НОВАЯ КАНСЬПІРАЛЁГІЯ
альбо ЧАС НАДЗЯВАЦЬ ШАПАЧКІ З ФОЛЬГІ
На мінулым тыдні 1-ы канал БТ паказаў новую перадачу пад назвай “Сетевые войны”. Дакладна перакласьці гэтую назву на беларускую мову (перадача, натуральна, выйшла па-расейску) не бяруся. Ведаю, што выхаду яе ў этэр чакалі многія. Напэўна, думалі, мяркуючы з назвы, што перадача прысьвечаная тэме інтэрнэту. (Інтэрнэт, у перакладзе з ангельскай, уласна кажучы, азначае “сусьветнае сеціва”.) Спадзяваліся з дапамогай БТ даведацца, чым канкрэтна не падабаецца ўладам інтэрнэт, які Лукашэнка нядаўна заклікаў “вычысьціць”. І які такі “апазыцыйны партал”, у прыватнасьці, меў ён на ўвазе, калі гаварыў, што яго наведваюць штодня паўмільёна чалавек.
Такіх парталаў, мабыць, увогуле няма пакуль у прыродзе.
Але ж перадача, да расчараваньня многіх маіх знаёмых, была прысьвечаная зусім не глябальнаму сеціву. Інтэрнэт у ёй, прынамсі, наўпрост, нават ня згадваўся. Відаць, каб не прыцягваць увагі недасьведчаных у кансьпіралёгіі. (Кансьпіралёгія да навукі ня мае дачыненьня. Яе спавядаюць тыя, хто ва ўсім бачыць змову – то бок, параноікі. Але пра іх крыху ніжэй.)
Размова ў перадачы йшла пра няўрадавыя арганізацыі, так званыя NGO, сетка (сеціва?) якіх з цэнтрам у Вашынгтоне апляла ўвесь сьвет і цяпер пагражае незалежнай Беларусі. У злачынную сетку ўваходзяць няўрадавыя арганізацыі ды фонды. Прычым, усе разам – экалягічныя, адукацыйныя, мэдычныя, калі толькі сярод заснавальнікаў і спонсараў ёсьць замежнікі. Трэба разумець, дабрачынныя арганізацыі, якія шмат гадоў прывозяць гуманітарную дапамогу пацярпелым ад Чарнобыля, таксама займаюцца варожай дзейнасьцю.
Як тлумачаць аўтары перадачы (Пракопаў і кампанія), праз гэтую павучыную сетку Захад у адной краіне за другой ладзіць каляровыя рэвалюцыі. Грузія, Україна, Кіргізія – усюды супраць народаў вяліся “сетевые войны”. Але самы зламысны з усіх – фонд “Адкрытае грамадзтва” мільярдэра Сораса (дарэчы, ліквідаваны ў Беларусі амаль дзесяць гадоў таму). Калі верыць аўтарам, само паняцьце “адкрытага грамадзтва” зь яго ідэямі дэмакратыі прыводзіць нармальных людзей у ступар і робіць іх зомбі.
У выніку згаданыя краіны пачалі імкнуцца ў ЭЗ і НАТО.
І нават у Маскве аўтары падступнай змовы сёлета спрабавалі ажыцьцявіць сцэнар “аранжавай рэвалюцыі”, калі на вулічныя дэманстрацыі выйшлі актывісты “Іншай Расеі”.
Як выявілася, самыя эфэктыўныя лекі супраць гэтай пошасьці – дручком па галаве і ў турму!
Перад тым лекі былі апрабаваныя й выдатна зарэкамэндавалі сябе ў Беларусі. А колькі было марных спробаў Захаду завабіць Беларусь, як тую муху, у пагібельнае павуціньне… Апошні прыклад – польская праграма Каліноўскага. Паводле яе студэнты, якія хлусьліва называюць сябе ахвярамі рэпрэсіяў (а ніякіх рэпрэсіяў, як усім вядома, у Беларусі няма й быць ня можа), маюць нахабства вучыцца за мяжой. Нам паказалі няшчасную ахвяру гэтай праграмы – беларускага студэнта, якому пашчасьціла вярнуцца дамоў пасьля таго, як яго паспрабавалі завэрбаваць польскія спэцслужбы. Пра той факт, што ў свой час, адразу па прыезьдзе ў Варшаву, таленавіты хлопец публічна заявіў, што яго хацеў завэрбаваць… КДБ, у перадачы ані слова.
Такое ўражаньне, што прафэсіяналы з БТ нас, гледачоў, увогуле ня лічаць за людзей. Што з нас, зомбі, узяць? Нам можна паказваць любую лухту. Усё адно ніхто ня будзе пратэставаць.
У інтэрнэце, між іншым, ёсьць такая супольнасьць – “Час надзяваць шапачаку з фольгі”. Такое прыстасаваньне прапануецца носіць на галаве ўсім параноікам, якія баяцца ўзьдзеяньня на свой мозг нябачнага выпраменьваньня, якім нас апрацоўваюць падступныя гуманоіды й цэрэушнікі. На БТ, відаць, займаюцца масавым пашывам такіх шапачак. І атрымліваюць пры гэтым ад дзяржавы немалое ўзнагароджаньне. Між іншым, у бліжэйшай будучыні зарплату супрацоўнікам тэлебачаньня абяцаюць узьняць яшчэ на 40 працэнтаў. Што ж, заслужылі. Паводле заслугаў кожнаму й будзе адмерана.