НАШ ДЭМАРШ МАНДЭЛЬСОНУ
Улады РБ рыхтуюць новы наступ на прафсаюзы
З 21 чэрвеня Беларусь губляе права на гандлёвыя льготы пры экспарце тавараў у краіны Эўразьвязу. Камісар ЭЗ у справах гандлю Пэтэр Мандэльсон патлумачыў рашэньне тым, што «Беларусь ігнаруе стандарты Міжнароднай арганізацыі працы». Паводле ягоных словаў, пасьля выключэньня Беларусі з сыстэмы прэфэрэнцыяў на нашу краіну будуць распаўсюджвацца стандартныя імпартныя мыты, якія на 3 % вышэй за льготныя.
Выключэньне Беларусі з АСП закране прыкладна 10 % беларускага экспарту ў ЭЗ. Да самага апошняга часу афіцыйны Менск рабіў выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Апошняе рашэньне ЭЗ улады РБ публічна праігнаравалі, як “не заўважылі” дагэтуль і рашэньня Міжнароднай арганізацыі працы ўлучыць Беларусь у так званы “спэцпараграф”, што дало падставу пазбавіць краіну прэфэрэнцыяў. Прадстаўнік МЗС Беларусі нават гаварыў пра посьпехі афіцыйнай дэлегацыі Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай на канфэрэнцыі ў Жэнэве, дзе ўдалося, нібыта, паразумецца з МАП ва ўсіх пытаньнях і раскрыць “новыя далягляды” ў міжнародным супрацоўніцтве.
Аб тым, як выглядае сытуацыя насамрэч — у артыкуле нашага карэспандэнта.
Урад РБ ня змог пераканаць Міжнародную арганізацыю працы ў тым, што ён выконвае рэкамэндацыі яе камісіі, атрыманыя яшчэ ў 2004 годзе.
Адна з рэкамэндацыяў МАП патрабуе зьмяніць заканадаўства аб прафсаюзах, каб яно адпавядала міжнародным нормам, і найперш — Канвэнцыі МАП “Аб свабодзе аб’яднаньня”. Гэта значыць, што работнікі могуць аб’ядноўвацца ў саюзы добраахвотна, без дазволу з боку ўладаў і без умяшаньня з боку наймальнікаў.
Зрабіўшы выгляд, быццам гэтыя рэкамэндацыі ўлічваюцца, урад РБ распрацаваў новы праект Закона аб прафсаюзах. Аднак, экспэрты, якія пазнаёміліся з праектам, лічаць, што гэты закон толькі пагоршыць сытуацыю прафсаюзаў — у першую чаргу, тых, што не ўваходзяць у склад ФПБ.
З 50-і артыкулаў праекту 11 тычацца рэгістрацыі прафсаюзаў, якая па-ранейшаму будзе залежаць ад дазволу ўладаў (чыноўнікаў), якія могуць яго й ня даць.
Захавалася патрабаваньне юрыдычнага адрасу для прафсаюзаў і іх структураў.
У праект улучаны новы разьдзел — 5-ы, дзе падрабязна апісваюцца выпадкі, у якіх можна прыцягнуць прафсаюзы да адказнасьці за невыкананьне іх уласных статутаў. Гэтыя нормы былі ўнесеныя ў праект па аналёгіі з законам аб палітычных партыях і прадугледжваюць непасрэднае ўмяшаньне рэгіструючых органаў у статутную дзейнасьць прафсаюзаў.
Парадак стварэньня прафсаюзнай арганізацыі настолькі складаны, што нават тыя прафсаюзы, якія ўжо дзейнічаюць, павінны будуць прайсьці новую рэгістрацыю з падачай сьпісу заснавальнікаў.
У законапраекце не прадугледжаны міжпрафэсійны прынцып аб’яднаньня. Гэта азначае, што работнікі розных прафэсіяў, розных галінаў ня змогуць аб’ядноўвацца ў прафсаюзы. Акрамя таго, яны дзеляцца ў законапраекце на “прадстаўнічыя” і тыя, што ня маюць “прадстаўнічасьці”. Гэта не адпавядае Канвэнцыі МАП.
Міністэрству юстыцыі й яго тэрытарыяльным органам надаецца права кантраляваць дзейнасьць прафсаюзаў.
Такім чынам, робяць выснову экспэрты, урадавы праект Закона аб прафсаюзах мае адзіную мэту — ліквідаваць прафсаюзы, якія не ўваходзяць у ФПБ, і ня мае нічога агульнага з рэкамэндацыямі МАП.
Гэты прыклад адлюстроўвае пазыцыю ўраду РБ у галіне “супрацоўніцтва” ня толькі з МАП, але з многімі іншымі міжнароднымі арганізацыямі. З аднаго боку, улады нібыта абяцаюць выконваць усе патрабаваньні й рэкамэндацыі, а з другога — усё застаецца па-ранейшаму. Ці нават, як у згаданым вышэй выпадку, сытуацыя пагаршаецца. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што міжнародная супольнасьць вымушаная рабіць высновы й пераходзіць ад размоваў да рашучых дзеяньняў.
Пасьля таго, як Беларусь патрапіла ў спэцпараграф Дакладу Міжнароднай канфэдэрацыі працы, Эўразьвяз адразу прыняў рашэньне аб скасаваньні з 21 чэрвеня для нашай краіны льготаў у гандлі з краінамі ЭЗ.
«Эўракамісія чакае ад Беларусі выкананьня забавязаньняў як сябра МАП і павагі да асноўных правоў прафсаюзаў. Прафсаюзы павінны дзейнічаць свабодна і бяз вонкавага ўмяшаньня ў іх справы”, — гаворыцца ў заяве прэс-службы Эўразьвязу.
Зразумела, афіцыйная прапаганда РБ паспрабуе зараз абвінаваціць незалежныя прафсаюзы ў санкцыях ЭЗ супраць Беларусі. Аднак, нават павярхоўны аналіз сытуацыі, як гэта вынікае з гісторыі з законапраектам аб прафсаюзах, дазваляе вызначыць сапраўдных вінаватых. Гэта — самі ўлады. Толькі яны нясуць адказнасьць за тое, што дагэтуль у Беларусі не забясьпечваюцца правы грамадзянаў, гарантаваныя, дарэчы, Канстытуцыяй РБ.
Вось толькі плаціць за гэта цяпер давядзецца ў тым ліку й звычайным працаўнікам. Напрыклад — рабочым прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці, на чыіх заробках пазбаўленьне прэфэрэнцыяў адаб’ецца ў першую чаргу. З другога боку, можа быць, гэта падштурхне працаўнікоў да таго, каб патрабаваць ад уладаў выкананьня міжнародных канвэнцыяў?
Тым больш, што Эўразьвяз пакуль пакідае дзьверы адчыненымі: «Як толькі Беларусь выканае свае забавязаньні ў рамках МАП, Эўракамісія выступіць з ініцыятываю аднавіць для яе гандлёвыя льготы ў рамках Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў», - гаворыцца ў заяве прэс-службы ЭЗ. Так што шанец для нас застаецца. Ці захочам мы ім скарыстацца?