Загазаваны жнівень
Па даўгах трэба плаціць. Гэтую аксіёму расейскі «Газпром» на мінулым тыдні вымушаны быў даводзіць кіраўніцтву РБ яшчэ раз. І, трэба сказаць, зрабіў гэта з посьпехам – бадай, такога імпэту ад расейцаў улады ў Менску не чакалі.
Беларусь павінна была пералічыць «Газпрому» 450 мільёнаў даляраў запазычанасьці за газ, пастаўлены сёлета ў першым паўгодзьдзі, да 23 ліпеня. Аднак у належны тэрмін умовы кантракту не былі выкананыя – грошы на рахунак расейскай кампаніі зь Беларусі не паступілі.
Афіцыйны Менск вырашыў яшчэ раз праверыць Маскву на трываласьць. Туды паляцела дэлегацыя чыноўнікаў «Белтрансгазу» і Мінэнэрга – узгадняць адтэрміноўку плацяжоў.
З гэтымі перамовамі ўвогуле асобная гісторыя. У той момант, калі “Белтрансгаз” вёў адказны дыялёг з партнэрамі ў Маскве, Лукашэнка – з прычыны, якая засталася вядомай, мабыць, толькі яму самому – здымае з пасады генэральнага дырэктара канцэрна Дзьмітрыя Казакова і прызначае замест яго Ўладзімера Маёрава.
Абгрунтаваньне гэтага ходу тым, быццам Казакоў вінаваты ў правале перамоваў, не вытрымлівае крытыкі – вядома, што ўсе рашэньні ў нашай краіне прымае толькі адзін чалавек, і ўсё залежыць толькі ад яго.
Як бы там ні было, перамовы посьпеху ня мелі. Як і візыт прэм’ера Сідорскага ў Маскву ды ягоная сустрэча з кіраўніком расейскага ўраду Фрадковым.
Урад Беларусі з аплатай цягнуў у разьліку ці то на цуд, ці то на расейскі крэдыт у 1,5 мільярда даляраў, які Менск прасіў яшчэ ў лютым. Масква з крэдытам не сьпяшалася і не дэманстравала гатовасьці ісьці на саступкі. У Расеі былі ўпэўненыя – грошы на аплату пазыкі ў Беларусі ёсьць.
Па-першае, хоць Беларусь згодна з кантрактам ад 31 сьнежня 2006 году першыя паўгода плаціла за газ толькі 55% яго кошту (100 даляраў за кубамэтар), беларускія спажыўцы ўжо са студзеня плацілі за яго па поўным кошце. Фактычна, атрыманыя за гэта грошы павінны былі назапашвацца для выплаты запазычанасьці ў ліпені. Па-другое, на пачатку чэрвеня “Газпром” пералічыў Беларусі 625 мільёнаў даляраў за 12,5 % акцыяў “Белтрансгазу” (што таксама было ўмовай кантракту). Беларусі заставалася выплаціць расейскаму боку 450 мільёнаў даляраў.
Відаць, таму ў Маскве гэтым разам ня сталі доўга цырымоніцца. 1 жніўня “Газпром” выступіў з заявай – калі грошай у абумоўлены тэрмін ня будзе, 3 жніўня пастаўкі газу ў Беларусь будуць зьніжаныя паводле фактычнай аплаты – г.зн., на 45%.
Увесь дзень 1-га жніўня афіцыйныя асобы ў Менску маўчалі. І толькі наступным днём Лукашэнка падчас свайго наведаньня газэты “Советская Белоруссия” ня вытрымаў. Кіраўнік абвінаваціў Расею ў тым, што яна хоча прыватызаваць ня толькі асобныя беларускія прадпрыемствы, але ўсю Беларусь.
Што ж, менавіта да гэтага, відавочна, імкнецца расейская эліта. Але хто ствараў адпаведныя ўмовы для гэтага цягам апошніх гадоў? Хто ўвесь час жыў у пазыку, закалыхваючы крэдытора казкамі пра саюзную дзяржаву? І чаго ж цяпер абурацца?
Нэрвы ў Лукашэнкі ня вытрымалі. «Сёньня я даў каманду ўзяць з рэзэрваў гэтыя грошы і заплаціць 450 мільёнаў”, — заявіў ён 2 жніўня.
Дык значыць, грошы сапраўды былі. Чаму ж было не заплаціць без скандалу, як тое прадугледжана кантрактам?
У адказе на гэтае пытаньне сыходзяцца практычна ўсе экспэрты: калі ўлада выплаціць запазычанасьць перад расейскай манаполіяй, у яе не застанецца сродкаў на шматлікія сацыяльныя выплаты насельніцтву Беларусі. То бок, бязь зьнешняй дапамогі “беларускі эканамічны цуд” існаваць будзе нядоўга. У гэтым і хаваецца нежаданьне плаціць. Рост коштаў расейскіх нафты й газу выбіў грунт з-пад ног афіцыйнага Менску, які прызвычаіўся жыць за кошт расейскіх датацыяў. І менавіта гэтая сыстэма, якая складвалася гадамі, ляжыць у аснове сёньняшніх прэтэнзіяў Крамля на тое, каб купіць у Беларусі ўсё, што магчыма. Газавы вэнтыль – пераканаўчы аргумэнт.
У выніку Лукашэнка здаўся. Нацбанк Беларусі перавёў “Газпрому” ўсю суму.
Сваёй пагрозай скараціць пастаўкі газу Масква, якая ўжо страціла на Захадзе імідж надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў, зноў паказала – у справе ўшчуваньня даўжнікоў яна ня спыніцца ні перад чым.
Ці можна лічыць інцыдэнт вычарпаным? Наўрад ці. Хутка надыдзе тэрмін наступнага плацяжу, і ўсё можа паўтарыцца зноў.
Лукашэнка ў кожным выпадку будзе шукаць падставы адпомсьціць Расеі.
Мала хто зьвярнуў увагу на заяву намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі Эдуарда Таўпянца аб тым, што “сёньня “Белтрансгаз” – гэта ўжо ня чыста беларуская арганізацыя, гэта арганізацыя беларуска-расейская… І ў статуце яе ёсьць пункт, які прапісвае, што беларускія й расейскія акцыянэры не павінны рабіць дзеяньняў, скіраваных на пагаршэньне эканамічнага стану гэтага СП”.
Да чаго вядуць падобныя развагі? Калі Менск паспрабуе паставіць пад сумнеў зьдзелку аб продажу пакету акцыяў Белтрансгазу Газпрому і пачне на яго ціснуць – можна не сумнявацца, усе ранейшыя газавыя канфлікты пададуцца нам толькі кветачкамі.
Праўда, застаецца магчымасьць пайсьці на сур’ёзныя саступкі Расеі. Напрыклад – дазволіць расейскім кампаніям прыватызаваць прадпрыемствы паліўна-энэргетычнага комплексу Беларусі. Атрымліваецца заганнае кола, у якое ўлады РБ самі сябе загналі. Перамагчы ў гэтай сытуацыі ўжо немагчыма. Дай Бог выйсьці зь яе з найменшымі стратамі.