СЬЛЯПАЯ ЭКСКУРСІЯ

Невідушчы вядзе за сабой відушчых

У старой Вільні, дзе кожны дом – помнік нашай гісторыі й культуры – рэгулярных беларускіх экскурсіяў ніхто не вадзіў апошнія гадоў дзесяць, пасьля таго, як памёр найлепшы знаўца гораду Лявон Луцкевіч. Сёлета традыцыю ўзнавіў гісторык Сяржук Вітушка. Групы людзей, якія прыяжджаюць з усёй Беларусі, самі вядуць свайго павадыра па вуліцах і самі распавядаюць яму, што яны бачаць. Тады Сяржук гаворыць ім, што гэта значыць, зьвяртае ўвагу на дэталі, распавядае гістарычныя сюжэты й прапануе рушыць далей…

Рэч у тым, што ўсім вядомы напрыканцы 1980-х завадатар менскай “Талакі”, а сёньня аглядальнік нашай газэты Вітушка пару гадоў таму страціў зрок. Але ня быў бы ён Вітушкам, калі б сядзеў у хаце ды занепадаў у адчаі. Нейкі час да яго ішлі чарадою прыежджыя маладыя гісторыкі, студэнты, журналісты. А гэтым летам выбраўся да прыежджых ён сам.

Штотыднёвыя паходы па знакамітых мясьцінах доўжацца тры-чатыры гадзіны. За гэты час экскурсанты атрымліваюць нашмат болей ведаў і эмоцыяў, чым у звычайнай экскурсіі.

Па-першае, ім даецца цэльны вобраз віленскай беларускай традыцыі, складзены з соцень фактаў і сюжэтаў. Маршрут пралягае празь мясьціны, дзе яшчэ да Гедыміна разьмяшчаўся крывіцкі Крывы горад, дзе друкаваў свае кнігі Скарына, дзе хаваўся ад жандараў і дзе быў пакараны сьмерцю Каліноўскі, дзе жыў Янка Купала, дзе выходзіла “Наша Ніва”, дзе ставілі першыя беларускія спэктаклі й закладалі першую беларускую гімназію, дзе сядзеў за Польшчаю ў турме Максім Танк… Толькі пачні, і ня будзе канца беларускай Вільні.

Па-другое, экскурсантам цікавы сам павадыр, і яны абавязкова распытваюць пра тыя часы, калі маладзёвы рух у Беларусі быў рухавіком перамен, што прывялі ўрэшце да незалежнасьці краіны.

Па-трэцяе, вы маглі й не зьвярнуць увагі на вунь той барэльеф, што некалі так уразіў Сержука і запаў яму ў памяць назаўсёды. Бачыце? Цяпер і вы запомніце гэтае дзіва. А колькі вакол пахаў і гукаў! А як шмат усяго можна спазнаць навобмацак! Ведаеце, у форме чаго зробленая дзьвярная ручка ў слынным касьцёле сьвятой Ганны? Каб адкрыць для сябе гэты цуд, за ручку трэба ўзяцца рукою…

Тыдзень таму гэтая гісторыя атрымала працяг. Сяржук павёў на экскурсію сваіх калег – такіх самых невідушчых людзей. Некаторыя зь іх прыехалі ў Вільню ўпершыню, і можна толькі ўяўляць сабе, які яны склалі сабе вобраз гораду. Звычайныя відушчыя экскурсанты выносяць з такіх паходаў уражаньне, сьляпыя людзі – уяўленьне. Розьніца такая самая, як паміж чытачом і пісьменьнікам. Вы чытаеце чужы твор, а невідушчы мусіць сабе гэты твор “напісаць” сам.

Пасьля апошняй экскурсіі для сьляпых Сяржук Вітушка выказаў пажаданьне, каб такія групы часьцей прыяжджалі ў Вільню, асабліва зь Беларусі. Натуральна, ён пакажа горад і відушчым. Але хацелася б, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не забываліся і пра “сьлепакоў”.

Фотарэпартаж Андрэя Антонава

Для некаторых людзей першае знаёмства з замкам Гедыміна адбываецца навобмацак.

Сляпы чалавек рукамі “разглядае” старажытны герб Пагоня ў аздобе маста праз Віленку.


Зразумела, што адных гукаў, пахаў і дакрананняў недастаткова. Іх дапаўняе эмацыйны расповед экскурсавода Вітушкі.

Гэтак экскурсія перасякае Кафедральную плошчу.


Пасля экскурсіі падарожнікі асэнсоўваюць “пабачанае”, збіраюць уражанні ў адзіны вобраз.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.