Ці могуць паразумецца Зянон Пазьняк і Аляксандар Мілінкевіч?
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР:
“З ГЭТАГА МАГЛО Б НЕШТА ВЫЙСЬЦІ”
Мне цяжка сказаць. Можа, каб Мілінкевіч зрабіў першы крок… Справа ў тым, што Пазьняк вельмі ганарлівы чалавек. І ён першага кроку ня зробіць. Вы ведаеце, я менш блізкая з Пазьняком, чым, магчыма, вам падаецца там, у Беларусі. І хоць мы спатыкаемся нармальна і паводзім сябе нармальна, але ён уважае, што я недастаткова прыслухоўваюся да ягоных думак. І з-за гэтага час ад часу маем невялікія дыскусіі. Але я яго моцна паважаю, безумоўна, як чалавека. І я сапраўды думаю, што каб дайшло да згоды паміж Мілінкевічам і Пазьняком, з гэтага магло б нешта выйсьці. Была б карысьць. Але ініцыятыва павінна ісьці ад Мілінкевіча. Я адзінае чаго баюся – што Пазьняк не саступіць ні на адзін сантымэтар сваіх пазыцыяў. А якраз тое, што мне падабаецца ў Мілінкевічу, гэта ягоная памяркоўнасьць. Прынамсі, адсюль так здаецца. Дзеля гэтага баюся, што Пазьняк будзе намагацца накідаць свае думкі так, як ён стараецца накінуць іх мне. Ён чалавек вельмі прынцыповы й бескампрамісны. Яго вельмі цяжка ў нечым пераканаць. А на маю думку, у цяперашняй Беларусі трэба забыцца на тое, што “толькі я маю рацыю й ніхто іншы”. Трэба ўмець знаходзіць супольную мову. Трэба спачатку будаваць дом, а пасьля дзяліць яго.
Юрась Беленькі, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ:
“ПАРАЗУМЕНЬНЕ НЕМАГЧЫМАЕ”
Я думаю, што паразуменьне немагчымае па той простай прычыне, што Зянон Пазьняк стаіць на пазыцыях нацыянальнага адраджэньня, на пазыцыях пабудовы нацыянальнай беларускай дзяржавы. А Мілінкевіч – інструмэнт у чужых руках, які адпрацоўвае пэўныя праекты. Як напісаў Паўлюк Быкоўскі ў “Беларускім рынку”, “на Кангрэсе дэмакратычных сіл адбылася канкурэнцыя праектаў заходніх сяброў беларускай дэмакратыі”. І спадар Мілінкевіч – яркі прадстаўнік такіх сяброў. Ён не самастойны ў палітыцы. Гэта чалавек ня той, за каго яго прымаюць людзі. І мы ж ведаем перадгісторыю працы гэтага чалавека. Спадар Мілінкевіч вельмі эфэктыўна папрацаваў па развалу Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ. Таму якое можа быць паразуменьне зь людзьмі, якія працуюць у супрацьлеглым накірунку і маюць супрацьлеглыя мэты? Спадар Мілінкевіч ня ёсьць, як ён сам прадстаўляе сябе, прадстаўніком беларускага нацыянальнага адраджэньня, беларускіх нацыянальна-дэмакратычных сіл.
Васіль, сельскі настаўнік:
“У НАС НЯМА ТРАДЫЦЫІ ЗНАХОДЗІЦЬ АГУЛЬНУЮ МОВУ”
Гэта было б цудоўна. Ідэальны варыянт! Але ж у нас няма такой традыцыі – знаходзіць агульную мову дзеля галоўнай мэты. У нас ёсьць іншая традыцыя — сварыцца з-за дробязяў, ахвяраваць галоўным дзеля часовага. Таму думаю, што нашы самыя нацыянальныя палітыкі застануцца самымі вернымі старым традыцыям.
Уладзімер Крукоўскі, мастак:
“БЕСКАМПРАМІСНАСЬЦЬ УЛАСЬЦІВАЯ НЕ АДНАМУ ПАЗЬНЯКУ”
Немагчыма. З-за бескампраміснасьці Пазьняка. Чалавек бескампрамісны – ён у нечым заўсёды абмежаваны. Кампраміс прадугледжвае шырыню погляду, мноства варыянтаў. Каб я пра гэта пачуў, я б вырашыў, што не Мілінкевіч памяняўся — я б падумаў, што зь Зянонам цуд адбыўся. Але гэтая бескампраміснасьць уласьцівая не аднаму Пазьняку, але ўсім адраджэнцам першай хвалі. Тут і асабістая крыўда, і, часам, перабольшаньне сваёй ролі, і крытычнае бачаньне ў іншых неадпаведнасьці нейкаму ідэалу. Тут многа ўсялякіх фактараў. Пазьняк такі не адзін. Чыста псыхалягічна тыя, хто былі першымі, адчуваюць заўжды большую рацыю.
Павал Мажэйка, прэс-сакратар Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў:
“НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ПАЛІТЫКАМ НЯМА ЧАГО ДЗЯЛІЦЬ”
Саму пастаноўку пытаньня я асабіста лічу надуманай і не зусім актуальнай сёньня. Палітыкам, якія пранацыянальныя, прабеларускія, няма чаго дзяліць. І больш за тое, сёньня ўвесь цэнтрысцкі і правы край беларускай апазыцыі атаясамляецца выключна зь Мілінкевічам. Сапраўды, Пазьняк неаднаразова даваў вельмі рэзкія ацэнкі сытуацыі ў Беларусі і стану беларускай апазыцыі. Натуральна, ён мае на гэта права. Магчыма, гэтая ягоная рэзкасьць зьвязаная з тым, што ён інфармацыю пра Беларусь чэрпае альбо з прэсы, альбо з інтэрнэту, альбо ад тых людзей, зь якімі сустракаецца. Можа, ён не да канца адчувае тое, што адбываецца ў Беларусі. Зь іншага боку, Мілінкевіч неаднаразова падкрэсьліваў, што высока цэніць Пазьняка — і як навукоўца, і як адраджэнца, і як палітыка. Ён гэтай сваёй пазыцыі не хавае. Ён заўсёды быў прыхільнікам сустрэчы і дыялёгу ў справах Беларусі.
Канстанцін, мэнэджэр:
“НАКОЛЬКІ МІЛІНКЕВІЧУ ПАТРЭБНАЕ ТАКОЕ ПАРАЗУМЕНЬНЕ?”
Як мне здаецца, Пазьняк зараз увасабляе ў сабе артадаксальнага беларуса. І Мілінкевіч зрабіў шмат, каб ад гэтага паразуменьня адыйсьці — ад усіх гэтых заклікаў: “прыходзьце на нашае сьвята!”. І калі Пазьняк мае аўтарытэт духоўны, нягледзячы ні на што, дык Мілінкевіч зараз фігура больш адміністратыўная. І гэты ганебны кангрэс таксама паказаў, што Мілінкевіч ня мае ніякага рэсурсу, акрамя яго прэзыдэнцкай кампаніі. І асноўны раскол паміж Мілінкевічам і ўсімі астатнімі адбыўся вакол пытаньня: “Хто нас будзе прадстаўляць у Эўразьвязе?”. І наколькі Мілінкевічу патрэбна падтрымка ў паразуменьні з Пазьняком? Цяжка сказаць. Пазьняку, здаецца, такое паразуменьне ўвогуле непатрэбна.
Сяргей Навумчык, журналіст, паплечнік Пазьняка:
“ГЭТА АСОБЫ РОЗНАГА МАШТАБУ”
Думаю, што калі гаворка пра нейкі палітычны альянс, а не, скажам, абмеркаваньне вартасьцяў літаратурнага твору – дык немагчыма. Падаецца, гэта асобы рознага маштабу (найперш у гісторыі), і ў іх занадта розныя палітычныя ўстаноўкі і спосабы дзеяньня. Праўда, гады паўтары таму, яшчэ да выбараў, Мілінкевіч падчас прыезду ў Прагу папрасіў мяне пагутарыць з Пазьняком наконт іх сустрэчы. Магчыма, ён быў зацікаўлены ў такой гутарцы ў сувязі з выбарамі. Зянон Станіслававіч пагадзіўся сустрэцца, але, ведаю дакладна, на кантакт з Пазьняком Мілінкевіч ні тады, ні пазьней , не выходзіў. Ні ў Варшаве, ні ў Амэрыцы. Можа, неабходнасьць адпала, а магчыма, Мілінкевічу давялося б тлумачыць, чаму ён заставаўся ў сыстэме лукашэнкаўскай улады яшчэ ў 1996 годзе, калі годам раней той жа Пазьняк быў жорстка зьбіты ў залі парлямэнту па загадзе Лукашэнкі. Стаўленьне Пазьняка да Мілінкевіча вядомае зь ягоных апошніх заяваў. Увогуле, падаецца, што ацэнка Пазьняком якога заўгодна палітыка шмат у чым абумоўленая стаўленьнем гэтага палітыка да Расеі. І калі Пазьняк кажа, што Беларусь ніколі ня ведала ад Масквы нічога добрага і наўрад ці калі-небудзь атрымае, дык трэба памятаць, што гэта ня толькі гістарычны вопыт нацыі, але й “генэтычная памяць” сям’і Пазьняка, ягонага роду (чытайце кнігу “Вялікае Княства”). Празьмерная даверлівасьць палітыкаў занадта дорага каштавала Беларусі ўвосені 96-га. Над папераджальнымі лістамі Пазьняка да Шарэцкага тады сьмяяліся. Потым кусалі локці. Ёсьць і яшчэ адзін момант. Палітычная апазыцыя, якую ўзначальваў Пазьняк і якая дамаглася аднаўленьня Незалежнасьці, не атрымлівалі ні цэнта дапамогі, ніадкуль. Усё было зроблена ўласнымі сіламі. Пазьняк – зь ліку тых лідэраў, якія перакананыя, што беларуская палітыка можа рабіцца толькі на беларускія сродкі.
Павал Севярынец, лідэр Маладога Фронту:
“ПАРАЗУМЕНЬНЕ ПАТРЭБНАЕ”
Адкажу адным словам. Трэба. Паразуменьне патрэбнае, бо гэтыя два палітыкі ўвасабляюць нацыянальны рух. Нацыянальны рух зараз нямысьлімы як без Зянона Пазьняка, так і без Аляксандра Мілінкевіча. Тое, што яны дагэтуль разьяднаныя, тое, што робяцца ня вельмі прыемныя заявы, гэта, безумоўна, шкодзіць усяму нацыянальнаму руху. Таму вельмі хацелася б папрасіць гэтых людзей… Я не магу ім раіць, бо ня маю такога маральнага права… Але папрасіць пра ўзаемную ўдзячнасьць і ўзаемную павагу. Бо, мне здаецца, толькі пры ўзаемадзеяньні руху “За Свабоду”, КХП БНФ і ўсіх частак нацыянальнага руху будзе магчымае нацыянальнае адраджэньне.
June 23, 2007 у 14:55
Не думаю, что эти сучьи дети смогут ужиться в одной банке.
Скорее Лука с Кадализой догориться!