БЕЛАРУСЬ… СЯРЭДНЯВЕЧНАЯ
Меркаваньне рэдакцыі
Сёлета ў верасьні на цэнтральнай пляцоўцы “Лiнiі Сталiна” пройдзе III Мiжнародны рыцарскi фэст “Беларусь сярэднявечная”. Арганізатары запрасілі “рыцараў” з клюбаў Беларусi, Чэхii, Польшчы, Украiны, Расеi, краінаў Балтыі. Беларусь будуць прадстаўляць дружыны “Унiя Меч i Крумкач”, “Ордэн Паўночнага Храма” і яшчэ каля 30 рыцарскіх аб`яднаньняў. Аб гэтай радаснай падзеі паведамляе дзяржаўная газэта “Звязда”.
Трэба думаць, рыцарскі турнір гэтым разам прымеркаваны да 70-й гадавіны масавага сталінскага тэрору ў СССР. Акурат увосені 1937 году пачаліся расстрэлы і ў Беларусі. Іх ахвярамі ў той год (паводле афіцыйных зьвестак) сталі 12 тысяч чалавек, у іх ліку — найлепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Сярод удзельнікаў касьцюмаванага шоў, напэўна, будуць і ўнукі альбо праўнукі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Асабліва кранае ўдзел у ім рыцараў з Польшчы й краінаў Балтыі, якія былі акупаваныя Савецкім Саюзам у выніку ганебнага Пакту Молатава-Рыбэнтропа.
Можна, вядома, зразумець арганізатараў сьвята на “Лініі Сталіна”, якія ня бачаць у гэтым нічога, акрамя магчымасьці зарабіць грошы. Можна зразумець удзельнікаў – відаць, у юных адэптаў “ордэна Паўночнага храма” й яму падобных у галовах няма нічога, акрамя жаданьня пакрасавацца ў рыцарскіх дасьпехах. Што возьмеш з падлеткаў і юнакоў? Сталін для большасьці зь іх – нехта накшталт фараона Рамзэса другога.
Хай і для турыстаў гэта ўсяго толькі повад хоць нешта цікавае паглядзець у краіне, дзе гістарычная спадчына, помнікі нацыянальнай культуры сьвядома вынішчаюцца.
Але чаму ўсе аўтамабілісты, якія едуць па шашы Менск-Маладэчна павінны ў раёне “Лініі Сталіна” скідваць хуткасьць да 70 кілямэтраў у гадзіну, як таго патрабуе новы дарожны знак? Толькі для таго, каб мець магчымасьць палюбавацца бюстам “правадыра ўсіх народаў” і тым самым прадэманстраваць павагу да монстра?
У якім жа стагодзьдзі загразла сёньняшняя Беларусь?