Бязвыбарная сытуацыя
Ярмошына прадбачыць выбары ў адзін тур
Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына паведаміла, што чарговыя выбары ў палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбудуцца, хутчэй за ўсё, 12 кастрычніка 2008 году. Пакуль няма ніякіх падставаў лічыць, што яны будуць чымсьці істотна адрозьнівацца ад папярэдніх.
Нагадаю, што ў 2004 годзе 108 са 110 дэпутатаў былі “абраныя” ўжо ў першым туры. Калі дакладней, яны былі абраныя яшчэ раней – у адміністрацыі прэзыдэнта, якая папросту зацьвердзіла сьпіс членаў палаты прадстаўнікоў. Цэнтарвыбаркам, не зважаючы на вынікі галасаваньня, абвесьціў уладальнікамі дэпутацкіх мандатаў загадзя вызначаных асобаў.
Фальшаваньні былі проста жудасныя. Прыкладам, у адной зь менскіх акругаў, паводле незалежнага сацыялягічнага дасьледаваньня, дырэктар знакамітага ліцэя Ўладзімер Колас набраў у першым туры 63%. Аднак выбаркам падаў зусім іншыя зьвесткі, паводле якіх перамог кандыдат ад улады.
Навошта ў такім выпадку было наогул праводзіць выбары, спытаецеся вы. Яны мусілі адыграць ролю шырмы – нібы ў нас таксама ўсё, як у людзей. Аднак Цэнтарвыбаркам перастараўся: 108 са 110 абраных ужо ў першым туры, прычым усе праўладныя – гэта абсалютна савецкі паказчык. У СССР, калі памятаеце, таксама былі “выбары”, на якіх непазьбежна перамагаў “блёк камуністаў і беспартыйных”.
У цывілізаваным сьвеце нашы выбары 2004 году ніхто не прызнаў. Такім чынам, дэпутаты атрымаліся, так бы мовіць, для ўнутранага карыстаньня.
Прыкладна такі ж вынік можна чакаць і ў 2008-м. Лідзія Ярмошына лічыць цалкам верагодным, што выбары дэ-факта адбудуцца ў адзін тур.
Улада, якая сьцьвярджае, што мае ўсенародную падтрымку, баіцца сумленных выбараў, як агню. Усе патрабаваньні зьмяніць выбарчае заканадаўства, каб зрабіць працэс больш дэмакратычным і празрыстым, адрынутыя. Паводле Ярмошынай, “такое пытаньне нават тэарэтычна не прапрацоўваецца”.
Цікава, чаму? Усё-ткі назваць вынікі папярэдняй кампаніі бездакорнымі не атрымліваецца. Усе намаганьні, каб прадстаўнікоў палаты дапусьцілі ва ўплывовыя міжнародныя арганізацыі кшталту Парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы і АБСЭ, былі бясплённымі. Дык можа, варта ўсё-ткі цьвяроза прааналізаваць, што мы зрабілі ня так?
Не, гэта ня наш шлях. Наш шлях – заявіць: вы самі дурні. Лідзія Ярмошына лічыць, што парлямэнты заходніх краінаў больш залежныя. І нават тлумачыць чаму – з-за прапарцыйнай сыстэмы выбараў (гэта калі дэпутатаў абіраюць паводле партыйных сьпісаў). На думку старшыні Цэнтарвыбаркаму, пабудова парлямэнту на падставе фракцыяў дыктуе жорсткую партыйную дысцыпліну, дзякуючы чаму ім лягчэй кіраваць.
Затое нашыя дэпутаты – цалкам самастойныя. І незалежныя. Ад сваіх выбарцаў. Бо амаль аднагалосна падтрымліваюць адмену сацыяльных ільготаў, якая пагоршыць становішча значнай часткі насельніцтва Беларусі.
Дэпутаты галасуюць так, бо ведаюць: хто зь іх застанецца на наступны тэрмін, будуць вырашыць ня выбаршчыкі, а Лукашэнка. А ён заявіў, што льготы трэба “ўпарадкаваць”. Пярэчыць кіраўніку дзяржавы, баронячы інтарэсы сваіх выбарцаў, практычна ніхто з “абраньнікаў народу” не наважыўся.
Але вернемся да міжнароднай сытуацыі. Лідзія Ярмошына прагназуе надзвычай вялікую палітычную ўвагу да нашых будучых выбараў з боку АБСЭ й іншых міжнародных арганізацыяў. “Напярэдадні больш яркія (цікавае прызнаньне!!! – заўв.рэд.) выбарчыя кампаніі адбудуцца ў нашых суседзяў – ва Ўкраіне й Расеі, – кажа старшыня Цэнтарвыбаркаму. – Таму ўвага АБСЭ спачатку будзе прыкаваная да гэтых дзяржаваў, а ў наступным годзе яны са сьвежымі сіламі возьмуцца за нас”.
Яны-то возьмуцца, а мы што ім прапануем? Чарговае шоў у стылі савецкай эпохі? Гэта пытаньне ня толькі да ўлады, але і ў бок апазыцыі. Дэмакратычныя сілы пакуль таксама не гатовыя прапанаваць пераканаўчую стратэгію на будучыя выбары. Выглядае, што некаторыя з партыйных лідараў проста чакаюць лепшага палітычнага надвор’я. А пакуль, на іх думку, шанцаў на посьпех няшмат, то й напружвацца ня варта.
Сытуацыя выглядае бязвыхаднай, ці, калі дазволіце, бязвыбарнай. Але яшчэ ёсьць час, каб яе зьмяніць: да пачатку выбарчай кампаніі застаецца крыху больш году – працэс вылучэньня стартуе 12 ліпеня 2008-га. Інакш нас ізноў чакаюць нудныя “выбары” з масавым датэрміновым галасаваньнем, абвінавачваньнямі ў фальсыфікацыях і пераможнымі сьпічамі Лідзіі Ярмошынай, а потым і Аляксандра Лукашэнкі. Але ці патрэбна нам наогул марнаваць грошы на такія выбары?