ТРЭЦЯЯ РЭВАЛЮЦЫЯ
Ня можа ўвесь час “нізкае” быць наверсе
У польскім урадзе скандал: арыштаваныя былы міністар унутраных справаў, генэральны камісар паліцыі; трэці, адзін з самых багатых у Польшчы бізнэсмэнаў пазьбег стальных бранзалетаў толькі таму, што знаходзіцца за мяжой.
Я ня буду паглыбляцца ў сутнасьць справы, заблытанай настолькі, што й самі палякі не разумеюць – хто чаго хацеў і ў чым вінаваты. Цікава іншае – размовы гэтых высокапастаўленых асобаў, што былі патаемна запісаны, а цяпер абнародаваны ў якасьці доказаў. Зьвярнула на сябе ўвагу тое, што людзі такога кола размаўляюць міжсобку на “блатной фені”.
Але гэта нечакана толькі для палякаў; беларусаў улада даўно ўжо прывучыла да такога жаргону. (Як і да таго, што краіна жыве “по понятиям”.)
А яшчэ раней увесь сьвет абегла славутае “мочить в сортире”. Тыя ж, хто служыў у войску, ведаюць лексыкон сучасных афіцэраў – ад лейтэнанта да генэрала, дзе за мацюкамі цяжка пачуць звыклае, людзкае слова.
Хто ведае, як там размаўлялі ў сваім коле прыдворныя Людовіка XIV-га, Напалеона або, скажам, паплечнікі Касьцюшкі. Аднак бясспрэчны той факт, што тады эліты, “вышэйшыя касты” рэзка й выразна аддзялялі сябе ад “нізоў”. Усім – кодэксам паводзін, моваю, адзеньнем. Запомніўся кадар з кінафільма “Над Нёманам” паводле аповесьці Элізы Ажэшкі, дзе паненка ў шыкоўнай вішнёвай сукні са шлейфам сустракае ў полі бруднага селяніна, які арэ зямлю. Кантраст неапісальны.
Існуе тэорыя “трох рэвалюцый” – найперш былі буржуазныя, якія скінулі ўладу арыстакратаў, потым пралетарскія, скіраваныя ўжо супраць “буржуяў”.
Цяпер жа адбываецца “паўзучая” рэвалюцыя самых нізоў, люмпэнаў. Сьвет перабудоўваецца на іх капыл, паводле іх уяўленьняў аб маралі й эстэтыцы, хоць яны й словаў такіх ня ведаюць.
Цяжка не прызнаць рацыі гэтай гіпотэзы, варта толькі пільна ўгледзецца ў працэсы, якія адбываюцца ў жыцьці, — у палітыцы, мастацтве. І як жа многія, здавалася б, далёкія ад сябе зьявы ўкладваюцца ў “пазлы” “трэцяй рэвалюцыі”.
Не бывае рэвалюцый без ахвяраў, без пацярпелых; трацілі галовы пад нажом гільятыны арыстакраты, гінулі “буржуіны” ў ГУЛАГу.
І не магла не засесьці ў сьвядомасьці “вярхоў” думка – ня трэба дражніць “абарванцаў” сваімі звычкамі, сваім этыкетам ды “чыстаплюйствам”. А яшчэ лепш – самім замаскіравацца пад “нізы”.
Сьвядома ці падсьвядома, але “працэс пайшоў”, мімікрыя зайшла настолькі далёка, што й сама эліта пачула ў ёй смак. Ці ж не прыемна пераапрануцца абадраным і няголеным жабраком, ведаючы, што ты насамрэч калі ня прынц, дык уласьнік “кругленькага” рахунка. І што “лахманы” твае куплены ў шыкоўным “буціку”. Аднак ты нічым не выдзяляесься, ты пасылаеш сапраўдным абарванцам “мэсыдж” – я свой, я ваш, ня крыўдзіце мяне!
Эліта, каб захаваць сваё багацьце, дзяліцца якім ня дужа хочацца, вырашыла аддаць у якасьці ахвяры культуру. Усё – кнігі нобэлеўскіх і букераўскіх ляўрэатаў, “элітныя” спэктаклі, выставы сучаснага мастацтва, ня кажучы ўжо пра розныя TV-шоў – усё “заточана” пад густы “плебсу”, “чэрні”. Няхай хамы адчуваюць сябе ўладарамі сьвету. Збылася мара пралетарскіх правадыроў – такое мастацтва сапраўды належыць адпаведнаму народу. Шчымлівае яднаньне “вярхоў” і “нізоў” – галоўны чалавек у дзяржаве гаворыць з экрана тэлевізара так, як бы ён стаяў ля піўной будкі. Свой, наш. Ня тое, што эці, бля, інцілігенты.
Ды вось бяда – зрэшты, чаму бяда, надзея, — перавернутая піраміда зьяўляецца няўстойлівым збудаваньнем. Ня можа ўвесь час “нізкае” быць наверсе, адбываюцца нябачныя воку браджэньні, якія немагчыма ані кантраляваць, ані спыніць. Хам то ён хам, і толькі нядаўна з гразі ў князі, а хочацца адчуваць сябе князем. І вось цягне ўжо, цягне да “глямуру”, да культуры, маць яе так.
Галяндзкія бюргеры, што замаўлялі ў Рэмбрандта ды Хальса партрэты, таксама былі з “хамаў”.
Ёсьць і ў “трэцяй рэвалюцыі” пачатак, і няма ў яе канца.
Цікава жыць на гэтым сьвеце, панове!