ПАМОЧНІК ЛЕВІТА
Да 120-годзьдзя Марка Шагала
Сёньня гэта падаецца дзіўным, але ўсяго дваццаць гадоў таму, напярэдадні стогадовага юбілею Марка Шагала, з Энцыкляпэдыі беларускай літаратуры й мастацтва быў выкінуты прысьвечаны яму артыкул. Гэта цяпер у Віцебску ёсьць дом-музэй Шагала, стаіць помнік мастаку. Тады, у 80-я гады, партыйнае кіраўніцтва забараняла згадваць ягонае ймя. Асабліва шчыраваў у барацьбе з Шагалам і прыхільнікамі ягонага таленту тагачасны кіраўнік Віцебскага абкама КПБ Грыгор’еў (ягоная кар’ера працягвалася і пасьля крушэньня камунізму — да нядаўняга часу ён займаў пасаду пасла Беларусі ў Маскве). Была нават запушчаная вэрсія, — днямі да яе зноў вярнулася былая партыйная газэта “Звязда” — быццам Шагал нарадзіўся ў мястэчку Лёзна, а ня ў Віцебску, у габрэйскім раёне Пескаватык. Відаць, ня ўпісвалася гэтая дэталь ў імідж савецкага абласнога цэнтру.
А той факт, што Францыя й Расея лічаць за гонар называць Шагала сваім мастаком, што ягоныя творы ўпрыгожваюць калекцыі амаль усіх буйных мастацкіх музэяў сталіц сьвету, толькі яшчэ больш раздражняў начальства. Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі толькі пару гадоў таму атрымаў у дарунак з-за мяжы адну з графічных работ майстра, што падавалася ў прэсе, зразумела, зь вялікай помпай.
Мастацтвазнаўца Любоў Базан, якая некалі працавала ў Віцебску, казала, што ў сьвеце ёсьць мала мастакоў, чыя творчасьць настолькі моцна прасякнутая ўспамінам пра родны горад, фактычна жывілася ім. Такім быў Шагал.
Дасьледчыкі лічаць, што прозьвішча ягонае паходзіць ад словаў Сеган Левіт, што азначала на іўрыце “памочнік левіта”. Саслоўе левітаў у старажытным Ізраілі займалася адпраўленьнем рэлігійных абрадаў. Бацька Шагала быў простым рабочым на рыбным заводзе. Маці, якая нарадзіла дзевяцёх дзяцей, не працавала. Біблейскія тэмы займалі заўважнае месца ў творчасьці мастака, нягледзячы на тое, што ён з радасьцю прыняў рэвалюцыю 1917-га году. А ў 1919-м у Віцебск прыехаў Казімір Малевіч са сваім УНОВІСам, і гэтыя “новыя мастакі” фактычна выжылі Шагала разам з каханай Бэлай ня толькі з мастацкай школы, якую ён узначальваў, але і з роднага Віцебску. (Дарэчы, школа стане Віцебскай мастацкай вучэльняй, у якой будзе вучыцца ў свой час Васіль Быкаў).
Спачатку Шагал зьехаў у Расею, адтуль – у Нямеччыну, потым у Францыю. Падчас вайны мастак цудам уратаваўся ад адпраўкі ў гітлераўскі лягер сьмерці. З дапамогай амэрыканскага журналіста яму ўдалося пераправіцца праз Гішпанію ў Партугалію, а адтуль – у ЗША. Пасьля вайны мастак зноў вярнуўся ў Францыю, дзе памёр на сваёй віле ў Сэн-Поль-дэ-Ванс. Кажуць, што ён памёр у ліфце ў той момант, калі той падымаўся ўгору.
На пачатку 70-х гадоў Шагал ненадоўга прыяжджаў у Савецкі Саюз, у Маскву. Але Віцебск наведаць не адважыўся. Бо баяўся ня ўбачыць гораду свайго дзяцінства. Ад даваеннага Віцебска практычна нічога не засталося.
Прыканцы 80-х – пачатку 90-х гадоў пачалося сапраўднае паломніцтва турыстаў на радзіму Шагала. Адна за адной здымаліся дакумэнтальныя фільмы, тэлеперадачы. Адным зь першых фільмаў пра віцебскі пэрыяд жыцьця й творчасьці мастака стала кінастужка беларускага рэжысэра Ўладзімера Бокуна “Калі Віцебск быў Парыжам”. На першы пленэр памяці Шагала з Францыі прыехаў яшчэ адзін знакаміты беларускі эмігрант – мастак Барыс Забораў.
Паступова ажыятаж скончыўся, перасталі здымаць фільмы й перадачы. А біяграфія Шагала, асабліва яе віцебскі пэрыяд (ды ўвогуле культурніцкі фэномэн Віцебску 18-га – пачатку 20-х гг.) усё яшчэ чакаюць свайго сапраўднага дасьледчыка. Таго, хто здолее канчаткова вярнуць беларускай культуры імя нашага выдатнага суайчыньніка.