Беларуская рулетка
Ці ператворыцца Менск у Лас-Вэгас?
Рашэньне расейскіх уладаў вынесьці да 2009 году ўсе казіно з буйных гарадоў у чатыры аддаленыя зоны зь цікавасьцю было сустрэтае ў Беларусі. Пэўныя колы ў нашым кіраўніцтве і бізнэсе адразу пабачылі для сябе выдатныя магчымасьці.
Натуральна, што, хоць у нас на паперы існуе так званая “саюзная дзяржава”, згаданае рашэньне на тэрыторыю Беларусі не распаўсюджваецца. Таму менскія казіно, у адрозьненьне ад маскоўскіх ці піцерскіх, зачыняцца не зьбіраюцца.
Такім чынам, у 2009 годзе перад расейскімі аматарамі азартных гульняў паўстане выбар: або ехаць у нейкі Мухасранск, або наведаць сталіцу эўрапейскай дзяржавы. Тым больш, што дабрацца да Менску, прыкладам, з Масквы можна за гадзіну самалётам ці за ноч цягніком.
Відавочна, што значная частка гульцоў аддасьць перавагу другому варыянту. Таму ўжо цяпер варта рыхтавацца да будучага наплыву. Трэба будаваць новыя казіно, бо цяперашнія наўрад ці будуць здольныя задаволіць попыт, які рэзка ўзрасьце за кошт расейцаў. І зьбіраць зь іх грошы ў бюджэт, ну, і трошкі тым чыноўнікам, якія будуць выдаваць адпаведныя дазволы.
Аднак папярэджаньнем для тых, хто марыць пра “Лас-Вэгас у Беларусі”, прагучалі на мінулым тыдні стрэлы у цэнтры Менску. Наведнік казіно, што месьціцца на вуліцы Няміга, будучы нападпітку, выйшаў на вуліцу й там пачаў чапляцца да мінака. Калі той сеў у таксоўку, аматар азартных гульняў зь сябрамі на асабістым аўтамабілі пагналіся за ім. Урэшце бамбіза пачаў страляць у хлопца, які чымсьці яму не спадабаўся, з пісталета. Дзякуй Богу, што з пнэўматычнага.
Трэба памятаць, што азартныя гульні – гэта ня толькі вялікія грошы, але й вялікі крымінал. Калі ў нашы казіно пачнуць масава езьдзіць расейцы зь іх добра вядомымі звычкамі, гісторыя са стралянінай з пнэўматычнага пісталета ў цэнтры Менску падасца добрай дзіцячай казкай. І меркаваныя прыбыткі абернуцца такімі стратамі, што адыграцца мы наўрад ці здолеем.
Таму да падобных гешэфтаў заўсёды трэба ставіцца зь вялікай асьцярожнасьцю. Спакусіцца на азартную гульню лёгка, перамагчы ў ёй – цяжка.