НЕСАЛІДНАЯ ГАЗЭТА

як орган адміністрацыі прэзыдэнта

Газэце “СБ” 80 гадоў. Што вы можаце сказаць на гэта? Можа гэта 80 год хлусьні?
Ваш чытач Сяргей

За сваю гісторыю “Советская Белоруссия” некалькі разоў зьмяняла аблічча. Выходзіла і па-беларуску і па-расейску, была памочніцай беларусізацыі ў 1920-я гады і інструмэнтам сталінскіх рэпрэсіяў у 1930-я, рупарам камуністычнай прапаганды і люстэркам нараджэньня незалежнай беларускай дзяржавы. Сёньняшняя “СБ” створана паводле вобразу й падабенства свайго нязьменнага галоўнага рэдактара Паўла Якубовіча – вядомага за савецкім часам фэльетаніста й футбольнага аглядальніка.

У “СБ” спадар Якубовіч выпрацаваў канцэпцыю масавага грамадзка-палітычнага выданьня, узяўшы на ўзбраеньне мэтады “нізкай прэсы” — папулярных часопісаў, якія пішуць пра кухню, спорт, здароўе ці аўтамабілі. Кожны нумар цяперашняй прэзыдэнцкай газэты поўны характэрных загалоўкаў: “В Кабуле все спокойно”, “Два мгновения весны…”, “Шенгенная инженерия”, “Жатва не терпит суеты”, “Паркуй железо, пока горячо!”, “Не в бровь, а в Глазго”, “В чем правда, блат?”, “Если человек не идет к суррогату…”, “Особенности национальной заботы”, “Тоска объявлений”, “Сайт уполномочен заявить”, “Не верь, не бойся, не дрожи”…

Для параўнаньня варта ўзяць які-небудзь расейскі часопіс зь вялікага мноства тых, што прызначаны для чытаньня ў цягніку і прадаюцца, галоўным чынам, на вакзалах, а там – цэлыя россыпы падобнай журналістыкі: “Кашель бьет без промаха” ці “Без права на лишний килограмм” ці “Пицца – застолья птица” ці “ОСАГО с человеческим лицом”… Стыль загалоўкаў – той самы, стыль артыкулаў – таксама. У літаратуры гэты стыль называюць перасьмешніцтвам. Бярэцца знаёмы кожнай постсавецкай галаве штамп і перакручваецца на свой лад. Некалі такім перасьмешніцтвам і займаліся савецкія фэльетаністы. Але ў савецкіх газэтах яны займалі строга вызначанае для іх месца – на апошняй паласе. У выпадку ж “Советской Белоруссии” гэты прыём быў ужыты татальна – для ўсіх палос і тэм. Фактычна гэта адна вялікая “Пятніца” з колішняй “Знамя Юности”. Як вынік – шалёная папулярнасьць у публікі і… пустата пасьля прачытаньня.

Перасьмешніцтва заўжды другаснае, бо адштурхоўваецца ад першаўзору. Нічога арыгінальнага ці эксклюзіўнага ў такім жанры ня можа быць паводле вызначэньня. Таму ўся “СБ” ператварылася ў адзін фэльетон савецкага кшталту – лёгка і масава чытаецца, але нічога не пакідае ані ў думках, ані ў душы. Як той красворд.

У цалкам забаўляльным кантэксьце “СБ” немагчыма ўявіць сабе сур’ёзны аналітычны матэрыял, які б выклікаў палеміку ў грамадзтве. Бо аналітыкі “СБ” – таксама перасьмешнікі. Напрыклад, калі жанчына-мэдык скардзіцца ў рэдакцыю на нізкія заробкі лекараў, дасужы газэтны “аналітык” заўважае: дык і ня ўсе ж лекары працуюць у мэдыцыне паводле прызваньня! Калі б “аналітык” меў прозьвішча Петрасян, чытачам упару было б разрагатацца над такой “аналітыкай”. Але прозьвішча незнаёмае, і застаецца толькі неўразумела сьцепануць плячыма.

У “СБ” ня можа выказацца Асоба, якую хвалюе лёс краіны. Напрыклад, папулярны ў незалежных СМІ філёзаф Валянцін Акудовіч ці народны паэт Ніл Гілевіч альбо знакаміты музыка Лявон Вольскі. Іх там ня можа быць, бо яны – зь іншага жанру, не перасьмешнікі. Нават панылыя даклады ідэолягаў адміністрацыі Лукашэнкі, як зрэшты і сьпічы самога прэзыдэнта, тут не ўспрымаюцца сур’ёзна – як тое бывала ў савецкія часы, калі фэльетону было адведзенае сваё месца, дырэктыве — сваё, а на палосах іншы раз зьяўляліся сапраўды праблемныя тэксты.

Нават русіфікатарская роля, якую мусіць выконваць “Советская Белоруссия”, падкрэсьлена несур’ёзная. Да прыкладу, кожны беларус, паводле “СБ”, павінен ведаць, хто такі Гальцаў і ўспрымаць яго як свайго.

Фэльетон чытаецца ўзахапкі, падымае настрой, але зараз жа вылятае з галавы, бо ня мае дачыненьня да рэальнага жыцьця.

Фармальна “СБ” можна было б аднесьці да карнавальнай культуры постсавецкага часу. У прынцыпе гэта нармальна, бо й цыркавы балаган на базары – таксама патрэбная зьява. Але – у свой час і ў сваім месцы. Калі ж гэты цырк называюць органам адміністрацыі прэзыдэнта, робіцца яшчэ “весялей”. Стваральнікі “СБ” гэта ўсё, вядома, разумеюць. І каб адначасова ня страціць сваёй масавасьці і захаваць апеку першай асобы краіны, выстаўляюць рэклямны контрслоган: “СБ” – салідная газэта!”

Насамрэч “СБ” ня толькі не салідная, а падкрэсьлена несалідная газэта. На яе аўтарытэт ніколі не спасылаюцца рэальна салідныя СМІ за мяжой, бо аўтарытэту ў “СБ” няма. Нельга, аналізуючы палітыку, эканоміку ці культуру, спасылацца на часопіс красвордаў ці газэту кулінарных рэцэптаў. Але тое, што “СБ” несалідная, для яе самой і для чысьціні жанру – добра. Бо ніхто ня пойдзе ў “салідны” цырк і не прыпыніцца каля “саліднага” базарнага балагану. Адсюль і неапраўданыя вінавачаньні “СБ” у хлусьні. Вы ж ня станеце вінаваціць факіра, які выдыхае агнём пасярод базарнага балагану, што ён вас падманвае. Як нармальны чалавек, вы пазахапляецеся відовішчам і ўкінеце ў факіраву шапку свае тры, а можа, нават, і трыццаць тысяч.

Напрыканцы нам застаецца павіншаваць калег з круглай датай і пажадаць далейшага поступу ў разьвіцьці савецкага фэльетоннага жанру. Помніцца, найвышэйшым пілятажам гэтага жанру лічылася пісаць рытмізаванай прозай, што мела ашаламляльны посьпех у публікі, а то нават і вершам.

Сымон Музыка

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.