МАРШ У ЭЎРОПУ

або Пры чым тут крымінальны шансон?

Апазыцыя дэкляруе лёзунг “Беларусь у Эўропу” і рыхтуе Эўрапейскі марш у Менску 14 кастрычніка. (Праўда, калі мне ня здраджвае памяць, накірунак ад Цэнтральнай плошчы да Нацыянальнай бібліятэкі вядзе ў бок Масквы.) Але фокус у тым, што ўжо даўным-даўно існуе Эўрапейская альбо Заходняя Беларусь. Маю на ўвазе Беласточчыну, Віленшчыну, Дзьвіншчыну. Гэтыя землі, населеныя беларусамі, ужо некалькі гадоў знаходзяцца ў Эўрапейскім зьвязе. Ці скарысталі тамтэйшыя беларусы ўсе выгоды эўрапейскай цывілізацыі? На жаль, гэтая тэма амаль не прысутная ў нашых СМІ. Напрыклад, на Віленшчыне маюць сваіх карэспандэнтаў і Свабода, і Палёнія, і Рацыя. Але навіны і аналіз падзеяў адтуль гучаць вельмі рэдка, галоўным чынам, калі адбываецца якаясь міждзяржаўная беларуска-літоўская падзея. Дык вось, мая прапанова такая – няхай бы рэдакцыі нашых незалежных радыёстанцыяў распачалі адмысловы праект “Заходняя Беларусь” і далі сваім карэспандэнтам ды аналітыкам больш часу, каб яны распавялі пра тамтэйшых эўрапейскіх беларусаў.

15 жніўня “Акно ў Эўропу” на Эўрарадыё паведаміла ў навінах, што застаўся ў сіле прысуд нейкаму сьпеваку, што праславіўся крымінальнымі расейскамоўнымі песенькамі. І гэтыя навіны пра суд над тым няшчасным сьпеваком рэгулярна гучалі на розных станцыях недзе каля паўгода. Як быццам наняліся рабіць яму рэклямную кампанію. Калі ён засуджаны несправядліва, дык чаму пра яго нічога не гавораць праваабаронцы й аналітыкі? Хай мне даруе той музыка, калі я ня маю рацыі, але здаецца, што гэта звычайная рэклямная кампанія. І на здароўе. Але пры чым тут свабоднае беларускае радыё?

На Радыё Рацыя кожны дзень выходзіць рубрыка “Каляндар”. Спачатку называецца год, а потым гаворыцца пра нейкую падзею альбо чалавека. Гэткі парадак падачы матэрыялу добры для пісьмовага тэксту. У вуснага маўленьня свае законы. Тут немагчыма вярнуцца назад – у якім жа годзе адбылося тое ці тое? Я прапаную спачатку называць, што адбылося, а калі слухача гэты факт зацікавіць, дык ён тады ўжо натапырыць вуха й пастараецца запомніць тую дату і не заблытацца ў шэрагу названых лічбаў.

Сяржук Вітушка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.