Я

Так мала дадзена нам выбіраць, — не па сваёй волі прыходзім мы на гэты сьвет. Нічога ад цябе не залежыць. Ты можаш нарадзіцца як паляк, немец ці ненец. І ня толькі ланцужок генаў кожны з нас атрымлівае ў спадчыну. Кожны з нас становіцца таямнічым неназваным аб’ектам, — “Я”. Нікому ня дадзена поўнасьцю разгадаць гэты рэбус, загадку ўласнай асобы. Бо на сябе глядзіш сваімі ж вачыма – але ці на сябе? Ці гэта я там, у люстэрку? Не, там нехта іншы, які мае правую руку, падобную на маю левую, і ўвогуле робіць усё наадварот… і ўрэшце, да яго нельга нават дакрануцца, а значыць, ён – ня я.

Загадка – ня толькі я сам. Загадка – мой шлях. І азірнесься, і ня ведаеш – ці гэта я выбраў гэтую дарогу, гэтую вёску ці горад, ці хтось мяне накіраваў? Ці ж гэта я выбраў сваю каханую, калі да яе й толькі да яе мяне цягнула невядомая сіла? Гэтая сіла – што яна ёсьць, якое поле, якая гравітацыя? Да чаго яны мяне змусіць заўтра? Ці гэта я сам выбраў свой занятак, сваю прафэсію, хоць яна мне прыносіць напалову радасьць, напалову – бяду й згрызоты? Ці мог я быць іншым – лепшым, мацнейшым, прыгажэйшым? Больш здольным? І ці гэта быў бы я? А калі ня я, дык хто?

І ці мог я пазьбегнуць сваіх памылак? Сваіх грахоў? А можа празь іх рэалізуецца мой лёс? А калі ёсьць лёс, дык хто яго накрэсьліў, хто гэты невядомы сцэнарыст… І чаму ён са мной зусім ня раіцца? І што рабіць, калі так хочацца сыграць Гамлета, а мая роля толькі сказаць “кушать подано”? А можа, трэба быць удзячным, што ўвогуле дапушчаны на гэтую сцэну?

Але так хочацца выйсьці за рамкі, за дужкі свайго лёсу, як зь цеснай турмы – а што там, далёка: у іншых краінах, у іншых часах і эпохах? І я ніколі не даведаюся, што адчуваў мой продак, які шчыра верыў у Перуна, у лесавікоў і русалак. Хоць і для яго я – быў бы чараўніком, які ў любы момант можа пагаварыць з чалавекам, які знаходзіцца за гарамі й лясамі… І хто з нас больш прыдбаў, а больш страціў? Хто больш бачыць – я праз вакно цягніка-экспрэса, ці ён – з кіёчкам і кайстраю на роснай сьцяжынцы? Дзе большая асалода – глядзець у плязмавым тэлевізары канцэрт “Эўравізіі” ці слухаць у задымленай карчме Сымона-музыку?

І думкі ў маёй галаве – ці гэта цалкам мае думкі? Кажуць жа: “чалавек – гэта тое, што ён спажывае”. А значыць, мае думкі – таксама вырасьлі зь іншых, прачытаных, падслуханых. Дык можа іх і зусім няма – маіх і толькі маіх? Я толькі іначай ператасоўваю карты, а калода адна й тая ж, адна на ўсе часы?

І я ўсьведамляю, — вымушаны прызнаць, — што я непазьбежна прадукт свайго часу, як бы я ні стараўся яму не падпарадкоўвацца, вырывацца з-пад ягонага ўплыву. І як бы мне было ні ненавісна крочыць у нагу, а я прыкамандзіраваны да гэтага войска. І – так, як у войску, б’юць па нагах, калі ты не патрапляеш у крок. І як зрабіць выбар? Не падпарадкоўвацца – небясьпечна. Быць пакорліва-паслухмяным – агідна. Вунь як шчасьліва й бадзёра крочаць тыя, каму да смаку маршаваць у агульным шэрагу. Якія яны ружовыя й вясёлыя! І далёка зойдуць.

І ўсё ж я адважыўся! Я саскочыў убок, на ўзбочыну, у пустазельле й дзядоўнік. Я – адзін у полі. І – не воін, бо не хачу вайны.

Я хачу слухаць, як стракочуць конікі й гудуць чмялі. А ў небе заліваецца жаўрук – для мяне. І я нікуды не сьпяшаюся, нікога не хачу апярэдзіць, адштурхнуць. Я таксама – іду. Але я іду сваёй сьцяжынай. Я ўсьвядоміў, што я – гэта толькі я, і нічога болей. І мне – спакойна.

Я іду да самога сябе.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.