ПАДМАН ТРЭБА РАСКРЫВАЦЬ
альбо Ня крыўдзіце літару “ё”
А 10-й гадзіне вечара я звычайна слухаю перадачу “Начная Свабода”. А тут неяк выпадкова пераключыўся на дыяпазон FM і зьдзівіўся: віленскае радыё “Znad Wilii” рэтрансьлюе “Акно ў Эўропу”. Ня ведаю, зь якога гэта часу, але чамусьці ў ранішняй праграме на частаце 612 кГ яны гэтага не рэклямуюць. А шкада. Радыё “Znad Wilii” вельмі папулярнае на Віленшчыне й на прылеглых абшарах Беларусі. Добра, калі слухачоў беларускага свабоднага слова пабольшае. Яшчэ раней “Znad Wilii” ўзялося рэтрансьляваць беларускую праграму Радыё Рацыя, а цяпер вось і “Акно ў Эўропу”. Агулам выходзіць больш за 2 гадзіны на працягу дня. І цяпер можна ўпэўнена сьцьвярджаць, што нашы радыёстанцыі працуюць ня толькі для жыхароў Рэспублікі Беларусі, але й для беларусаў Літвы. Гэныя беларусы таксама патрабуюць свабоднага беларускага слова, якое потым павязуць да сябе на радзіму – да сваіх бацькоў, сяброў, суседзяў. Але хацелася б, каб больш інтэнсіўна працавалі мясцовыя віленскія карэспандэнты. І жыхары Віленшчыны тады будуць слухаць ня толькі пра падзеі ў Беларусі, але й пра сваё жыцьцё.
Усе радыёстанцыі паведамляюць пра арышт Севярынца ў Берасьці. Зачэпка для арышту абсалютна ідыёцкая – нібыта парушаны закон пра масавыя мерапрыемствы. На жаль, беларускае грамадзкае жыцьцё штодня поўнае такіх вось фактаў. І незаўважна ў слухача адбываецца прывыканьне, маўляў, сапраўды закон быў парушаны, і правільна, што арыштавалі… Дык, можа быць, варта кожнага разу раскрываць падман – тлумачыць, што законы, навязаныя нам, – несправядлівыя. Паказваць, што ў суседніх краінах дзейнічаюць зусім іншыя, нармальныя законы. Каб у чалавека ўзьнікла жаданьне змагацца й памяняць законы на лепшыя.
Моўная заўвага. Ня крыўдзіце, калі ласка, літару “ё”, яна будзе плакаць у абодва вочкі. На жаль, даводзіцца чуць такія вось фразы: “памер чалавек”, “я прывез тое й тое”… Але слухач чуе й разумее зусім іншае: “прывес” – гэта штосьці пра гадоўлю парсючкоў, а “памер” – пра адзеньне ці абутак. Так што яшчэ раз прашу: ня крыўдзіце літару “ё”.