Хто сёньня можа быць гарантам незалежнасьці Беларусі?
Рыгор Сітніца, мастак:
“МІЖНАРОДНАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ, НАРОД І БОГ”
Гарантамі незалежнасьці Беларусі, наколькі я ведаю, зьяўляюцца некалькі краін, у тым ліку й Расея. Калі ўзгадаць міжнародныя пагадненьні пачатку 90-х гадоў і калі зьвяртацца да міжнароднага права, то гэтыя краіны й мусяць нам гарантаваць нашу незалежнасьць. Гэта першы гарант. Другі – гэта беларускі народ, які, усё ж такі, можа ў некаторых момантах праявіць сябе так, як ніхто не чакае. Можа быць, гэта нават найпершы гарант. Здаецца, што ўжо ніякіх спадзяваньняў у нейкія крытычныя моманты, а пасьля раптам раз – і думаеш, адкуль што ўзялося? Госпад Бог галоўны гарант нашай незалежнасьці. І апошні гарант, як ні дзіўна, гэта ўладныя структуры, якія, як ніхто, зацікаўленыя сёньня ў гэтай незалежнасьці. Бо яны не дурныя людзі і ведаюць, што ў іх могуць узьнікнуць вельмі сур’ёзныя праблемы пры яе адсутнасьці. Апошнім часам іх становіцца ўсьцешна слухаць.
Уладзімер, мэнэджэр:
“ТОЛЬКІ МОВА…”
Калі мы назіраем перайменаваньне праспэкта Скарыны ў праспэкт Незалежнасьці, то ня трэба пытацца. І так усё зразумела. Калі мы кажам пра незалежнасьць у сьвятле газавых крызысаў, тады Эўропа ня столькі за незалежнасьць, колькі за прадказальнасьць Беларусі. Сапраўднага гаранта незалежнасьці трэба шукаць ня звонку, а ўнутры. А адзінае, што робіць людзей гэтай тэрыторыі беларусамі – гэта беларуская мова. Толькі яна можа дапамагчы беларусам адчуць сябе грамадзянамі краіны, а не жыхарамі рэспублікі. Таму толькі мова ёсьць гарантам незалежнасьці. А што тычыцца нейкай асобы… Калі зьявіцца адчуваньне краіны, тады зьявіцца й асоба, і партыі і гэтак далей. А пакуль гэтага адчуваньня няма, дык гарантыяў даводзіцца шукаць недзе звонку.
Зоя, пэнсіянэрка:
“ТОЙ ГАРАНТ, АД КАГО ЎСЁ ЗАЛЕЖЫЦЬ”
Толькі той, ад каго найбольш усё залежыць і ўсе залежаць. Падабаецца гэта каму ці не, але гэта Аляксандр Лукашэнка. Сёньня толькі ён можа нешта гарантаваць. І пакуль ён з гэтым някепска спраўляецца.
Вінцук Вячорка, старшыня БНФ:
“СЁНЬНЯШНЯЯ ЎЛАДА НЯ МОЖА БЫЦЬ ГАРАНТАМ”
Галоўны гарант незалежнасьці Беларусі – гэта воля самога беларускага народу. Гэта яго адчуваньне, што незалежнасьць ёсьць каштоўнасьцю. І, дзякуй Богу, паводле апошніх сацыялягічных замераў абсалютная бальшыня – ад 73-х да 84-х працэнтаў беларусаў – лічаць, што незалежнасьць ёсьць вельмі значнай каштоўнасьцю. Гэта наша нацыянальная ідэнтычнасьць. Гэта беларуская мова, якую прызнае роднай бальшыня людзей і рэальна ўжывае бальшыня людзей. Гэта рэальная, а не фантомная гістарычная памяць. Гэта нацыянальная сымболіка. Гэта архітэктурнае асяродзьдзе. Карацей кажучы, усё тое, што разбураецца сёньняшняй уладай. З чаго, дарэчы, вынікае, што хто-хто, а яна ніяк ня можа быць гарантам нашай незалежнасьці.
Вераніка, студэнтка:
“ТОЛЬКІ ТЫЯ, ДЛЯ КАГО БЕЛАРУСЬ – НЕ ПУСТЫ ГУК”
Толькі тыя, для каго Беларусь – не пусты гук. Хто гатовы дзеля яе, прабачце за высокія словы, ахвяраваць усім. І такіх у Беларусі нямала. Прынамсі, іх значна болей за ўсіх гэбэшнікаў, ідэалягічных работнікаў і амапаўцаў разам узятых. Дзейнасьць не за грошы, не за пасаду, не за матэрыяльныя даброты ў пэрспэктыве заўжды дасьць плён.
Алесь Анціпенка, філёзаф:
“ГАРАНТАМ МУСІЦЬ СТАЦЬ ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ”
Хто можа быць гарантам незалежнасьці Беларусі – гэта даволі вузкае пытаньне. Трафарэтны адказ – гэта, вядома, прэзыдэнт. Але насамрэч гарантам незалежнасьці Беларусі ў нашай сытуацыі можа быць і мусіць быць грамадзянская супольнасьць. У нашай сытуацыі гарантам незалежнасьці павінны быць палітычныя партыі й звычайныя грамадзяне. Вось той набор, які зьяўляецца базавым. Што да міжнародных суб’ектаў, то ёсьць, безумоўна, прававыя дакумэнты, якія, у пэўным сэнсе, гарантуюць незалежнасьць. Некаторыя краіны, калі выводзілася ядравая зброя з тэрыторыі Беларусі, сталіся гарантамі нашай незалежнасьці. Гэта міжнародныя суб’екты. Але, безумоўна, незалежнасьць – гэта вытворнае жаданьне волі і дзейнасьці людзей унутры краіны.
Тацяна, хатняя гаспадыня:
“НІХТО”
Ніхто. У сёньняшняй сытуацыі, калі ад людзей, для якіх незалежнасьць Беларусі — каштоўнасьць, нічога не залежыць, ніхто нічога гарантаваць ня можа. Хіба толькі Бог.
Генадзь Бураўкін, паэт:
“БЕЛАРУСКІ НАРОД ПАВІНЕН БЫЦЬ ГАРАНТАМ”
Гарантам незалежнасьці Беларусі павінен быць толькі беларускі народ, беларускае грамадзтва. А што да пэрсонаў, дык калі яно будзе дастаткова разумным, дастаткова прынцыповым, гэта наша роднае беларускае грамадзтва, яно з гэтым вызначыцца. Але пакуль народ ня будзе сябе адчуваць беларускім, пакуль ня будзе даражыць сваёй гісторыяй і тым, што ён ёсьць у сьвеце, тым, што яму даў Бог, то астатнія гаранты будуць можа й добрымі, можа, своечасовымі, але ненадзейнымі й ня вечнымі. А народ, паколькі ён вечны, павінен быць гарантам.