“ХАЙ ЖА ВАМ ТАК НЕ ЗДАЕЦЦА”

На “Славянскім базары” танчаць усе

Музычны фэстываль “Славянскі базар” у Віцебску сёлета набыў яшчэ большую папулярнасьць – дзякуючы інтэрнэту. Як вядома, у адкрыцьці “базару” прымаў удзел Аляксандар Лукашэнка. У нейкі момант украінскі сьпявак Андрэй Данілка, больш вядомы пад сцэнічным псэўданімам Верка Сярдзючка, пранік са сцэны ва ўрадавую лёжу й прымусіў кіраўніка дзяржавы пусьціцца разам зь ім у скокі.
Відэазапіс гэтага камічнага эпізоду патрапіў спачатку на пэрсанальную інтэрнэт-старонку (дакладней, блог) hvost.org. А адтуль – на сайт “Ют’юб”. Трэба патлумачыць, што Youtube.com – самы папулярны ў сеціве відэасайт, які працуе ў рэжыме анлайн, то бок, наўпрост. Па-сутнасьці, гэта гіганцкая мультымэдыйная бібліятэка, якая ўтрымлівае ў сабе больш за 100 мільёнаў відэафайлаў (сюжэтаў). Гэта бясплатны сэрвіс, які дазваляе карыстальнікам ва ўсім сьвеце выкладаць у інтэрнэце якое заўгодна відэа, шукаць яго паводле катэгорыяў, глядзець і выстаўляць свае ацэнкі.

Наступным днём пасьля адкрыцьця “базару” віцебскі сюжэт выйшаў на 13-е месца паводле папулярнасьці ў катэгорыі “Людзі і блогі” і на 20-е месца – паводле колькасьці спасылак.

Двухсэнсоўны эпізод зь Сярдзючкай, дарэчы, быў не адзіным, які выклікаў пачуцьцё няёмкасьці. Напрыклад, вядомы сьпявак Барыс Майсееў падзякаваў Лукашэнку за тое, што той… “робіць яго кожны год шчасьлівым”.

Але былі на “Славянскім базары” й больш сур’ёзныя “праколы”. Канцэрт беларускіх выканаўцаў 7 ліпеня арганізатары прысьвяцілі адразу двум клясыкам беларускай літаратуры. Вядучая Алена Сьпірыдовіч у нейкі момант абвясьціла (па-расейску): “Сёньня мы адзначаем 125-годзьдзе Купалы й Коласа!” Амаль як у вядомай рэкляме шампуняў – два ў адным! Што з таго, што Якуб Колас нарадзіўся 3 лістапада, амаль праз чатыры месяцы пасьля Купалы? Галоўнае – выкарыстаць нагоду, каб потым можна было даць справаздачу: зь беларускай культурай, маўляў, усё ў парадку. Ці трэба да гэтага дадаваць, што міністар культуры РБ выступіў са сцэны з нагоды “юбілейнага” канцэрту па-расейску?

Прывітаньне фэстывалю Лукашэнкі, як і Пуціна, таксама зачытвалася па-расейску. І толькі прэзыдэнт Украіны Юшчанка даслаў прывітальную тэлеграму на ўкраінскай мове.

У той самы дзень, 7 ліпеня ў Віцебску быў затрыманы ягоны жыхар Барыс Хамайда, які выйшаў у цэнтар гораду з плякатам, прысьвечаным 125- годзьдзю з дня нараджэньня Янкі Купалы. На плякаце, упрыгожаным нацыянальным беларускім арнамэнтам, былі напісаныя радкі купалаўскага верша “Хай жа вам так не здаецца»: «Хай жа вам так не здаецца, што бяда ўжо і зацісьне. Знайце, ліха ператрэцца, і маланкай доля блісьне». Прыблізна праз гадзіну Хамайду забрала міліцыя. Суд прысудзіў яму штраф у 310 тысяч беларускіх рублёў за арганізацыю “несанкцыяванага пікету”.

Вось такі атрымаўся юбілей беларускіх клясыкаў – зь песьнямі ды скокамі.

Аглядальнік

Водгукаў на публікацыю ““ХАЙ ЖА ВАМ ТАК НЕ ЗДАЕЦЦА””: 62

  1. З Менску кажа:

    А яшчэ лепш адгукнулася на юбілей Купалы першая беларуская газэта “НН”- надрукаваў зьдеклівы допіс “месцячковага” літаратуразнаўцы - Фядуты пра Купалу. Плявок атрымаўся!З чым можна павіньшаваць рэдакцыйны калектыў!

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.