1937 год
Ці ён быў ці яшчэ будзе?
Сёлета мы адзначаем 70-годзьдзе… 70-годзьдзе чаго? Сталінскае дыктатуры? Але Сталін дасягнуў найвышэйшай улады яшчэ на пачатку 1930-х, раней за Гітлера. Семдзесят гадоў ад славутага травеньскага працэсу “чырвоных камандармаў” — Тухачэўскага, Убарэвіча, Якіра?…Усіх іх расстралялі адразу пасьля “суду” як нямецкіх шпіёнаў, здраднікаў сацыялістычнай радзімы. Але гэта быў усяго толькі эпізод. Дакладней – прэлюдыя масавых расстрэлаў. Масавыя рэпрэсіі былі й да 37-га году й пасьля яго. У Беларусі барацьба з “нацдэмаўшчынай”, вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі пачалася яшчэ ў 20-я гады. І ўсё-ткі, 1937-ы – ня проста ўмоўная дата гісторыі. Мы адзначаем своеасаблівы юбілей свайго татальнага страху і нежаданьня ведаць праўду пра мінулае. А значыць — і пра нашу будучыню.
Галоўнае пытаньне — ці магчымы ў Беларусі 1937 год?
З паняцьцем “1937 год” адбылося тое самае, што адбываецца з усімі паняцьцямі, калі іх часта ўжываць – яно зацерлася, зрабілася штампам. Альбо свайго роду “страшылкай”, якая нікога, насамрэч, даўно не палохае. “Гэта ўжо наша рэчаіснасьць”, “1937 год мы ўжо маем” – яўнае перабольшаньне, даніна публіцыстыцы і палітычным штампам.
А з іншага боку, існуе погляд на 1937 год як на зьяву, што належыць выключна гісторыі, паўтарэньне якой немагчымае. Спрактыкаваныя палітыкі ды палітолягі ўпэўнена кажуць, што 1937 год як зьява паўтарыцца ў Беларусі ня можа, бо на гэта “ня хопіць рэсурсаў”, “няма сіл у рэжыму”. І ўвогуле, мы жывем не на Кубе, а ў Эўропе дваццаць першага стагодзьдзя ва ўмовах газіфікацыі, транспарэнтнасьці ды глябалізацыі. Так што, паводле вядомай формулы, гэтага ня можа быць таму, што гэтага ня можа быць ніколі.
Як быццам гітлераўская Нямеччына існавала не ў цывілізаванай Эўропе, а недзе на іншай плянэце.
Як быццам ва ўладаў РБ, калі б у іх была ў гэтым патрэба, не знайшлося б рэсурсаў абнесьці Беларусь калючым дротам. Думаецца, які-небудзь Жлобінскі мэталургічны камбінат выканаў бы заказ вельмі хутка.
Але ўлады ня робяць гэтага не таму, што ім сумленьне не дазваляе, ці Эўразьвяз. Як той казаў — мелі яны на ўвазе тыя ЭЗ разам з ЗША. І не таму, што ў краіне, нібыта, не хапае турмаў. (Той самы ЭЗ са сваёй праграмай ТАСІС, кажуць, у свой час дапамог рэжыму стварыць новую, больш дасканалую турму на Акрэсьціна.) Спасылкі на адсутнасьць у Беларусі Сібіры гучаць увогуле анэкдатычна. Хіба нацысцкія лягеры сьмерці былі не ў Эўропе? Катынь альбо Курапаты – не ў Эўропе?
Улады ня йдуць на маштабныя рэпрэсіі супраць народу, таму што ў гэтым зараз няма вялікай патрэбы. Як казалі некалі партыйныя бонзы, — немэтазгодна. Сталінскія рэпрэсіі, у тым ліку 1937 году, далі свой плён. Людзі падсьвядома, на генэтычным узроўні, баяцца 37-га году. Яны баяцца, выглядае, нават думаць усур’ёз, разважаць над тым, што з намі як нацыяй, як грамадзтвам адбылося і што з намі можа быць далей.
Мы пыталіся не пра тое, ці быў 1937 год, але пра тое – ці магчымы ён у будучыні? Пераважная большасьць апытаных ухілілася ад адказу, абмежаваўшыся агульнымі развагамі пра яго “немагчымасьць”, пра тое, што “людзі цяпер ня тыя”. Калі людзі ня тыя, дык хто ж цяпер езьдзіць цэлымі сем’ямі, разам зь дзецьмі глядзець “Лінію Сталіна”? Хто глядзіць тэлесэрыялы пра “генэралісімуса”? Хто ўступае ў БРСМ, а цяпер і ў “Белую Русь”? Хто галасуе на выбарах за цяперашнюю ўладу? Хто гаворыць на “обшчапанятным языке”, хто не заўважае зьдзекаў з роднай мовы і культуры, хто не заўважае арыштаў маладых актывістаў, адпраўкі палітыкаў і журналістаў на “хімію”, звальненьняў сваіх калегаў з працы, выключэньня сяброў з вучобы? Мы, беларусы…
Мне запярэчаць, што “забарона на прафэсію” — гэтая такая дробязь у параўнаньні са сталінскімі ці нават брэжнеўскімі рэпрэсіямі, што й гаварыць аб гэтым ня варта. Як раней казалі: “у параўнаньні з сусьветнай рэвалюцыяй”. Нікога ж апошнім часам, сапраўды, не забілі, не саслалі на дзесяць гадоў бяз права перапіскі. Амаль зусім сышла на нішто тэма зьніклых. Можна, канечне, як Пазьняк ці некаторыя іншыя палітыкі, рабіць выгляд, быццам яны вераць — Захаранка і Ганчар “хутка знойдуцца”. Альбо гаварыць аб тым, што тут не палітыка, а “крымінальныя разборкі”. А што, сталінская ўлада не была крымінальнай? Сталін не паводзіў сябе ў шмат якіх выпадках як чысты крымінальнік, пахан? І тое, што Кіраў альбо Троцкі, альбо шмат хто яшчэ з бальшавікоў былі нічым ня лепшыя за Сталіна, хіба апраўдвае ягоныя дзеяньні?
Дарэчы, варта было б нарэшце вызначыцца, што мы маем на ўвазе пад 37-ым годам? (Калі я кажу “мы”, кажу не пра адмыслоўцаў-гісторыкаў, але пра нас — звычайных грамадзянаў.) Вал літаратуры і праўдзівых фактаў аб сталінскіх рэпрэсіях, які абрынуўся на савецкіх людзей у канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, вельмі хутка схлынуў. І выявілася, што ўсё пайшло ў пясок. Ці ў “жоўты пясочак” (калі ўспомніць апавяданьне Быкава пра Курапаты). У лепшым выпадку, 37-год застаўся ў сьвядомасьці масавага чытача чымсьці з разраду бэлетрыстыкі, кшталту “Трыццаць пяты і іншыя гады” Рыбакова. Для старэйшага пакаленьня 37-ы – гэта, найперш, працэс ”чырвоных камандармаў”: Тухачэўскага, Убарэвіча, Якіра… Гэта было, як цяпер зразумела, усяго толькі эпізодам. Дакладней, прэлюдыяй.
2 ліпеня 1937 году сталінскае палітбюро прымае рашэньне “Аб антысавецкіх элемэнтах”, у якім ЦК ВКП (б) прапануе цягам пяці дзён “прадставіць у ЦК склад троек, а таксама колькасьць тых, хто падлягае расстрэлу, і колькасьць тых, хто падлягае высылцы”. Рашэньне падпісаў асабіста першы сакратар ЦК Сталін. 30 ліпеня выходзіць загад народнага камісара ўнутраных справаў (НКВД) СССР “Аб апэрацыі па рэпрэсаваньні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элемэнтаў”. Усе “антысавецкія элемэнты” дзяліліся на дзьве катэгорыі. Першая падлягала расстрэлу, другая – заключэньню ў лягер на 8-10 гадоў. У загадзе ўтрымліваліся плянавыя лічбы рэпрэсіяў:
|
|
Первая |
Вторая |
ВСЕГО |
|
1. Азербайджанская ССР |
1500 |
3750 |
5250 |
|
2. Армянская ССР |
500 |
1000 |
1500 |
|
3. Белорусская ССР |
2000 |
10000 |
12000 |
|
4. Грузинская ССР |
2000 |
3000 |
5000 |
|
5. Киргизская ССР |
250 |
500 |
750 |
|
6. Таджикская ССР |
500 |
1300 |
1800 |
|
7. Туркменская ССР |
500 |
1500 |
2000 |
|
8. Узбекская ССР |
750 |
4000 |
4750 |
Агульных лічбаў па РСФСР няма – давалася раскладка па аўтаноміях і абласьцях.
“Апэрацыя” пачалася 5 жніўня 1937 году. У БССР было арыштавана 39 040 чалавек. Колькі зь іх было расстраляна – дакладна невядома. Але напэўна больш за 2000. Справа ў тым, што як толькі дырэктыва дайшла да месцаў, адразу наверх пайшлі “сустрэчныя пляны”. Вобласьці й рэспублікі спаборнічалі паміж сабой у тым, хто больш расстраляе “ворагаў народу”. (У Беларусі за гэта адказвала тройка на чале зь Берманам у складзе з Селіверставым і Патапенкам). Арыштоўвалі цэлымі вёскамі, у гарадах – пад’ездамі ці дамамі. Бралі ўсіх запар альбо праз аднаго. Адтуль і засталося ў народзе – хапун. Ці — Вялікі Хапун.
За сталінскім часам, а таксама і ў пасьлясталінскую эпоху нарадзілася шмат мітаў. Адзін зь іх можна назваць “мітам пра міт”. Ён утрымліваўся ўжо ў славутай кнізе “Архіпэлаг ГУЛАГ” Салжаніцына, які сьцьвярджаў, што “вялікі тэрор” ня быў самым масавым у гісторыі савецкіх рэпрэсіяў. З аднаго боку, гэта праўда. Грамадзянская вайна, раскулачваньне і галадамор забралі ня сотні тысяч — мільёны жыцьцяў. А няпраўда была ў тым, што ў 1937-м годзе тэрор тычыўся, нібыта, толькі партыйнага начальства альбо бальшавікоў “ленінскай гвардыі”. Ён тычыўся абсалютна ўсіх сацыяльных саслоўяў. А ў Беларусі, напрыклад, ён у першую чаргу закрануў інтэлігенцыю – настаўнікаў, навукоўцаў, літаратараў. Пра гэта напісана шмат. Нагадаю толькі дзьве лічбы. У 1937-ым былі расстраляныя 86 беларускіх пісьменьнікаў, больш за 100 сасланыя на Калыму, ці ў канцлягеры Сібіры. Максім Гарэцкі ў тым годзе быў арыштаваны ўжо другі раз. Яго адправілі ў лягер і расстралялі ў 1938-м. (Рэпрэсіі 38-га былі лягічным працягам 37-га.)
Дарэчы, “органы”, карыстаючыся фактам шырокага абдыму рэпрэсіяў, любяць паўтараць тэзіс пра тое, што многія “сапраўдныя чэкісты” таксама працярпелі ад рэпрэсіяў. Як быццам гэта хоць у чымсьці іх апраўдвае, ці дае індульгенцыю сёньняшнім супрацоўнікам КГБ.
Ну, а савецкі абывацель па-ранейшаму любіць анэкдоты пра “адстрэл начальства”. Калі раней кіроўцы грузавікоў вешалі партрэты правадыра на лабавым шкле, дык цяпер у маршрутных таксоўках можна бачыць партрэт кіраўніка дзяржавы. Гэтаксама, як некалі народ воклічамі і апладысмэнтамі вітаў сьмяротныя прысуды “трацкістам” і “нацыяналістам”, сёньня радуюцца арыштам кіраўнікоў буйных канцэрнаў, дырэктараў заводаў, бізнэсоўцаў, апазыцыянэраў. І прычына ўсё тая ж – ледзь прыхаваная жывёльная радасьць: добра, што не мяне! “Радасьць”, пра якую пішуць тыя, хто прайшоў канцлягеры – няважна, савецкія ці гітлераўскія. Яны гавораць пра жаданьне выжыць любой цаной. І пра тое, што быць вышэй за чалавечыя інстынкты здольныя далёка ня ўсе.
Характар рэпрэсіяў 1937 году выдатна адлюстраваны ў дэталі, якую згадвае ў сваіх нататках, апублікаваных у “Нашай Ніве”, Уладзімер Някляеў. Старога нямога вяскоўца расстралялі за тое, што ён “сядзеў на ганку і не па-савецку ўсьміхаўся” (так было напісана ў даносе).
Хіба гэта не нагадвае гісторыю з тым глуханямым, схопленым міліцыяй і асуджаным на дзесяць сутак арышту за тое, што ён “выкрыкваў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі”? Было гэта ўжо ў нашы дні.
Дзяржава нікога не забівае. Яна проста пазбаўляе пэнсіянэра, вэтэрана працы льготы на лекі і бясплатнага праезду ў транспарце, тым самым гарантуючы яму паўгалоднае існаваньне. Альбо хапае за рукі інваліда, які пасьмеў выехаць на сваёй калясцы на вуліцу, каб пратэставаць супраць адмены льготаў. Яна ведае, што ніхто, ніякая дэмакратычная сіла не заступіцца за “пагарджаных век сьляпых, глухіх”.
Ведае, што любога апазыцыянэра яна можа ў любы момант схаваць за краты, пазбавіць працы й заробку, нацкаваць на яго пракуратуру ці фінінспэктара, ня даць нармальна вучыцца ягоным дзецям. І амаль гарантавана, што шырокіх пратэстаў гэта ня выклікае. Таму што і ўсе астатнія ведаюць (ці інстынктыўна адчуваюць), на што здольная ўлада, не кантраляваная нікім. Яна ня робіць лішніх рухаў, як удаў. Бо ўпэўненая ў беспакаранасьці. Яна паводзіць сябе, як герой камэдыі: “Ты ведаеш, што я ведаю, што ты ведаеш”.
37-ы год, як неасэнсаванае, непераадоленае намі мінулае, будзе вісець над намі дамоклавым мячом вечна, пакуль мы не пазбавімся страху. А для таго, каб яго пазбавіцца, трэба спачатку зразумець прычыны нашага страху, ясна ўсьвядоміць ягоную прыроду. А не заганяць яго ў глыбіні душы, у падсьвядомасьць і не рабіць выгляд, быццам “у нас гэта немагчыма”, а значыць – усё спакойна.
Максім Пешка
August 1, 2007 у 11:56
Зьдзівіў мяне Мікола Статкевіч! Паглядзеце фільм ” Груз 200 ” Рускага Балабанава. Я ў гэтым часе жыў. Быў прывыкшы.Так што лічба ” 37″- гэта ўсяго толькі лічба! пРАЗ ГАДОЎ…50 МЫ БУДЗЕМ ПРЫВЫКАЦЬ ДА НЕЙКАЙ ІНЬШАЙ.Калі не… Абрыдлі ўсе размовы.Мы - галернікі! У нас на азадках мазалі, на руках- тоеж. І ў галовах!Нашая сьвядомасьць- галерніцкая!!!