УДАР! ШТАНГЕ!..
Спадчына сябра Садама
Футбольнай зборнай Беларусі нарэшце знайшлі замежнага спэцыяліста. Яе ўзначаліў Бэрндт Штанге, які быў агентам дзяржбясьпекі ва Ўсходняй Нямеччыне і галоўным трэнэрам нацыянальнай каманды Іраку пры Садаме Хусэйне.
Кар’ера гэтага трэнэра пачалася ў ГДР у сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя. Яна была досыць пасьпяховай. Спачатку Штанге прывёў клюб “Карл Цэйс” да перамогі ў чэмпіянаце краіны, а потым цягам шасьці гадоў стаяў на чале зборнай ГДР.
Але пасьля аб’яднаньня Нямеччыны былі адкрытыя архівы “Штазі” – гэдээраўскай тайнай паліцыі, якая мала чым розьнілася ад сумна вядомага гітлераўскага гестапа. І высьветлілася, што Штанге зьяўляўся ейным неафіцыйным супрацоўнікам. У яго абавязкі ўваходзіла інфармаваньне спэцслужбаў пра палітычныя погляды ды настроі падначаленых. Таксама Штанге мусіў пільна сачыць, ці кантактуе хто-небудзь з каманды з грамадзянамі “варожай” ФРГ.
У выніку Штанге быў звольнены з бэрлінскага футбольнага клюбу “Герта”. Пасьля ён колькі часу працаваў на постсавецкай прасторы, трэніраваў клюб “Перт Глоры” з Аўстраліі. Узначаліў нацыянальную каманду Аману, зь якой быў звольнены праз тры месяцы. І, нарэшце, у кастрычніку 2002-га падпісаў сапраўдны кантракт з д’яблам – стаў галоўным трэнэрам зборнай Іраку.
“Я працаваў з камуністычнымі рэжымамі, з капіталістамі, з султанатам і цяпер вось з дыктатарам, — апраўдваўся Штанге. — Але мая праца заўсёды адна й тая ж – забіць мяч у браму”.
Сапраўды, спорт па-за палітыкай. Але толькі ня ў выпадку з Садамам. Што ўяўляў зь сябе ірацкі футбол тых часоў, нядаўна распавёў часопіс Maxim.
Пасьля прыходу да ўлады Хусэйн адным зь першых расстраляў старшыню Ірацкай футбольнай асацыяцыі Фалеха Акрама. А празь пяць гадоў прызначыў кіраўніком ІФА свайго сына Удэя.
Усе, хто чымсьці не падабаўся сыну дыктатара, зьнікалі ў турме, і целаў іхным сваякам не выдавалі. Аднойчы Удэю данесьлі, што вядомы журналіст Тарык Абдул Вахаб у тэлефоннай размове сказаў пра ірацкі футбол, што той пакідае жадаць лепшага. Кіраўнік ІФА загадаў арыштаваць і закатаваць “паклёпніка”. Руку, якой журналіст трымаў тэлефонную слухаўку, раструшчылі малатком, а вуха, да якога ён яе прыціскаў – адрэзалі.
Цэнтрам спартовай імпэрыі Удэя быў будынак Алімпійскага камітэту, які сын дыктатара ўзначальваў па сумяшчальніцтве. Там ладзіліся оргіі, падчас якіх шмат пілі, гвалтавалі скрадзеных жанчын і час ад часу стралялі ў столь і вокны. А ў падвале знаходзілася міні-турма, дзе “выхоўвалі” спартоўцаў, якія так ці йнакш “зьвінаваціліся”.
Ірацкі гулец Нік Аск распавядае: “У футболе Удэй зусім не разьбіраўся. Аднак ён быў перакананы, што калі лупцаваць гульцоў як сьлед, тыя дакладна перамогуць каго заўгодна – нават бразыльцаў”.
Калі ж яны цярпелі паразу ў міжнародных сустрэчах, іх бязьлітасна каралі. У 1993 годзе Ірак прайграў Іярданіі. Пасьля гульні былі арыштаваныя чатыры гульцы, у тым ліку абаронца Шарар Гейдар.
«Нас білі чатыры дні амаль безь перапынку, — успамінае ён. — Дазвалялі толькі некалькі гадзінаў паспаць на падлозе. Ахоўнікі будзілі нас і патрабавалі, каб мы лавілі мух, але выключна самак. Калі мы не маглі злавіць муху, нас білі. Калі нехта лавіў муху, ахоўнікі заяўлялі, што гэта самец, і зноў пачыналі нас біць…”
Вось з такімі катамі супрацоўнічаў Штанге, заплюшчваючы вочы на іхныя подзьвігі. Ня дзіва, што на радзіме ягоная рэпутацыя сапсаваная ўшчэнт.
Але тое, што на Захадзе мінус, для цяперашніх уладаў РБ – плюс. З усіх магчымых кандыдатаў яны абралі менавіта Штанге…
Свой беларускі этап трэнэр пачаў з падману. Калі пару тыдняў таму да Штанге датэлефанаваліся журналісты “Прэсбола”, ён заявіў, што прыехаў у Менск з адзінай мэтай – пабачыць сяброў. А ўзначаліць зборную Беларусі яму ніхто не прапаноўваў.
А ўжо 30 ліпеня ён быў афіцыйна прызначаны галоўным трэнэрам зборнай Беларусі.
Лёгіка чыноўнікаў ад футболу, якія прымалі гэтае рашэньне, зразумелая. Ім найперш патрэбны лёкай, які ніколі ня будзе пярэчыць ці крытыкаваць. Перакананы, што неўзабаве мы пачуем ад Штанге, як шмат робіцца ў нашай краіне дзеля разьвіцьця спорту і што Беларусь – вялікая футбольная нацыя (так ён ужо гаварыў пра Ірак). А калі ягоная трэнэрская місія, як і большасьць апошніх, скончыцца правалам, немец зьнікне з далягляду без прэтэнзіяў. Тое, што й трэба.
Адна толькі паралель павінна бянтэжыць Аляксандра Лукашэнку. Праз паўгода пасьля прызначэньня Штанге Хусэйн быў адрынуты ад улады. А гісторыя часам мае звычку паўтарацца…
P.S. А тым часам нацыянальная футбольная зборная Іраку ўпершыню ў гісторыі выйграла Кубак Азіі – пад кіраўніцтвам зусім іншага трэнэра. Перамогу зборнай сьвяткавала, безь перабольшаньня, уся краіна. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.