ГАРОТА

Яшчэ зусім нядаўна можна было не сумнявацца, што пераважная большасьць упэўнена адкажа на гэтае пытаньне – прэзыдэнт Лукашэнка. Газавы канфлікт з Расеяй на пачатку году, здавалася, толькі ўмацаваў гэтае меркаваньне. Тады канфлікт нагадваў, хутчэй, нейкае палітычнае шоў, дэманстрацыю мускулаў і магчымасьцяў з абодвух бакоў. Лукашэнка толькі ўмацаваў свой імідж барацьбіта за незалежнасьць краіны.

Сёньня сытуацыя выглядае значна больш вострай і сур’ёзнай.

Апазыцыйныя эканамісты (сярод іх – Міхал Залескі, напрыклад) да апошняга часу цьвердзілі, што Лукашэнка ня пойдзе на саступкі Маскве. Ён ня будзе выплочваць ніякія пазыкі і ўрэшце ўсё застанецца так, як было дагэтуль. Вядомыя палітолягі казалі, што кіраўніку РБ выгадная палітычная сытуацыя ў Расеі, што да прэзыдэнцкіх выбараў Крэмль не захоча канчаткова псаваць адносіны з адзіным хаўрусьнікам, што яму застаецца ўсяго толькі пачакаць…

Але ж сёньня мы бачым, што Лукашэнка пачаў плаціць – у самым непасрэдным і ў пераносным сэнсах — па старых рахунках. У яго не засталося выйсьця. Справа ў тым, што Беларусь расплочваецца за расейскую сыравіну сваім золатавалютным запасам. А зь ліпеня ўжо трэба расплочвацца за газ па поўнай праграме – то бок, па сто даляраў за куб. А неўзабаве – і яшчэ больш. Расейскія ўлады на чале з прэзыдэнтам Пуціным павольна, але няўмольна зацягваюць эканамічную пятлю на шыі РБ. (У Гішпаніі гэты від сьмяротнага пакараньня называўся гарота).

Калі кіраўнік РБ кажа, што загадаў свайму прэм’еру ня езьдзіць больш у Маскву – гэта значыць, насамрэч, што Масква ня хоча больш мець справу ня столькі зь Сідорскім, колькі зь ягоным шэфам. Лукашэнка раптам адкрыў усяму сьвету сакрэт – Масква хоча “прыватызаваць” ня толькі ўсе буйныя прадпрыемствы, але ўсю Беларусь цалкам. Тады ўзьнікае пытаньне – чаму ён гэтым сакрэтам палішынэля падзяліўся толькі праз дванаццаць гадоў свайго праўленьня? Навошта былі патрэбныя рэфэрэндум аб саюзе і сама “саюзная дзяржава”? Няўжо нікому не прыходзіла да галавы, чым гэтыя гульні ў інтэграцыю могуць скончыцца?

Але самая галоўная праблема — у іншым. Абсалютна няясна, як, за кошт якіх унутраных рэзэрваў цяперашні рэжым можа ў сапраўднасьці процістаяць імпэрскаму націску Масквы, калі эканоміка РБ завязаная на расейскія газ і нафту? Адказ падаецца відавочным. Бюджэт можна папоўніць ня столькі за кошт вэнэсуэльскіх ці якіх заўгодна крэдытаў, колькі за кошт нармальнай эканамічнай палітыкі. Замест таго, каб навязваць прадпрымальнікам кабальныя ўмовы існаваньня, прымушаць іх выцягваць за ўласны кошт нерэнтабэльную сельскую гаспадарку (свайго роду сучаснае прыгоннае права) — чаму ня даць ім рынкавую свабоду, як ва ўсім сьвеце і не напоўніць бюджэт за кошт нармальных падаткаў? Але даць эканамічную свабоду – значыць, у нейкай ступені разьняволіць грамадзтва ў цэлым. А менавіта да гэтага рэжым сёньня не гатовы.

Аляксандар Уласаў

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.