ЗА БЯЗЬЯДЗЕРНУЮ БЕЛАРУСЬ

Станіслаў Шушкевіч вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру

24 жніўня стала вядома, што першы прэзыдэнт дэмакратычнай Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1983 год Лех Валэнса вылучыў на гэтую пачэсную прэмію былога кіраўніка Беларусі Станіслава Шушкевіча.

“Барацьба, у якой браў удзел Станіслаў Шушкевіч, прывяла да заканчэньня эпохі падзелаў – на блёкі, сыстэмы, межы, і пачала эпоху міру, дабрабыту, глябалізацыі. Ужо толькі гэты факт робіць выбітнай асобу Шушкевіча, але не абмяжоўвацца іншымі яго дасягненьнямі”, – заявіў Валэнса ў інтэрвію Эўрапейскаму Радыё.

У афіцыйных СМІ Беларусі факт вылучэньня беларускага палітыка на Нобэлеўскую прэмію праігнаравалі. І гэта зразумела. Але і ў беларускім неафіцыйным друку пра гэты факт таксама пішуць ня шмат. Больш за тое, на адным з папулярных дэмакратычных сайтаў у інтэрнэце адразу зьявіліся камэнтары зьедлівага зьместу, дзе Шушкевіча называюць “клёўнам”, “пэнсіянэрам”, “здраднікам”. Аднаго з найбольш вядомых у сьвеце беларускіх палітыкаў высьмейваюць, зь яго кпяць. І нават той факт, што цяперашняя першая асоба дзяржавы прызначыла першаму яе намінальнаму кіраўніку, прафэсару фізыкі пэнсію памерам у некалькі даляраў, у многіх выклікае толькі зларадныя ўсьмешкі.

Што ж атрымліваецца? Былы кіраўнік легендарнага прафсаюзу “Салідарнасьць” Валэнса назаўсёды ўвайшоў у гісторыю як “электрык, які выклікаў кароткае замыканьне камуністычнай сыстэмы”. Ён вылучае нашага суайчыньніка на прэмію, якую ў свой час з рук караля Нарвэгіі атрымлівалі знакаміты дасьледчык Фрыцьёф Нансэн (ён ратаваў Савецкую Расею ад голаду ў Паволжы), выдатны місіянэр і філёзаф Альбэрт Швэйцэр, акадэмік Андрэй Сахараў, Далай-лама, Міхаіл Горбачоў…

Сам факт вылучэньня павінен быў бы ўспрымацца ў Беларусі пазытыўна. Але гэтага не адбываецца. Сапраўды, як кажуць, няма прарока ў сваёй айчыне.

Мабыць, справа ў тым, што людзі пра многае хутка забываюць. Альбо пачынаюць успрымаць вялікія дасягненьні як нешта звыклае, нешта зразумелае само сабою. Тое, што Беларусь сёньня застаецца бязьядзернай дзяржавай, успрымаецца як дадзенасьць. Між тым, ракетная зброя была выведзеная з Рэспублікі Беларусь у 1992 годзе, калі Шушкевіч быў старшынём Вярхоўнага савету краіны. І менавіта вывад ядзернай зброі зь Беларусі стаіць першым пунктам у абгрунтаваньні вылучэньня Шушкевіча на прэмію.

Там ёсьць і іншыя важныя пункты – ініцыятыва сустрэчы ў сьнежні 1991 году кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія падпісалі Белавескія пагадненьні, актыўны ўнёсак у мірны раскол расейскай каляніяльнай імпэрыі, якая існавала ў выглядзе Савецкага Саюзу, адданасьць прынцыпам міру, дэмакратыі, правоў чалавека.

Але першы пункт выглядае найбольш важным – асабліва на фоне выказваньняў пасла РФ у Беларусі Аляксандра Сурыкава пра магчымасьць разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ў Беларусі. Як быццам знарок, яны прагучалі ўсяго празь некалькі дзён пасьля таго, як з Польшчы прыйшла навіна аб вылучэньні Шушкевіча на прэмію міру.

“У адказ на пляны Вашынгтона Расея і Беларусь могуць прыняць рашэньне аб стварэньні сумесных ваенных аб’ектаў, у тым ліку й ядзерных. Канечне, усё гэта адбудзецца пры пэўным узроўні ўзаемадаверу і інтэграцыі, а таксама залежыць ад пункту гледжаньня экспэртаў, дыпляматаў, ваенных: трэба, можна, калі, як”. Гэта фрагмэнт інтэрвію, якое пасол Сурыкаў даў агенцтву “Інтэрфакс”. Пад “плянамі Вашынгтона” маецца на ўвазе намер адміністрацыі ЗША разьмясьціць у Чэхіі і Польшчы элемэнты (радары) проціракетнай абароны – ПРА. Расейскае міністэрства замежных справаў ня стала ніяк камэнтаваць выказваньне свайго дыплямата, але ніякім чынам і не абвергла яго. У МЗС Беларусі таксама, фактычна, ухіліліся ад камэнтароў па сутнасьці.

Канечне, заява пасла сфармуляваная такім чынам, каб да яе цяжка было дачапіцца  — вяртаньне ядзернай зброі падаецца як нейкая гіпатэтычная мадэль, ажыцьцявіць якую на практыцы можна толькі пры “пэўным узроўні інтэграцыі”. Але разам з тым, гэтыя словы даюць ясна зразумець, у тым ліку афіцыйнаму Менску – у абмен на “інтэграцыю (у тым ліку, напрыклад, у абмен на танны газ) Масква запатрабуе высокую цану. У тым ліку – ператварэньня саюзьніка ў свайго сатэліта, дакладней – закладніка ў ядзернай палітыцы.

Вось як пракамэнтаваў пасаж расейскага дыплямата Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію Радыё Свабода: “Расея ўсё больш вяртаецца на пазыцыі былога СССР і хоча быць імпэрыяй, якая пагражае сьвету сваімі ядзернымі боегалоўкамі. Ведаеце, некалі Алесь Адамовіч добра сказаў, што гэта монстар, які ашчацініўся сваімі ядзернымі ракетамі супраць астатняга сьвету. Вось да гэтага й ідзе. Каму гэта трэба, я не разумею. А што для Беларусі гэта дрэнна, і што гэта найвялікшая пагроза – разьмяшчэньне такіх структураў на беларускай тэрыторыі — гэта абсалютна зразумела. І ў гэтае пекла нас можа прывесьці толькі лукашэнкаўскае вернамаскоўскае падданства”.

Што тычыцца вылучэньня на Нобэлеўскую прэмію, Шушкевіч ставіцца да гэтага спакойна й свае шанцы ацэньвае ня вельмі высока. “Мне было вельмі прыемна, але шанцаў у мяне ня больш за 0,5%. Там будзе мноства вельмі моцных канкурэнтаў, але ўжо само намінаваньне для мяне — рэч прыемная, і я вельмі задаволены, што гэта зрабіў вельмі паважаны мною чалавек”.  (Гэта ўжо з інтэрвію Польскаму радыё.)

Сёлетні ляўрэат (ці ляўрэаты) Прэміі міру будзе вядомы 12 кастрычніка. Сярод канкурэнтаў, пра якіх кажа Шушкевіч, — былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор, былы канцлер ФРГ Гельмут Коль, чачэнскія праваабаронцы і шмат прэтэндэнтаў. Усяго каля 200 чалавек.

У падтрымку кандыдатуры Шушкевіча выступіў адзін зь лідэраў дэмакратычных сіл Беларусі, ляўрэат эўрапейскай прэміі Сахарава Аляксандар Мілінкевіч.

“Я ўдзячны Леху Валэнсу за тое, што ён выступіў ініцыятарам. Я таксама накірую свой ліст у Нобэлеўскі камітэт. Шушкевіч – гэта легендарная асоба, якая зрабіла шмат для дэмакратыі ў Беларусі, а таксама для эўрапейскай бясьпекі. Калі б Шушкевічу далі гэтую прэмію, то для Беларусі гэта была б надзвычай вялікая падзея. Гэта б яшчэ раз паказала месца Беларусі ў сям’і эўрапейскіх народаў. Трэба зрабіць усё, каб Шушкевіч атрымаў гэтую прэмію”, – гаворыцца ў заяве Мілінкевіча для прэсы.

Аглядальнік

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.