ПАСЬЛЯ РАЗЬВІТАНЬНЯ

Жыцьцё Галіны Войцік

Час, эпоха – халодныя, абстрактныя паняцьці. І – пустыя, калі яны не запоўненыя нечым канкрэтным: людзьмі, творамі, рэчамі. І асабліва адчуваеш гэты пераход з адной эпохі ў іншую, калі пакідае нас чалавек, які быў “плоць ад плоці” мінулага часу.

13 жніўня 2007 году ў 9 гадзін раніцы закончылася жыцьцё Галіны Антонаўны Войцік. У колах беларускай інтэлігенцыі яна была найбольш вядомая як дачка пісьменьніцы Зоські Верас і жонка краязнаўцы Лявона Луцкевіча.

Галіна Антонаўна ніколі не імкнулася быць “салісткай”, лідэрам. Немагчыма ўявіць яе на трыбуне ў вялізнай залі ці на шумным мітынгу. Хоць, калі трэба было, яна магла й сказаць слова перад публікай, тым больш, што мела вялікі пэдагагічны досьвед. Але яна была найперш “добрым духам” адразу ў славутай “лясной хатцы”, потым у кватэры на вуліцы Архітэкту ў Вільні. Гэта госьцю толькі здаецца, што ўсё робіцца нібы само сабой – растуць кветкі, падтрымліваецца парадак, гатуецца ежа…

Ніколі, ні разу ня чулі мы ад яе скаргаў на складанасьці жыцьця, на хваробы – а і клопатаў хапала, і няшчасьцяў, ды й сэрца падводзіла: ужо ў сталым узросьце давялося перанесьці складаную апэрацыю.

Апошнія гады жыцьця былі абцяжараныя ня толькі хваробамі, але й стратамі – адразу доўга й пакутліва разьвітвалася з гэтым сьветам маці, потым ня стала другога найбліжэйшага чалавека – мужа. Неўзабаве зьявіліся сур’ёзныя клопаты са здароўем у адзінага сына, Славы.

Можа таму Галіна Антонаўна так часта зьвярталася ў памяці да хіба найлепшых сваіх гадоў – калі вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі. У тым і прывабнасьць маладосьці, што ёй невядомая будучыня, і можна жыць марамі й спадзяваньнямі.

У маладосьці будучыня малюецца ў ружовых колерах. Пад старасьць у гэтых колерах бачыцца толькі маладосьць.

Зрэшты, спадарыня Галіна і аб мінулым успамінала без асаблівых сантымэнтаў, цьвяроза. Менавіта гэткія яе кніжкі з сэрыі “Партрэты віленчукоў” – простыя, стрыманыя й дакладна вывераныя ды спраўджаныя па ўсіх дэталях. Праца над гэтымі брашурамі й артыкуламі ды яшчэ падрыхтоўка штотыднёвай гістарычнай беларускай праграмы на Літоўскім радыё й была зьместам, сэнсам і апорай апошніх дзесяці гадоў.

Чалавек можа мець знаёмых і сяброў рознага ўзросту – і старэйшых за сябе, і маладзейшых. І ўсё ж кожны найлепш чуецца ў коле раўналеткаў – тых, што ўзгадаваныя ў адным пакаленьні, зь якімі лучаць нябачныя іншым сотні нітак-повязяў. Якія разумеюць цябе з паўслова, зь якімі аб’ядноўваюць і беды і радасьці.

А гэтыя людзі, адзін за адным, няўхільна адыходзілі. І кола самоты паступова сьціскалася. Бо з маладзейшымі – хай і з найлепшымі, так ня будзе, як з тымі, каго ведаў з маленства.

Пад канец жыцьця чалавек усёй істотай зьвернуты ў мінулае. Моладзь думае пра будучыню. Такі закон жыцьця.

І непазьбежна робяцца ўсё больш рэдкімі сустрэчы. І непазьбежна застаецца пачуцьцё горычы для старэйшых, і пачуцьцё віны – маладзейшым…

Восемдзесят гадоў – многа гэта ці мала?

Мала. Гэта хваробы бываюць працяглымі. Жыцьцё – заўсёды кароткае.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.