Ці можа ў Беларусі паўтарыцца 1937 год?

Мікола Статкевіч, старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”:
“НЯ ХОПІЦЬ РЭСУРСАЎ”
Не. Не хапае ні рэсурсаў, ні тэрыторыі, ні зброі, ні насельніцтва, ні Сібіры. Зьесьці б ён зьеў, ды хто ж яму дасьць. Рэсурсы – гэта калі краіна можа калючым дротам абнесьці сябе й спакойна йснаваць аўтаномна. А ў нас адкрытая эканоміка. Нас, калі калючым дротам абнесьці, дык на адной бульбе сядзець будзем. А зімой мерзнуць. У нас жа ня Куба, у нас холадна. Нам трэба нафту купляць, газ купляць. І таму ў нас такі варыянт немагчымы. Толькі калі ў садружнасьці з Расеяй. У нас рэпрэсіі кропкавыя, выбарачныя. Улічваючы, што беларусы – нацыя запалоханых індывідуалістаў, улады б’юць па штабах, па галовах, па правадырах. І па-сутнасьці, сядзіць некалькі чалавек, а напалоханых шмат мільёнаў.

Васіль, пэнсіянэр:
“ДОБЛЕСНЫЯ ОРГАНЫ ЧАКАЮЦЬ РАБОТЫ”
А чаму не? Можа, не ў такіх крывавых маштабах, але ж лёсы паламаць можна і без крыві. Што тычыцца грамадзтва, дык яно ўсё “скушае”. Таму што яно ў нас не грамадзтва, а г…, прабачце. Доблесныя органы толькі й чакаюць сапраўднай работы. А колькі прачнецца стукачоў!..

Крысьціна Шацікава, грамадзкая актывістка:
“ГЭТА ЎЖО НАША РЭЧАІСНАСЬЦЬ”
Гэта ўжо наша рэчаіснасьць. Таму што карная псыхіятрыя ўва ўсёй красе сябе паказвае, і я таму жывы прыклад. (Крысьціна Шацікава была затрыманая ў Магілёве каля свайго дому міліцыяй і прымусова дастаўленая ў псыхіятрычную лякарню, дзе яе трымалі некалькі дзён, а потым адпусьцілі без усялякага дыягназу – заўвага рэд.;) Дзякуй Богу, што жывы. Гэта прыклад 1937-га году. І калі мы нічога ня будзем рабіць, нашы дзеці і ўнукі будуць жыць у 37-м. Гэтага нельга дапускаць. Але я ўпэўнена, што мы гэтага не дапусьцім. Бо ў нас выйсьця ніякага няма. Гаворка ж ідзе пра будучыню дзяцей.

Натальля, настаўніца:
“ЧАС НЯ ТОЙ, ЛЮДЗІ НЯ ТЫЯ”
Ня можа. Час ня той, людзі ня тыя. Каб распачаць шырокія рэпрэсіі, трэба павальная вера насельніцтва ў якую ідэю. А дзеля чаго паміраць і забіваць зараз? У імя квітнеючай Беларусі? З імем Лукашэнкі на вуснах? Уявіце сабе такую карціну. Да вас ноччу прыходзяць канваіры. А вы што? Будзеце моўчкі зьбіраць манаткі? Супакойваць жонку, што, маўляў, “там” разьбяруцца. Ці па мабільніку зьвякнеце? Каб сябры па сьвеце разьнесьлі?

Андрэй Саньнікаў, каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Хартыя’97”:
“ДЛЯ ГЭТАГА ПАТРЭБНЫ ГУЛАГ”
Не. Гэта немагчыма. Ня хопіць сіл у рэжыму. Таму што сьвет зьмяніўся і зараз амаль што немагчыма цалкам ізаляваць краіну. Гэта было магчыма пры таталітарным рэжыме, пры дыктатарскай уладзе і пры ізаляцыі. Поўнай ізаляцыі. А сёньня гэта немагчыма. Можна перашкаджаць перасякаць мяжу, але не зачыніць краіну. Калі прыгадаць досьвед нашых суседзяў, напрыклад, Польшчы, дык там у 80-я гады вельмі многіх дзеячоў “Салідарнасьці” інтэрнавалі. Гэта стала магчымым, бо ў параўнаньні з Савецкім Саюзам Польшча – невялікая краіна, якая ня мае сваёй Сібіры. Каб быў магчымы 37-мы год, патрэбны ГУЛАГ.

Канстанцін, мэнэджэр:
“РЭЖЫМ НАШ БРЫДКІ, АЛЕ НЕ ЛЮДАЖЭРСКІ”
Ня можа – ні па маштабе, ні па духу. А маленькі 37-мы мы ўжо даўно маем.  Лукашэнкаўская эліта ўся ходзіць і нечага чакае. Яны ўсе перамазаныя нейкім гноем, іх усіх ёсьць за што адправіць на дзесяць гадоў з правам перапіскі. Але сытуацыя ня тая. І Лукашэнка, усё ж, не людажэрца ў параўнаньні з тым рэжымам, які быў у Савецкім Саюзе 30-х гадоў. Рэжым наш брыдкі, але не людажэрскі. Калі мы кажам пра 37-мы ў тым сэнсе, што можна павязаць кожнага цырульніка й настаўніка, такога ня будзе. А тое, што эліта сама сябе жарэ пакрысе, грамадзтва гэта ня тычыцца.

Уладзімер Мацкевіч, філёзаф:
“КАЛІ Б БЕЛАРУСЬ БЫЛА ПЛЯНЭТАЙ…”
У Беларусі ён, можа быць, быў бы магчымы, калі б Беларусь была плянэтай. А паколькі ёсьць такая рэч, як глябалізацыя, дык 37-ы год немагчымы ў сьвеце. За выключэньнем асобных мядзьвежых куткоў, джунгляў. Ёсьць Паўночная Карэя, Бірма, людажэрская Цэнтральнаафрыканская рэспубліка. І тут Лукашэнку не пашанцавала. Беларусь усё ж знаходзіцца ў Эўропе. Калі б не ў Эўропе, такое цалкам было б магчыма. А так – глябалізацыя вельмі шкодзіць.

Валянцін Тарас, пісьменьнік:
“СЫМПТОМЫ ХВАРОБЫ ЁСЬЦЬ”
Ёсьць такія кепскія бактэрыі, якія існуюць ў прыгнечаным выглядзе ва ўмовах, неспрыяльных для іх разьвіцьця. Ну, але потым – дай ім крышачку больш спажывы, яны ажывуць і пачнуць размнажацца ў геамэтрычнай прагрэсіі… У адной старой літаратурнай пародыі бацька размаўляе з сынам. І сын пытаецца: “Бацька, ну, скажы, ці быў 37-ы год?” А бацька кажа: “Не, сыночак. Не было 37-га году. Але будзе”. Сымптомы хваробы ёсьць. Яны, кажучы па-расейску, “на лицо”. Сапраўды, на кожны твар цень гэты кладзецца. Некаторыя твары, праўда, калі на іх падае гэты цень, яны ажыўляюцца, нават зморшчыны некуды зьнікаюць, яны нібы маладзеюць. І наадварот, калі гэты цень кладзецца на нармальны чалавечы твар, чалавек нібы старэе на вачох: “Не было, але будзе. Абавязкова будзе”. Некалі клясыкі марксізму казалі, што гісторыя паўтараецца двойчы. Першы раз як трагедыя, а другі – як фарс. Вядома, мы прысутнічаем пры фарсе. Дакладней, мы прысутнічаем у фарсе. А жывому чалавеку бяз розьніцы – яго забіваюць на прыступках трагедыі, ці на прыступках фарсу. Усё роўна яго забіваюць. У літаральным сэнсе слова, альбо ў пераносным.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.