ХТО БАІЦЦА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА?

На тэлебачаньні ня хочуць прамаўляць яго імя

Шчыра кажучы, гэтыя нататкі трэба было б надрукаваць пад рубрыкай “Чаго не паказвае БТ”. Мне, праўда, дагэтуль не даводзілася асуджаць аўтараў якіх бы там ні было праграм за тое, чаго ў іх не хапае. У крытыкаў гэта наогул лічыцца дурным тонам. Крытыкуй тое, што ты бачыш – як, кепска ці добра зробленыя перадача, фільм, спэктакль і г.д., а не шкадуй, што ў іх няма таго, чаго б ты хацеў.

Тым ня менш, гаворка зараз менавіта пра тое, што хацеў бачыць на тэлеэкране глядач, але яму ў гэтым адмовілі, прычым у хамскай манеры. Ня буду далей гаварыць загадкамі.

3-га верасьня адзначалася 80-годзьдзе Алеся Адамовіча – выдатнага беларускага пісьменьніка-публіцыста, які пайшоў ад нас трынаццаць гадоў таму. Напярэдадні юбілею газэта “Советская Белоруссия” надрукавала вялікі матэрыял, прысьвечаны Адамовічу і Быкаву (яны пры жыцьці былі блізкімі сябрамі). Творчасьці іх у газэце была дадзеная найвышэйшая ацэнка.

І хоць афіцыйных мерапрыемстваў з нагоды 80-годзьдзя клясыка нідзе ў Беларусі не было, многія спадзяваліся, што ўсьлед за галоўнай дзяржаўнай газэтай беларускае тэлебачаньне больш-менш годна адзначыць гадавіну Адамовіча паказам нейкіх фільмаў ці перадач.

Чакалі, напрыклад, выхаду ў нядзелю на 1-м канале перадачы “Час кіно”, у рамках якой плянавалася паказаць дакумэнтальную стужку “Адамовіч – сцэнарыст”. Але за дзесяць хвілін да этэру, кажуць, паступіў загад гэты фільм зьняць. Замест яго паказвалі стужкі на экалягічныя тэмы.

Але тое, што наступным днём зрабіў тэлеканал “Лад”, увогуле ні ў якія рамкі ня лезе. Канал паказаў фільм “Адкрыцьцё”. У тэлепраграме было пазначана, што ён прысьвечаны 80-годзьдзю з дня нараджэньня Адамовіча. Там ёсьць шмат унікальных кінакадраў, гучыць голас самога пісьменьніка. Але ўсё было змазана тым, што фільм выйшаў у этэр увогуле бяз тытраў і нават бяз назвы. А ў канцы, без усялякага пераходу ці адбіўкі, адразу пайшла рэкляма. Хто аўтары стужкі, калі й дзе яна зробленая, засталося загадкай. Як, між іншым, поўнай загадкай для выпадковага гледача засталося – хто ж герой гэтага фільма, каму ён прысьвечаны і з якой нагоды выйшаў?

Ну, дапусьцім, узьнікла нейкая тэхнічная праблема. Усялякае здараецца. Але ніякіх прабачэньняў ці тлумачэньняў, хаця б бягучым радком, у этэры ні ў часе паказу, ні пасьля яго не было. Як быццам, так і трэба.

Чым так зьдзеквацца з памяці пра Адамовіча і з аўтарскага права – лепей было б увогуле адмовіцца ад паказу. Прынамсі, гэта выглядала б больш прыстойна.

Дарэчы, у той самы дзень на расейскім тэлеканале “Культура” выйшаў цудоўны дакумэнтальны фільм пра Адамовіча “Вандраваньне зь Менску ў Маскву і назад”. Як сказана ў анатацыі – гэта стужка пра “пісьменьніка, які пераадольваў ціск свайго часу. І таму ягоныя кнігі й грамадзянскія ўчынкі пераадолелі сам час”. Але, дадамо, не ў Беларусі. Беларуская рэжысэрка Галіна Адамовіч (яе прозьвішча супадае з прозьвішчам пісьменьніка) зьняла гэты фільм у Расеі. А беларускі глядач пазбаўлены магчымасьці глядзець расейскі канал “Культура”. Так што вяртаньне Алеся Адамовіча з Масквы ў Менск, відаць, адкладваецца да лепшых часоў.

Максім Пешка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.