БОЛЬШ “СТАБІЛЬНАСЬЦІ” – БОЛЬШ КАРУПЦЫІ

Сусьветны банк апублікаваў даклад пра эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня ў сьвеце ў 1998-2006 гадах. Паводле дасьледаваньня, якое праводзілася ў 212 краінах, Беларусь апынулася ў ліку тых, дзе якасьць кіраваньня пагоршылася ў цэлым шэрагу найважнейшых паказчыкаў. У якасьці нэгатыўных прыкладаў, акрамя Беларусі, у дакладзе называюцца таксама Зімбабвэ, Кот-д’Івуар, Вэнэсуэла. А ў якасьці прыкладу вельмі хуткіх пазытыўных зьменаў – Україна (асабліва пасьля 2002 году), Кенія і Лібэрыя. А такія краіны, як Коста-Рыка, Ургувай, Славенія, Чэхія, Латвія, Літва апярэджваюць паводле сваіх паказчыкаў такія прамыслова разьвітыя краіны як Грэцыя й Італія.

Гэтае дасьледаваньне, у якім удзельнічалі дзясяткі тысяч экспэртаў розных кампаніяў і ўстановаў з розных рэгіёнаў плянэты, не зьяўляецца нейкім умоўным рэйтынгам, якіх друкуецца цяпер шмат. Аўтары дакладу абвяргаюць меркаваньне, быццам эфэктыўнасьць дзяржаўнага кіраваньня не паддаецца дакладнаму вымярэньню. Яна ацэньвалася экспэртамі, зважаючы на такія важныя фактары, як улік меркаваньня насельніцтва, палітычная стабільнасьць, эфэктыўнасьць працы ўрадаў, якасьць заканадаўства і вяршэнства закону, барацьба з карупцыяй.

І хаця Беларусь паводле ўзроўню палітычнай стабільнасьці стаіць вышэй за многія афрыканскія краіны, па эфэктыўнасьці ўраду яна апынулася побач з Балівіяй. У РБ гэты паказчык -1,24, у Балівіі -0,69. (У Расеі -0,48.) А ў сэнсе ўліку меркаваньня насельніцтва і падкантрольнасьці чыноўнікаў грамадзтву РБ прадэманстравала адзін з найгоршых паказчыкаў у сьвеце. За дзесяць гадоў ён зьнізіўся на 1,71 бала. У Іране, да прыкладу, ён зьнізіўся на 1,33, у Іраку (дзе йдзе вайна) – на 1,54, а ў КНДР на 2,19 (рэкорд).

Паказчык барацьбы з карупцыяй у РБ зьнізіўся за той самы час на 0,84. Паказчыкі нашых суседзяў: Расея -0,75; Украіна -0,67; Літва +0,11; Польшча +0,14; Латвія +0,38.

У нашых новых сяброў у Вэнэсуэле гэты паказчык -1,05. Горш з хабарніцтвам сытуацыя толькі ў Іраку (-1,40), Афганістане і Паўночнай Карэі (па -1,45). Гэта лішні раз даказвае сувязь ідэяў сацыялізму, і стабільнай, рэгуляванай эканомікі з карупцыяй.

Паводле www.worldbank.org

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.