КУДЫ НЯ ЕДЗЕ ЛУКАШЭНКА
АЛЬБО РАСКАЖЫЦЕ ПРА ПОМНІКІ
1 верасьня ў суботу Радыё Свабода, а назаўтра Эўрарадыё ў выпусках навін паведамілі адным сказам: “У Полацку адкрылі помнік Усяславу Чарадзею”. Пазьней Радыё Рацыя ўдакладніла: “Помнік важыць аж чатыры тоны, а Лукашэнка не прыехаў на адкрыцьцё”. І ўсё. Ні слова пра тое, як выглядае помнік, як прайшло адкрыцьцё, хто такі князь Усяслаў, што значыць Полацак у нашай гісторыі. Як быццам слухачу не цікава ведаць гэта. Як быццам нам толькі пра Лукашэнку важна паслухаць, куды ён там езьдзіць. Не было яго на нашым сьвяце, і добра, што не было. А вы мне раскажыце, які прыгожы наш князь Усяслаў, як усе патрыёты зьехаліся ў Полацак, узьнялі харугвы з гербамі старажытных гарадоў і са старадаўняй Пагоняй, як запяялі народныя гімны… Не, ніхто мне гэтага не раскажа. Затое ўсе дружна расхвалілі якіхсьці “змагароў”, што 1 верасьня ў Менску пазьдзекваліся з падручніка беларускай мовы. (Арганізацыя “Моладзь БНФ” правяла ў гэты дзень так званы “флэш-моб”, выказаўшы такім чынам пратэст супраць выдаленьня з праграмаў беларускай літаратуры асобных твораў Купалы, Быкава і некаторых сучасных пісьменнікаў – рэд.) Калі гэткія абаронцы, дык і ворагаў ня трэба.
І яшчэ пра помнікі. Некалькі тыдняў таму ўсе станцыі паведамілі пра наладжаную Беларускай асацыяцыяй журналістаў прэс-канфэрэнцыю з нагоды мэдыя-кампаніі ў абарону помнікаў. Пасьля гэтага прагучалі рэпартажы пра касьцёл сьв. Язэпа ў Менску, пра Курапаты, пра Гродна і Гомель. Звычайныя рэпартажы ўсьлед за падзеяй. Але нейкіх новых адмысловых перадач не заўважыў. Я чакаў расьсьледаваньняў, дыскусій, аналітыкі. Ці я неяк ня так зразумеў сэнс абвешчанай кампаніі?
Сяржук Вітушка
September 8, 2007 у 01:05
сяржуку, а можа гэта нашае глыбіннае, яшчэ ад нашай старадаўняй пагоні - толькі наўздагон бегчы, га?
_______________________
сумны жарт