Звычайны патрыятызм
Не дае мне спакою амбівалентнасьць як жа многіх рэчаў – сёньня яны такія, заўтра ўсё наадварот. Рэлігійнасьць з пропаведзі ўсеагульнай любові можа пераўтварыцца ў напоўнены нянавісьцю фанатызм. Фэмінізм ад змаганьня за вызваленьне жанчыны перайшоў да барацьбы з жаночай сутнасьцю. Здаровы патрыятызм перараджаецца ў здаравенны. Патрыёт увогуле вельмі своеасаблівы біялягічны тып.
Патрыёт ня проста жыве – ён ускладае сваё жыцьцё на Алтар Айчыны. Патрыёт пастаянна нешта нясе – сьцяг, штандар або паходню. Зь ягоных вуснаў не сыходзяць словы кшталту “сьвяты”, “Бацькаўшчына”, “продкі” і г.д. Патрыёты змушаны несупынна кудысь крочыць “шчыльнымі радамі”. Мабыць, таму, што калі прысядуць, тут жа пачынаюць грызьціся міжсобку.
Кажуць, увесь сьвет аблытаны таемнай сеткай масонаў. Ня ведаю, як масоны, але патрыёты ўсіх краін маюць нябачны Інтэрнацыянал. І сочаць, каб калегі з суседніх краін не засталіся бяз працы.
У нас у Літве таксама ёсьць апазыцыя, партыя кансэрватараў. Толькі, у адрозьненьне ад Беларусі, тут лідэр сядзіць не ў турме, а ў Сойме. І ў тэлевізары. Але часам бывае так, што лідэра ажно два, а то й тры дні не паказваюць на тэлеэкране. Тады ён узграмольваецца на трыбуну і зьвяртаецца да нацыі з палымянымі папярэджаньнямі аб расейскай пагрозе. І з патрабаваньнямі кампэнсацыі за страты, прынесеныя акупацыяй. Тут жа ў расейскай Думе прачынаюцца свае патрыёты – а хто вам вярнуў Вильно и Клайпедский край? А колькі каштавала Ігналінская АЭС, і так далей, і так далей. У Вільні каля расейскага пасольства зьяўляюцца сівавалосыя пікетчыкі, у Маскве каля літоўскага – жаўтаротыя “наши”. І ўсе мільгаюць у тэлевізары. Праз тыдзень усё супакойваецца – да наступнага разу.
Усім памятны патрыятычны закалот вакол “бронзавага салдата” ў Таліне. Там патрыёты з абодвух бакоў мяжы атрымалі “аргазм” па поўніцы. Між тым, у падмаскоўных Хімках такога ж бронзавага салдата і магілы побач таксама перанесьлі з гораду на могілкі. Толькі ў адрозьненьне ад Эстоніі парэшткі герояў не даехалі да новага месца спачынку. Згубіліся ў дарозе. І што на гэта расейскія патрыёты? А нічога.
Патрыятычная філязофія вельмі простая: наш народ найлепшы на сьвеце, але суседзі-сволачы жыць не даюць. І для кожнага суседа ласкавае слоўца маецца – маскалі, хахлы, пшэкі, лабусы. (Цікава, што ў літоўскай мове такіх мянушак не было ніколі!) Але ўсіх нядобразычліўцаў па подласьці й шкадлівасьці пераўзыходзяць габрэі, жыды. Пры адным узгадваньні гэтага народу ў любога патрыёта палымнеюць вочы, выпінаецца грудзіна, ён бы іх голымі рукамі…
Патрыёт усё робіць для дабра сваёй Айчыны. Чамусь, аднак, атрымліваецца наадварот.
У войску я меў сябра чачэнца. Потым ён стаў інструктарам турызму. Там быў рай – чыстае горнае паветра, старажытныя вежы, крышталёвыя рэкі. Цяпер намаганьнямі чачэнскіх патрыётаў і іхных імпэрскіх калег-супернікаў там – пекла. Калі не назаўсёды, дык на час жыцьця цэлага пакаленьня. Ці жывы цяпер мой сябра?
Як несьці паходню, каб не падпаліць уласны дом? Як несьці сьвятарны штандар, каб ён не заляпіў вочы й ня ўбіцца ў дрыгву?
Здаецца, я зразумеў, чаму патрыёты ходзяць шчыльнымі радамі. Бо там, дзе цесна, можна працаваць толькі языком. А нешта канкрэтна-намацвальнае, рукамі, інтэлектам яны ня ўмеюць.
Патрыятызм павінен быць. Ні адзін народ не прайшоў бы праз стагодзьдзі без патрыётаў. Але патрыятызм – як бялізна. Трэба дбаць пра чысьціню, але не дэманстраваць публічна.
І будзьце асьцярожныя з патрыётамі. Патрыятызм – гэта сьвятарная карова, якая, калі яе закрануць, ператвараецца ў разьюшанага быка.
June 23, 2007 у 16:07
“Патрыятычная філязофія вельмі простая: наш народ найлепшы на сьвеце, але суседзі-сволачы жыць не даюць.” Вельмі прымітыўна!Насамрэч усё нашмат складаней!!!