ДЗЬВЕ ЭКАНОМІКІ
Нашто нам два мільярды рублёў?
На пачатку лета афіцыйныя асобы зрабілі шэраг супярэчлівых заяваў датычна стану беларускай эканомікі. Чыноўнікі адначасова спрабавалі супакоіць насельніцтва і разжаліць расейскае кіраўніцтва.
Вядома, што першыя паўгода Беларусь аплочвала толькі 55% ад новай цаны на газ. Такую ласку нам дазволіў “Газпром”, каб нацыянальная эканоміка лягчэй адаптавалася да больш дарагіх энэрганосьбітаў. Аднак цяпер неабходна ня толькі плаціць 100 даляраў за тысячу кубамэтраў газу, але й да канца году разьлічыцца па запазычанасьці, якая атрымалася ў студзені-чэрвені – каля 400 мільёнаў даляраў.
Аднак, паводле міністра эканомікі РБ Мікалая Зайчанкі, пераход на поўную аплату расейскага газу ніяк не адаб’ецца на становішчы ў эканоміцы. Бо суб’екты гаспадараньня цалкам аплочваюць газ ужо з 1 студзеня.
Зайчанка наогул сьцьвярджае, што эканамічная сытуацыя – стабільная, валавы ўнутраны прадукт павялічваецца, інфляцыя – у межах заплянаванага. Існуюць, канечне, “асобныя недахопы”, аднак дзяржава зь імі пасьпяхова змагаецца ўжо шмат гадоў.
Яшчэ далей пайшоў Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню незалежнасьці. Ён супакоіў беларусаў: “Няма ніякага страху і катастрофы”. Кіраўнік дзяржавы сьцьвярджае, што, нягледзячы на рост цаны на энэрганосьбіты, тэмпы эканамічнага разьвіцьця застаюцца аднымі з самых высокіх на постсавецкай прасторы, а ўзровень беспрацоўя – мінімальным.
Больш за тое, Лукашэнка распавёў сэнсацыйную навіну. Аказваецца, усе чакалі, што пасьля падвышэньня коштаў нафты й газу беларускія ўлады адмовяцца ад сацыяльных праграмаў. А яны не адмовіліся! Бо не 1941 год, вайны няма.
Вайны, сапраўды, няма, але большасьць сацыяльных ільготаў адмянілі на загад самога Лукашэнкі. Цяпер застаецца толькі здагадвацца: ці то ён пажартаваў такім чынам, ці вырашыў выдаць чорнае за белае, ці проста такім чынам адхрышчваецца ад непапулярнага рашэньня.
Карацей кажучы, усё ў нас выдатна. Але чамусьці зусім іншую карціну намаляваў у Маскве прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі.
Кіраўнік ураду РБ распавёў, што з пачатку году краіна згубіла больш за 200 мільёнаў даляраў на нафце і яшчэ 458 мільёнаў даляраў на газе. Адбылося гэта з-за зьмяненьня ўмоваў паставак энэрганосьбітаў. Таму Сідорскі лічыць, што Расея абавязаная дапамагчы Беларусі, у прыватнасьці, крэдытам.
Прычым, грошай Беларусі патрабуецца ўсё больш. Напачатку году ў Расеі зьбіраліся пазычаць 1-1,5 мільярда даляраў. Цяпер ужо гутарка вядзецца пра два. Навошта, калі справы ў нас ідуць так бліскуча? Кажуць жа, што пазычаеш чужыя і на час, а аддаеш свае і назаўсёды. Да таго ж з працэнтамі.
Між іншым, у той самы дзень Віктар Бура, намесьнік Сяргея Сідорскага, прыводзіў іншыя лічбы, што тычацца стратаў Беларусі. Паводле яго, бюджэт згубіў на нафце 430 мільёнаў, а на газе – 359 мільёнаў даляраў.
Выглядае, што ва ўрадзе – поўнае бязладзьдзе. Калі прэм’ер-міністар і ягоны намесьнік у адзін і той дзень апэруюць рознымі лічбамі, узьнікае пытаньне: а ці ведае наогул хто-небудзь сапраўднае становішча спраў?
Пакуль што прасочваецца адна тэндэнцыя. Для ўнутранага спажываньня распаўсюджваецца інфармацыя, што закліканая супакоіць насельніцтва. А то, барані Божа, грамадзяне пачнуць забіраць з банкаў свае ашчаджэньні, і тады верагоднасьць таго, што эканоміка лясьне, істотна ўзрасьце.
Падчас жа перамоваў з расейскім урадам выкарыстоўваюцца іншыя крыніцы. Там справы выглядаюць ня надта бліскуча. У прыватнасьці, згадваецца пра адмоўнае гандлёвае сальда з Расеяй у памеры 2 мільярды даляраў. На гэтай падставе афіцыйны Менск зьвяртаецца па дапамогу. Але хаўрусьнік пакуль што не сьпяшаецца працягнуць руку з грашыма.
Такім чынам, нібыта паралельна існуюць дзьве эканомікі. Адна квітнее, нягледзячы на ўсе перашкоды. Другая з апошніх сілаў змагаецца зь цяжкасьцямі. А пасярэдзіне – мы, беларусы насьцярожана назіраем за тым, у які бок нарэшце ўсё хісьнецца. Пакуль што вонкавае ўражаньне досыць спакойнае. Аднак, падобна, што за фасадам заяваў пра пасьпяховую сацыяльна-эканамічную мадэль сасьпявае маштабны крызыс накшталт таго, што ў свой час прывёў да скону Савецкі Саюз.