ДЗЕ ПАСЛУХАЦЬ КНІГУ?

АЛЬБО НЯМА ЖАЎНЕРАМ СПАКОЮ…

18 чэрвеня на Эўрарадыё прагучала вялікае спэцыяльнае інтэрвію брытанскага пасла спадара Бэнэта. Само інтэрвію – рэч  добрая. Дзе яшчэ, як не на Эўрарадыё, паслухаць абазнанага эўрапейскага чалавека? Добра было б, каб гэткія гутаркі з эўрапейскімі людзьмі гучалі штодзень. Але мая прэтэнзія да перакладу англамоўнай гутаркі спадара Бэнэта. Журналісты, якія рыхтавалі гэты матэрыял, спадары Панямонаў і Руся зрабілі так: пытаньні гучалі па-беларуску, а пераклад адказаў гучаў чамусь па-расейску. Гэта ж ня быў сынхронны пераклад у простым этэры. Таму, мне здаецца, не было вялікай цяжкасьці падрыхтаваць беларускамоўную вэрсію адказаў пасла. Тым больш, што на заканчэньне інтэрвію сам брытанскі пасол для слухачоў задэклямаваў любімы верш менавіта на беларускай мове.

На мінулым тыдні і Радыё Свабода, і Радыё Рацыя паведамілі навіну, што “на беларускай мове выйшла першая аўтарская аўдыёкніга – Уладзімер Арлоў, “Час чумы”. Цудоўна, што выйшла. Але дзеля справядлівасьці я мушу адзначыць, што ў Беларусі ўжо даўно выпускаюцца беларускамоўныя аўдыёкнігі, праўда, не на дысках, а на касэтах. Беларускае таварыства сьляпых штомесяц рыхтуе новую аўдыёкнігу. У фанатэках можна ўзяць і паслухаць і Караткевіча, і Ермаловіча, і Гілевіча… Можа быць, знойдзецца ахвочы дапамагчы Таварыству сьляпых наладзіць пераклад аўдыёкніг з касэт на дыскі? Усім было б дарэчы – і відушчым, і невідушчым аматарам паслухаць кнігу на добрай літаратурнай мове.

18 чэрвеня на Эўрарадыё ў выпуску навінаў Вікторыя Лукашук казала пра Талін, пра раскопкі на месцы пахаваньня савецкіх жаўнераў. От, няма спакою тым бедным нябожчыкам ад расейскіх палітычных далакопаў! Але наша заўвага не пра гэта, а пра мову. Журналістка чамусьці некалькі разоў прамовіла не жаўнЕр, а жаўнЭр. Чаму так? Ёсьць жа прозьвішчы Жаўнерчык, Жаўняровіч, і ўтвораны яны маглі быць толькі ад слова жаўнЕр.

Сяржук Вітушка

Водгукаў на публікацыю “ДЗЕ ПАСЛУХАЦЬ КНІГУ?”: 62

  1. Андрэй кажа:

    Мушу зазначыць, што Беларускаму таварыству сляпых - дакладней Беларускаму таварыству інвалідаў па зроку (”БелТІЗ”) дзяржава выдзеліла 40 мільёнаў руб. на развіццё агучанай літаратуры (з нагоды 80-годдзя “БелТІЗа”). Але ўсе гэтыя сродкі былі разбэшчаны. Карыстаючыся вялікімі падаткавымі ільготамі, прыкрываючыся “заботай о слепых” кіраўнікі гэтага грамадскага аб’яднання зарабляюць грошы на запісах кніг, парушаючы ўсе законы аб аўтарскіх правах. Ім нічога новага ня трэба - ім добра і так.

Пакінуць водгук

Каб пакінуць свой водгук, Вы павінныя падлучыцца.