ГУЛЬНЯ Ў ХОВАНКІ
Ці ёсьць пра што гаварыць Лукашэнку з Пуціным?
“У нас няма тэмаў для размовы”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка, абвяргаючы паведамленьні пра сустрэчу з Уладзімерам Пуціным, якая, нібыта, мелася адбыцца 22 жніўня.
Клясык сьцьвярджаў, што адзін джэнтльмэн заўсёды мае што сказаць іншаму джэнтльмэну. Выглядае, што Пуцін з Лукашэнкам у гэты разрад не трапляюць. Аднак пытаньняў, вартых абмеркаваньня, хапае. А вось жаданьня вырашаць праблемы – сапраўды, няма.
Як гэта ні дзіўна гучыць, але з другой паловы дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя Беларусь выкарыстоўвала Расею… у якасьці калёніі. Колісь Брытанская імпэрыя вывозіла з Індыі тамтэйшыя багацьці. Да нядаўняга часу Беларусь атрымлівала ад усходняга суседа танную, ледзь не дармавую сыравіну. Разьлічваліся за яе з Расеяй, галоўным чынам, пацалункамі й абяцаньнямі братэрскай любові да труны.
Адначасова Аляксандар Лукашэнка меў пляны атабарыцца ў Крамлі замест Барыса Ельцына. Да гэтай мэты ён пасьлядоўна йшоў, не шкадуючы грошай на рэклямныя кампаніі ў Расеі. І на пэўным этапе Лукашэнка набыў там значна большую папулярнасьць, чым хто з маскоўскіх палітыкаў.
Аднак расейская эліта з усьмешкай назірала за намаганьнямі “прэтэндэнта ў цары”. На тамтэйшай шахматнай дошцы месца для Лукашэнкі не прадугледжвалася. Кіраўніку Беларусі здавалася, што ён ужо літаральна ў некалькіх кроках ад расейскага трону, калі раптам уся амяркацыя ляснула.
Спэцапэрацыя “Пераемнік” была праведзеная ў лічаныя месяцы. Замест хворага Барыса Ельцына на пост №1 заступіў здаровы й папулярны Ўладзімер Пуцін.
Для Лукашэнкі крах ілюзіяў стаўся такім моцным шокам, што ён прагаварыўся перад тэлекамэрамі. Адразу пасьля прызначэньня Пуціна выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта мяняе ягоныя асабістыя пляны.
Славуты разварот Яўгена Прымакова над Атлянтыкай быў паўтораны Аляксандрам Лукашэнкам у раёне Смаленску. Цягнік інтэграцыі, які раней ішоў на досыць вялікай хуткасьці, спачатку запаволіў хаду, потым пачаў манэўраваць і, нарэшце, пасунуўся назад. Прычым нейкі час прапаганда насуперак відавочнаму сьцьвярджала, што ён па-ранейшаму ідзе паводле графіка і ў 2005 годзе прыбудзе на станцыю “адзіны рубель”. Той год ужо даўно мінуў, а валютнага аб’яднаньня нават і на даляглядзе няма…
Напачатку Крамлю было не да разборак з каварным хаўрусьнікам. Потым з Лукашэнкам спрабавалі дамовіцца “по-хорошему”. Але паступова дачыненьні перайшлі ў фазу хранічнага млявабягучага канфлікту з рэгулярнымі абвастрэньнямі.
З тае пары Лукашэнка й Пуцін сустракаюцца ўсё радзей і радзей. І нават калі ў іх ёсьць агульныя тэмы для абмеркаваньня, вынікі размоваў, звычайна, больш чым сьціплыя.
Меркаванае жнівеньскае рандэву было ініцыяванае расейскім бокам неўзабаве пасьля заявы Лукашэнкі на адрас сваіх міністраў: “Хопіць езьдзіць у Маскву, дзе нас прыніжаюць”. Верагодна, у Крамлі вырашылі паставіць нястрыманага суседа на месца. Маўляў, ты сваім падначаленым забараняеш езьдзіць, дык мы цябе самога прымусім.
Далей падзеі разгортваліся наступным чынам. 9 жніўня “крыніца з дыпляматычных колаў” распаўсюдзіла праз расейскае агенцтва ПРАЙМ-ТАСС інфармацыю пра тое, што 22 жніўня кіраўнікі РФ і Беларусі сустрэнуцца ў Сочы. Потым быў тыдзень напружанага маўчаньня, калі ніводзін з бакоў не пацьвярджаў, але й не абвяргаў інфармацыю пра меркаваную сустрэчу. Відавочна, гэтым часам ішлі напружаныя перамовы паміж Масквой і Менскам.
У выніку 17 жніўня Лукашэнка заявіў, што плянаў сустракацца бліжэйшым часам у іх з Пуціным наогул не было, бо гаварыць няма пра што. Дзіўная пастаноўка пытаньня. Зусім нядаўна Лукашэнка распавядаў, як колькі месяцаў таму ён дамаўляўся з Пуціным пра крэдыт на 1,5 мільярда даляраў на выгадных для Беларусі ўмовах. Аднак нібыта абяцаная на вышэйшым узроўні пазыка дагэтуль не атрыманая. Хіба гэта ня ёсьць падставай для гутаркі? Іх у беларуска-расейскіх дачыненьнях наогул назапасілася безьліч. І з кожным днём колькасьць нявырашаных праблем толькі павялічваецца.
Аднак выглядае, што Лукашэнка ўжо ня здольны дамаўляцца з Пуціным і таму папросту хаваецца ад яго, чакаючы пакуль скончыцца тэрмін праўленьня цяперашняга прэзыдэнта Расеі. А што будзе, калі Пуцін застанецца на трэці тэрмін?..