ БЕЛАРУСАМ”
Пашпарт. Гэта вельмі многа. Гэта аб’ядноўвае, гэта зьвязвае, гэта ў кішэні ляжыць. Гэта не дэмагогія. Гэта канкрэтная рэч, дзе напісана “Беларусь”. Я ня ведаю, хто напіша оду беларускаму пашпарту. Нехта з наступных пакаленьняў. Пра сіні пашпарт. Ён робіць любога чалавека беларусам. Хоча ён ці ня хоча. Асабліва гэта відаць за мяжой. Такая маленькая кніжачка. А людзі недастаткова любяць кнігу. Правапіс мяняюць направа, налева. А пашпартная кніжачка вельмі важная. Таму што яна матэрыяльная. Гэта матэрыя. Што-што, а гэтую кніжачку ўсе вельмі ўважліва чытаюць. Па сто разоў. І нумаркі зьвяраюць, і прозьвішчы, і грошы па гэтай кніжачцы атрымліваюць. І нікуды ты безь яе. І разам з матэрыяй, там і імя тваё, і месца, дзе ты жывеш, месца, дзе ты нарадзіўся. Там шмат чаго.
Інэса, хатняя гаспадыня:
“ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ”
Мы павязаныя жаданьнем жыць “хлебам адзіным”. Каб было “ўсё як у людзей”. Калі машына, дык “мэрс”. Калі дом, дык катэдж з эўравагонкай. Мы любім паесьці, выпіць, апрануцца. Але ўсё, што нельга зьесьці й памацаць – мова, культура, гісторыя, нас не хвалюе. Тым і жывем. Навошта жывем –і самі ня ведаем. Можа, каб суседзі глядзелі на нас і думалі.
Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“МОЖА, МЫ ЎЖО СФАРМАВАНЫЯ ЯК НАЦЫЯ”
Я ў свой час задаваўся пытаньнем, што значыць “любіць Беларусь”? Што значыць “Я люблю свой народ”? Хіба я насамрэч люблю нейкага бібліятэкара з Капыля, ці трактарыста са Сьвіслачы толькі за тое, што яны жывуць у гэтай краіне разам са мной? Бадай, не. Гэта хутчэй мае тэрмін “зямляцтва”. Калі людзі апынаюцца на чужыне, яны гуртуюцца паміж сабою, толькі таму, што яны землякі. Але гэта іншае. А вось калі мы кажам пра тое, што нас зьвязвае кожнага з усім астатнім, вось тут становіцца зразумелым, што гэта нейкія ўнівэрсальныя рэчы. Штосьці агульнае. Паколькі мова беларусаў ня зьвязвае, то агульнасьць наша можа выяўляцца толькі празь нейкія іншыя катэгорыі. Найперш нас зьвязвае агульная дзяржава. Наймацней нас зьвязвае разам кіраўнік гэтай дзяржавы. Зьвязвае альбо агульнай любоўю, альбо нянавісьцю. Але ўсё роўна, мы ўсе разам сыходзімся, адчуваем і зьяўляемся адным цэлым у любові ці нянавісьці да яго. Ён ёсьць нейкай унівэрсальнаю фігурай, празь якую мы сябе вызначаем і зьвязваемся з усімі астатнімі. Затым нас зьвязвае агульны закон, зьвязваюць атрыбуты і знакі культуры. Хочам – ня хочам, мы ўсе ў школе чуем пра Скарыну, пра ВКЛ, пра “партызанку”. Далей. Менскае “Дынама”, Максім Мірны, Ксенія Сітнік. Калі яна на дзіцячым “Эўрабачаньні” перамагла, уся жаночая палавіна Беларусі была ў эўфарыі. Гэтае маленькае дзяўчо, хай сабе папса, на нейкі момант усіх аб’яднала. Дарэчы, акрамя Лукашэнкі, нас яднае і Пазьняк. Таксама фігура, якую ўсе ведаюць. Зь любоўю ці нянавісьцю, але яна яднае. Яднае Машэраў. Яднае трактар “Беларус”. Яднаюць “Дажынкі”. І калі б мы паспрабавалі падлічыць колькасьць гэтых знакаў, падзеяў, атрыбутаў і прозьвішчаў, то мы б убачылі, як шмат нас ужо яднае паміж сабою. Фэномэн нацыі, як агульнасьці, ён дзіўны, ён таямнічы. Ён застаецца нераскрытым. Гэта агульныя ўнівэрсальныя каштоўнасьці. І калі яны ёсьць, калі іх зьбіраецца шмат, тады нацыя фармуецца як нацыя. Беларусаў яднае Хатынь і ўсе спаленыя вёскі. Гэта магутны нацыяўтваральны фактар. Як і Чарнобыль, як і “кожны чацьвёрты”. Гэта яшчэ пытаньне, што нас больш зьвязвае – нашы беды агульныя ці нашы перамогі? Можа, мы ўжо нармальна сфармаваныя, як нацыя?