Вершнікі

Цок-цок, цок-цок…
Сяржук Сокалаў-Воюш

Ня кожнаму пад сілу асядлаць каня. Аднак ці ж гэта такая рэдкасьць – вершнікі на конях? Вось зацугляць свой час, узьбіцца на гэту наравістую жывёлу і не зваліцца, утрымацца – ото штука!

Для гэтага трэба мець талент. З гэтым трэба нарадзіцца, такому ня вучаць ні ў якіх школах. Гэта – шчасьце, выйгрышны лёс у жыцьцёвай лятарэі, — так як і “лузэрства” – пляніда, наканаваньне. І мала атрымаць шчасьлівы білет, трэба разумна капіталам пакарыстацца.

Трапіліся мне нядаўна ўспаміны Сяргея Юткевіча. Старэйшыя памятаюць фільмы “Чалавек з ружжом”, “Ленін у Парыжы”, “Ленін у Польшчы”. А пачынаў ён як авангардыст. Зрэшты, а хто з “авангардыстаў” ня быў прыхільны бальшавікам? Толькі вось “беспартыйны бальшавік” Павал Філонаў застаўся верны сваім ідэалам, і ў выніку памёр з голаду і быў забаронены-забыты да найноўшых часоў. “Лузэр”. А “вершнік” Юткевіч “колебался с линией партии”. І здымаў фільмы, езьдзіў па Эўропах – гэта ў сталінскія часы! Сябраваў з Мацісам, быў на “ты” зь Пікасо. І ведаў, як падаць гэтыя свае “дружбы” савецкім уладам. Вось ён піша пра Маціса: “Как все передовые люди Франции, он голосует за коммунистов и является горячим поклонником Советского Союза”. І далей стары мастак нібыта кажа: “Расскажите мне про советских художников… Счастливые люди – о них заботится государство. Они могут работать спокойно… А мы все здесь зависим от торговцев…” І Юткевіч слухае, не пярэчыць. Хоць цудоўна ведае, як “заботится государство” пра савецкіх мастакоў, якія б уздумалі працаваць у манеры Маціса! А як жа – міска баланды і месца на нарах гарантаваныя! (Размова адбылася ў 1946 годзе.)

А Пікасо ў падачы Юткевіча – проста “перасоўнік” нейкі ці, хутчэй, “палітінфарматар і агітатар”. Ён марыць, каб яго творы “не были закрепощены в роскошных палаццо американских или итальянских миллионеров”. Ён марыць “приблизить свои произведения народу”. “Американские друзья” падарылі слаўнаму Пабла “портативный приемник”. Ды вось бяда – зь яго раздаюцца “звуки джаза”, і падарунак “пренебрежительно отброшен в сторону”, а ўключаны народныя песьні.

Што ж, і Пікасо, і Арагон, і Бэрнард Шоў – былі “вершнікі” яшчэ тыя! Умелі як сьлед “даіць” сваіх мільянэраў, купляць сабе “палаццо” і замкі, а для пікантэрыі, для “перчыку” пагуляць у “левізну”. Ды неяк не выказвалі жаданьня перабрацца ў краіну сваіх ідэалаў, дзе так слаўна “заботятся о художниках”.

Часы зьмяніліся. Нядаўна мой знаёмы мастак вярнуўся з Масквы. Цяпер там малююць не “камісараў у пыльных шлемах” – усюды на палотнах патрыярхі, сьвятары, цэрквы! Хочаш быць “вершнікам” – усюды выстаўляй “свою преданность православию”. Што ж, адзін паляк добра сказаў – “раней бандыт вісеў на крыжы, цяпер крыж – на бандыце”.

Прычым і чырвоназорных камісараў, і грывастых бацюшак малююць тыя самыя асобы. І тут нічога новага. Вялікі францускі мастак Жак Луі Давід (вялікі без двукосься) прымкнуў да якабінцаў, сярод іншых падпісаў сьмяротны прысуд каралю, адправіў пад нож гільятыны дзясяткі ахвяраў, — а калі ўладу захапіў Напалеон, маляваў ягоную каранацыю – зноў “на хвалі”, зноў пры ўладзе.

І “вершнікі” заўсёды выйграюць. Так, як “лузэры”, кшталту Ван-Гога, Мадыльяні ці таго ж Філонава, – заўсёды церпяць паразу. Хоць потым коштам іхных твораў “вершнікі” набываюць сабе палацы.

Толькі неяк во здрабнелі “вершнікі”. Няма ні новага Пікасо, ні Шоў – нават асобы маштабу нашага Міхала Андрэевіча Савіцкага не відаць. Толькі каторы ўчэпіцца за грыву, ускочыць у сядло – зьнізу дзясяткі зайздросьнікаў за нагу – і далоў. І мы хочам прэмій, славы, хочам у Вэнэцыю, у Касэль, хочам жыць сёньня, тут і цяпер!

І я паважаю гэтых энэргічных, напорыстых, дынамічных і дужых людзей. І захапляюся імі.

Але – не люблю.

Алег Аблажэй

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.