ЦЯПЛЕЙ, ЦЯПЛЕЙ…
АЛЬБО “ПАРЭШТКІ ДОЎГУ”
У вуснай мове ёсьць такая амаль няўлоўная далікатная асаблівасьць – інтанацыя. На пісьме гэта цяжка перадаць, але паспрабую. Дык вось, да нядаўняга часу шаноўнае Эўрарадыё раздражняла ненатуральнымі інтанацыямі вядучых. Быў абраны якісьці штучна-іранічны стыль, што мусіў імітаваць жывы FM-этэр. Але цяпер, дзякаваць Богу, гэтае шалупіньне абляцела, і слухаць Эўрарадыё – адна прыемнасьць. Гучаць проста маладыя бадзёрыя і, падкрэсьлю, натуральныя галасы. Вось яшчэ б і калегам з Радыё Рацыі крытычна прыслухацца да свайго гучаньня на сярэдніх хвалях. Трохі менш сталёвай мэханістычнай напорыстасьці і больш жывых, цёплых таноў.
У мінулым аглядзе я разважаў пра вандроўныя перадачы на Радыё Свабода, а гэтым разам хачу зачапіць аналягічныя праграмы на Радыё Рацыя. Яны называюцца “Нататкі вандроўніка”. Калі на Свабодзе мне не хапала краязнаўчай інфармацыі, дык тут – адваротнае. Гучаць незьлічоныя зьвесткі — хто, калі, у якім стагодзьдзі валодаў тым ці іншым мястэчкам. Усю гэтую інфармацыю, як я разумею, аўтар перадачы бярэ з кніжак ці з інтэрнэту і наўрад ці на ўласныя вочы бачыў усе тыя помнікі, пра якія гаворыць у этэры. Вось напрыклад, 27 ліпеня прагучала перадача пра Мілавіды. Ізноў пачалося ўсё з ідыёцкай легенды пра “мілыя віды”, што адкрыліся якомусьці расейскаму цару, які там нібыта праяжджаў. Потым – даўгі й нецікавы пералік энцыкляпэдычных зьвестак, а потым праз тэлефон далі слова якойсьці мясцовай жыхарцы Наташы. І тая не каб расказаць пра сучасныя краявіды й стан помнікаў той вёскі, дык расказала пра інспэкцыю Кастусём Каліноўскім паўстанцкіх атрадаў 1863 году, быццам сама была сьведкай тых падзеяў. Канчаткова дабіла тое, што на працягу перадачы разоў 20 не да месца паўтаралася застаўка “Нататкі вандроўніка”.
4 жніўня на Эўрарадыё Сьвятлана Адзінец чытала навіны й сказала такую вось фразу: “Беларусь павінна сплаціць парэшткі доўгу”. Парэшткі – гэта штосьці зьвязанае з эксгумацыяй. А чым кепска проста “рэшткі” альбо “астача”?