ПРАЧЫТАЙЦЕ З УСЬМЕШКАЙ

альбо Парада з уласнай біяграфіі

Сачу я за творчасьцю адной маладой журналісткі — Насты Ігнатовіч з Эўрарадыё. Працавітая, як пчолка, кожны дзень гучаць яе добрыя рэпартажы й агляды эканамічных навін, але вось адна заўвага. Гучаць гэтыя матэрыялы не як жывая радыйная гутарка, а быццам бы робат начытаў манатонным голасам. Хацелася б трохі эмоцый. Прывяду пару прыкладаў, якія шаноўнай спадарыні Насьце, напэўна, дапамогуць.

Колькі гадоў таму ў адной зь перадач “Ранішняй Свабоды” Аляксей Дзікавіцкі чытаў навіны і, як толькі закончыў, раздаўся строгі настаўніцкі голас ягонай каляжанкі Алены Ціхановіч: “Аляксей, а цяпер прачытайце апошнюю фразу з усьмешкай”. І я, седзячы ў Вільні, на ўласныя вочы ўбачыў, як там, у Празе, расплылася ў Дзікавіцкага ўсьмешка ад вуха да вуха. Ён перачытаў патрэбную фразу, а там была якаясь несур’ёзная навіна, астатняя ў выпуску, і ўсё зайграла як трэба.

Але ж як угадаць патрэбную інтанацыю, калі ўсьміхацца, калі пахмурнець? Інфармацыя ж бывае розная. Тут я маю параду з уласнай біяграфіі. Калі працаваў на тэлевізіі й трэба было ў студыі начытаць закадравы тэкст, бывала, ня мог злавіць патрэбны настрой. Тады мой старэйшы калега, сьветлай памяці Стасіс Кавалюкас зьвяртаўся да мяне: “Слухай, ты мне раскажы, чаго ты хочаш”. І я, гледзячы проста яму ў вочы, спрабаваў патлумачыць… Ён мяне абрываў на паўслове й камандаваў: “Вось-вось. А цяпер з гэтай інтанацыяй – у мікрафон”. Калі ўявіш сабе не абстрактнага слухача, а канкрэтнага чалавека, заўсёды скажаш так, каб яму было цікава. Калі трэба, магу даслаць свой фотаздымак – самага ўдзячнага і ўважлівага слухача.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.